«У мяне — iнструкцыя!»

Cэрвiс накiраваны на паляпшэнне, а не на пагаршэнне перавозкi людзей

Cэрвiс накiраваны на паляпшэнне, а не на пагаршэнне перавозкi людзей

Неяк напрыканцы мая мне давялося ехаць аўтобусам па маршруце Чачэрск—Мiнск. Садзiўся на гэты вiд транспарту ў Бабруйску. Толькi звярнулi ад аўтавакзала на суседнюю вулiцу, а там – рамонт. Ехаць па такой дарозе не вельмi прыемнае адчуванне. “А чаму б не пайсцi ў аб’езд? – звярнулiся пасажыры да вадзiцеля. – I нам лепш, i машыну не так бы кiдала”. 

— У мяне iнструкцыя, — адказаў той. – Я не магу звярнуць з вызначанага маршруту. 

Няхай сабе i так... Аднак калi я прыгледзеўся больш уважлiва, дык на вокнах аўтобуса нават не было фiранак, пасажыры ўвесь шлях праехалi пад гарачым сонцам… Вось табе i сэрвiс. 

— Скажыце, — патэлефанаваў я на “гарачую лiнiю” Гомельскага аўтобуснага парка, якому належыць гэты транспарт, — чаму ў рэйс выпускаецца неўкамплектаваны аўтобус? 

— Не ведаем, як гэта атрымалася, — адказалi на аўтапрадпрыемстве. – Разбяромся ў прычынах i вам паведамiм, прабачце за нязручнасцi. 

“Ну хоць прабачэння папрасiлi, — падумалася мне, — i тое добра. Iншыя, магчыма, i слухаць бы чалавека не захацелi. Чаго прасцей спасылацца на розныя iнструкцыi”. 

Летась я даволi часта карыстаўся маршрутам Бабруйск—саўгас iмя Ленiна. Звычайна садзiўся ў аўтобус на прыпынку “Завод гумаватэхнiчных вырабаў”. Тут заўсёды збiралася шмат пасажыраў розных узростаў. Кандуктар, як правiла, у салон людзей не пускала, стоячы каля дзвярэй, кожнага абiлечвала па чарзе. Пасажыры стаялi на санцапёку альбо пад снегам i дажджом. Спрабавалi выказваць кантралёру сваю незадаволенасць. 

— У мяне iнструкцыя, – зноў чулася ў адказ. 

— Што гэта за iнструкцыя, – скардзiлiся людзi, – калi яна не за чалавека, а супраць яго? 

На жаль, падобны “сэрвiс” i цяпер iснуе на некаторых аўтобусных маршрутах, часам вельмi не хапае элементарнай культуры абслугоўвання пасажыраў. 

Цi так у сучасных умовах павiнны працаваць транспартнiкi? Не скажу нiчога дрэннага пра аўтобусны сэрвiс у вялiкiх гарадах краiны. Там справа лепш пастаўлена, а вось у глыбiнцы гэтага пакуль не хапае… 

 I яшчэ пра адзiн аспект “аўтасэрвiсу” хацелася сказаць. Нядаўна набыў я ўласны аўтамабiль. Вядомая справа – трэба ставiць яго на дзяржаўны ўлiк у мiжраённым рэгiстрацыйным аддзеле. Пакуль пiсаў заяву, атрымаў пасведчанне, нумарны знак — цэлы дзень прайшоў. Аднак яшчэ неабходны i тэхагляд транспартнага сродку. Па­ехаў на блiжэйшую дыягнастычную станцыю, а там гавораць: “Трэба спачатку ўзяць медыцынскую даведку на права кiравання транспартным сродкам”. Накiраваўся за гэтым дакументам у адно з унiтарных прадпрыемстваў на ўскраiне Бабруйска. Адтуль мне ўказалi на палiклiнiку па месцы жыхарства, каб узяць выпiску з амбулаторнай карты. Зноў дзень прайшоў. Карацей кажучы, уся гэтая справа заняла вельмi шмат часу. А яшчэ трэба заплацiць страхоўку… Давялося добра пабегаць… 

“А чаму б, — падумалася аўтару гэтых радкоў, — не арганiзаваць усе адпаведныя працэдуры ў адным месцы, каб не ганяць людзей туды-сюды? Калi ж мы, нарэшце, будзем думаць аб тым, каб лепш i больш зрабiць менавiта для чалавека?”

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter