У Новы год — з кнігай

Напярэдадні навагодніх святаў адчыняюцца кніжныя крамы, прэзентуюцца выданні і ладзяцца аўтограф-сесіі

Напярэдадні навагодніх святаў адчыняюцца кніжныя крамы, прэзентуюцца выданні і ладзяцца аўтограф-сесіі

Пад канец Года кнігі Міністэрства інфармацыі ініцыявала  незвычайную акцыю — “Вялікія калядныя сустрэчы з кнігай”. Падчас акцыі з сярэдзіны снежня да сярэдзіны студзеня ў вялікіх і малых гарадах краіны праходзіць шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных кнізе і чытанню.

У Брэсце, у прыватнасці, адкрыўся новы кніжны аддзел у салоне-краме “Сябрына”, у Наваполацку і іншых гарадах Віцебскай вобласці прайшла  акцыя “Падары дзецям кнігу” па зборы літаратуры для дяцей-сірот, у Лідзе былі праведзены конкурс і  віктарына  для школьнікаў “Ад зерня — колас, ад кнiгi — веды” і многае іншае. Што-дзень сустрэчы пісьменнікаў з чытачамі, арганізацыя кніжных выстаў, прэзентацыі кніг...

Да прыкладу, учора ў кніжнай краме “Прэзентацыя” выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” адбылася прэзентацыя ўнікальнай энцыклапедыі беларускай нацыянальнай кухні “Смачна есці”. Кніга ўжо прэзентавалася — вясною, калі яна толькі выйшла ў свет. Супрацоўнікі выдавецтва вырашылі пад канец года яшчэ раз нагадаць пра ўнікальнае выданне, запрасіўшы гэтым разам чарговую прэзентацыю навучэнцаў Мінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа кулінарыі.

Прэзентацыя стала добрым перадкалядным падарункам для гасцей імпрэзы і карысным урокам для студэнтаў. Укладальнікі кнігі не толькі расказалі, як складалася кніга, але і падзяліліся некаторымі рэцэптамі і раскрылі сакрэты беларускай кухні.  Расказалі, да прыкладу, што італьянскую лазанню беларусы гатавалі ўжо ў XVII стагоддзі — называлася такая страва “лазанкі”. Што любімай стравай у беларусаў доўгі час былі не дранікі і мачанка, а вараны гарох і квашаная капуста. Што крупнік — гэта зусім не суп, ці поліўка, як многія думаюць, а алкагольны напой на аснове  гарэлкі з дабаўленнем мёду і зёлак, які перад тым як выпіць падпальвалі.

— Выданне адметнае тым, што ў ім няма модных рэцэптаў з інгрэдыентамі, якія цяжка знайсці ў супермаркетах, — расказала  рэдактар рэдакцыі літаратуры і мастацтва выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”, адна з укладальніц кнігі “Смачна есці” Кацярына Лабецкая. — У стравах выкарыстоўваюцца толькі беларускія садавіна і гародніна — буракі, бульба, морква, агуркі і іншае. Кніга ўключае рэцэпты старадаўняй і сучаснай беларускай кухні. Як мы іх збіралі? У нашым выдавецтве працуе шмат жанчын, у якіх ёсць матулі і бабулі. Многія  рэцэпты збіралі з уласных запісных кніжак, глядзелі таксама гістарычную літаратуру, раіліся з Алесем Белым — чалавекам аўтарытэтным у справе кулінарыі. Ён жа склаў прадмову да кнігі.

Вялікія калядныя сустрэчы з кнігай —  гэта магчымасць не толькі пазнаёміцца з пісьменнікамі, узгадаць самыя яркія кніжныя жамчужыны гэтага года, але таксама набыць унікальныя выданні пад ёлку сваім родным і знаёмым.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter