У музеі хутка з’явяцца электронныя старонкі

Супрацоўнікі Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны распрацоўваюць канцэпцыю стварэння новых экспазіцый
Экспазіцыям музея ўжо каля 40 гадоў, многія з іх састарэлі, і маладыя экскурсанты часам проста не ўспрымаюць прадстаўленыя матэрыялы. “Таму ва ўсім музеі неабходна перабудаваць экспазіцыі такім чынам, каб у маладога пакалення склалася правільнае ўспрыманне Другой сусветнай вайны, каб яны яе ні ў якім разе не рамантызавалі”, — адзначыла навуковы сакратар музея Галіна Бабусенка.

У музеі Вялікай Айчыннай вайныГалоўная задача музейшчыкаў — паказаць праўдзівы твар вайны. Плануецца максімальна разнастаіць экспазіцыі, дапоўніць іх інтэрактыўнымі зонамі, скараціць колькасць фатаграфій, а сцэны вайны будуць прадстаўлены на спецыяльных экранах. Сёння большасць наведвальнікаў музея — гэта моладзь, якая ўмее карыстацца камп’ютэрамі. Такім чынам, маладыя экскурсанты самі здолеюць прагартаць старонкі партызанскіх часопісаў у электронным выглядзе, наведаць інфармацыйныя рубрыкі. Акрамя таго, на першым паверсе музея плануецца стварыць Інтэрнэт-кафэ, абнавіць інтэр’ер.

Сёння супрацоўнікі музея займаюцца праектаваннем перастановак. Пры гэтым спецыялісты ўстановы арыентуюцца на музеі Масквы.

Трэба адзначыць, што Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны — самае буйное ў краіне сховішча гістарычных рэліквій. Далёка не ўсе ведаюць, што калекцыю музея партызаны пачалі збіраць яшчэ да Дня Перамогі. Сёння яго фонды налічваюць болей ста сарака тысяч музейных экспанатаў, што з’яўляецца багатым матэрыялам для вывучэння ваеннай гісторыі.

Ірына Трафімчык
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter