Интервью с белорусским писателем Андреем Федоренко

У мяне няма лiтаратурных ворагаў

Iмя пiсьменнiка Андрэя Федарэнкi — знаёмае не толькi на Беларусi...

Iмя пiсьменнiка Андрэя Федарэнкi — знаёмае не толькi на Беларусi, яго творы перакладаюцца на розныя мовы, iх можна знайсцi ў хрэстаматыях i анталогiях... Хаця аўтара яшчэ нiяк нельга назваць старым, i на вобраз классiка, старэчу з сiвой барадой, ён не цягне. Зато часам Андрэя называюць «традыцыяналiстам», прадаўжальнiкам «звыклай» беларускай прозы, што адны расцэньваюць станоўча, а другiя ўпiкаюць, што не схiльны да эксперыментаў.


А Андрэй проста пiша так, як лiчыць патрэбным, як дыктуе яму талент. Пiша, пазбягаючы тлумных тусовак i неахвотна згаджаючыся на iнтэрв’ю. Пры гэтым кожны ягоны твор выклiкае рэзананс, крытыкi спрачаюцца, а чытачы проста рады атрымаць чарговую якасную кнiгу... Што яшчэ больш важна, бо якасць тэкста сёння сустракаецца рэдка — за мастацкую лiтаратуру могуць выдаць што заўгодна, у эпоху блогасферы само паняцце пiсьменнiцкага стылю страчвае сэнс.


Нагадаю вядомыя творы пiсьменнiка: аповесць для падлеткаў «Тры талеры», якая была экранiзаваная, аповесць «Вёска» пра сучасных сяльчанаў, раман «Нiчые», якi адлюстроўвае малавядомыя старонкi нашай гiсторыi пачатку мiнулага стагоддзя, раман «Рэвiзiя» — пра пакаленне, якое прыйшло ў лiтаратуру ў часы перабудовы...


На гэтую гутарку Андрэй Федарэнка таксама згаджаўся, скажам так, паступова.


— У тваiм апавяданнi «Мыла» герой упарта кожны дзень кладзе да агульнага ўмывальнiка кавалачак мыла, нягледзячы на тое, што яго ўкрадуць. Ты параўноўваеш учынак героя з пiсьменнiцтвам... Няўжо нiкому цяпер не патрэбна добрая лiтаратура i нiчога яна не зменiць?


— Лiтаратура вельмi доўгi час выконвала чужыя, неўласцiвыя ёй функцыi. Яна старалася ахапiць усё на свеце, адначасова была i прыгожым пiсьменствам, i займальным чытвом, i гiсторыяй, i рэлiгiяй, i этыкай, i эстэтыкай, i педагогiкай, i эканомiкай, i псiхатэрапiяй, i iдэалагiчнай зброяй — карацей, гэткiм унiверсальным монстрам, гiдрай з сотняю галоў. Паступова з развiццём камп’ютарызацыi функцыi яе звужалiся, i цяпер яна пачынае займаць сваю адносна сцiплую нiшу, рабiцца «адной з» — ну, скажам, як акадэмiчная грэбля ў спорце. I хто вiнаваты, што ў гэтага, несумненна, прыгожага вiда спорту не так многа заўзятараў?


— Ты сярод нямногiх, хто пiша пра сучасную вёску. Гэтую тэму можна рэанiмiраваць? Якая яна, цяперашняя вёска? Кажуць, нават Мележ апiсваў не сапраўднае сялянскае жыццё, а свае падлеткавыя ўражаннi аб iм. А вёска ў глыбiнным значэннi гэтага слова, з традыцыйным укладам жыцця земляроба, ужо знiкла.


— Мая нiбыта «вёска» такi ж фантом, як замкi Караткевiча цi фальклорныя ўкраiнцы–парубкi Гогаля. Я ствараю свой, у прынцыпе, паўфантастычны, нерэальны свет, мне падабаецца прыгожае беларускае абстрактнае слова «вёска», калi–нiкалi я пасяляю ў гэтую абстракцыю сваiх выдуманых герояў. Маю «вёску» можна смела пераносiць у Канаду, Iспанiю цi да падножжа Фудзiямы. Дарэчы, не так даўно маё гэтак званае вясковае апавяданне выйшла на японскай мове ў зборнiку «Фантастыка Усходняй Еўропы».


— Ты кажаш пра стварэнне нерэальнага свету нават у самым сваiм рэалiстычным творы... Выходзiць, можна ў лiтаратуры хлусiць?


— Нельга. Хлусiць можна ў палiтыцы, у бiзнесе, у каханнi, у медыцыне, у рэлiгii, але калi будзеш хлусiць у лiтаратуры, яна, як лакмусавая паперка, iмгненна зменiць колер i такiм чынам выставiць тваю хлусню на ўсеагульны агляд.


— Цябе практычна немагчыма пабачыць у тусоўках у так званым лiтаратурным працэсе. Дарэчы, ты адрознiваеш лiтаратурную творчасць i згаданы працэс?


— Лiтаратурная творчасць — гэта самарэалiзацыя, тое, што «для сябе», а лiтаратурны працэс — тое, што для iншых, «на продаж».


— Мы належым да аднаго пакалення, так званых «тутэйшых», пачыналi ў перабудовачныя гады, пачыналi выдавацца ў эпоху, калi кнiжкi практычна не выходзiлi. Часта даводзiлася чуць нараканнi, что наша пакаленне засталося па–за ўвагай крытыкаў. У Расii кажуць пра змену элiт у лiтаратуры, пра агульны арыенцiр на маладых i стомленасць iстэблiшмента. Як ты бачыш гэтую змену ў беларускай лiтаратуры?


— У нас таксама яна адбываецца, гэтая змена, я сачу за ёю з цiкавасцю i з радасцю: даўно пара! Прыходзiць новае пакаленне пiсьменнiкаў — адукаваных, па–сапраўднаму еўрапейскiх, якiя ведаюць замежныя мовы (напрыклад, Вiктар Марцiновiч, кнiга «Сфагнум» якога нарабiла столькi шуму, ведае iх ажно пяць!). Яны ствараюць як бы «экспартны варыянт» беларускай лiтаратуры, i гэта апраўдвае сябе — iх кнiгi карыстаюцца попытам, iх перакладаюць за мяжою; раман «Сфагнум» В.Марцiновiча неўзабаве выйдзе ў Амерыцы, у Расii, Германii, Швецыi i Фiнляндыi! Можна назваць яшчэ некалькi iмён. Беларусь можа толькi ганарыцца такой лiтаратурнай генерацыяй.


— Цi бывае ў лiтаратурных колах сапраўднае сяброўства?


— У мяне асабiста ў гэтым плане шчаслiвы лёс — няма нiводнага лiтаратурнага ворага. Затое многа сяброў. Бывае, мы сварымся на ўзроўнi «як ты можаш крытыкаваць маю генiяльную рэч?!», потым выпiваем па сто, смяемся, начыста забываем «генiяльную рэч», абдымаемся i пачынаем пра рыбалку, футбол, пра лес i пра баб...


— Выходзiць, ты схiльны вырашаць усе канфлiкты мiрным шляхам... А цi даводзiлася бiцца? Цi ёсць нешта такое, за што абавязкова трэба даваць па мордзе?


— Падлеткам бiўся люта, да страты прытомнасцi, прычым выбiраў самага большага, самага моцнага, самага агрэсiўнага. Няцяжка здагадацца, чым тыя бойкi канчалiся. Але потым, прыкладна пасля армii, у мяне да гэтай справы ўзнiкла фiзiчная агiда, i з таго часу я лiчу, што нi пры якiх абставiнах нельга падымаць руку на чалавека. Адзiнае выключэнне — калi трэба за кагосьцi заступiцца. Не за сябе, а за кагосьцi iншага.


— Тваю апошнюю кнiгу «Сечка», у якой не раман i не апавяданнi, а зацемкi, адны раскрытыкавалi, другiя расхвалiлi... Ты пiшаш у ёй: «Хочацца вольнага пiсьма, хаатычнага россыпу развагаў, абагульненняў–высноваў, эпiзодаў–выпадкаў — тых, што некалi, цi нядаўна, ды i цяпер падаюцца асабiста мне цiкавымi». Гэта сведчыць пра творчую стому? Не баiшся, што аднойчы з’явiцца «боязь чыстага аркуша паперы»? А можа, i такое варта перажыць?


— Ёсць i творчая стома, ёсць i боязь чыстага аркуша паперы — усё як ва ўсiх. I сапраўды, вiдаць, гэта неабходна, i такi перыяд трэба проста перажыць.


— Калi б табе выпала магчымасць пасядзець за, умоўна кажучы, чаркай чаю з любым пiсьменнiкам (цi пiсьменнiкамi) свету, каго б ты запрасiў?


— Чэхаў марыў пасядзець з Нiцшэ («дзе–небудзь на палубе парахода»), я — з Чэхавым... Пытанне ў тым, цi захочуць нашай кампанii тыя, каго хочам мы?..


— Ты лiчыш сябе прафесiйным пiсьменнiкам?


— Я лiчу сябе пiсьменнiкам–аматарам. Прафесiянал можа сваю справу рабiць механiчна, а аматар, цi лепш па–руску — любитель — толькi з любоўю. Да таго ж аматару лягчэй, чым прафесiяналу, у любы момант гэтую справу кiнуць.


— Калi ў цябе просiць парады пачынаючы лiтаратар, цi прысвячаць яму жыццё творчасцi, што ты адказваеш?


— Самае смешнае, што ў мяне сапраўды такое часта пытаюць. Хоць гэта i няветлiва, але я нiчога не адказваю. Бо чалавек, у якiм запалена Божая жарынка, не будзе нiчога нi ў кога пытаць, а проста аддасца творчасцi ўвесь i нiякай ўзнагароды за гэта не захоча.

 

Советская Белоруссия №115 (24252). Вторник, 25 июня 2013 года.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter