У музей ноччу?! Сёння музеі Беларусі працягнуць працу на некалькі гадзін і здзівяць наведвальнікаў унікальнымі экспанатамі.

У агульнаеўрапейскай акцыі “Ноч музеяў” прыме ўдзел больш за 60 беларускіх музеяў.

У музейную ноч, якая праводзіцца штогод напярэдадні прафесійнага свята музейных работнікаў (18 мая), кожны з музеяў стараецца як мага больш уразіць сваіх наведвальнікаў. Нацыянальны мастацкі музей, напрыклад, сённяшнюю ноч прысвячае... жанчынам. У рамках праекта “Прастора жанчыны” будуць адкрыты некалькі тэматычных мастацкіх выстаў, выступяць беларускія групы, а залы музея ператворацца ў крэатыўныя прасторы: “Музы”, “Прынцэсы”, “Жаночыя сакрэты” і іншыя. У Нацыянальным гістарычным музеі вобразы герояў карцін беларускага мастака Смаляка прымераюць зоркі айчыннай культуры і спорту. Музей Янкі Купалы прапануе для сваіх гасцей фестываль рэкламы “Свет там думкі хітрыя знае...”. Падчас музейнай ночы ў Купалаўскім музеі можна будзе даведацца, як рэкламавалі адзенне, абутак, швейныя прылады, музычныя інструменты, гадзіннікі, фотаапараты ў пачатку XX стагоддзя. Літаратурны музей Максіма Багдановіча прысвячае 120-годдзю з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры акцыю пад назвай “120 прызнанняў паэту...”. Плануецца падчас свята прачытаць 120 вершаў пра паэта і для паэта, спець 120 песень, стварыць 120 мастацкіх работ, паглядзець і станцаваць (калі хопіць сіл і часу) 120 танцаў. Шмат мерапрыемстваў сённяшнім вечарам прапануюць і іншыя музеі краіны.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter