У Мінску адкрылася выстава “Беларускае вяселле: абрад, носьбіт, песня”

Выстава адкрылася ў межах месяца фатаграфіі. Яна праходзіць у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў.

Мінчане і госці сталіцы змогуць пазнаёміцца з абрадамі традыцыйнага вяселля нашых бабуль і дзядуль да 13 кастрычніка. Экспазіцыя налічвае больш за паўсотню ўнікальных чорна-белых фотаздымкаў з фонду Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Каля кожнага здымку -- запісана абрадавая вясельная песня. Карткі былі зроблены ў 70-90 гадах мінулага стагоддзя ў музычна-этнаграфічных экспедыцыях па розных рэгіёнах нашай краіны.


-- Для нашага цэнтра гэта выстава -- вялікі падарунак, -- прызнаўся дырэктар Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў Сяргей Крыштаповіч. – Многіх, з тых, каго вы ўбачыце на гэтых фотаздымках ужо няма ў жывых. Але дзякуючы намаганням неабыякавых людзей, памяць аб іх засталася, як засталіся тыя ўнікальныя абрады і песні былой даўніны. І сёння нам вельмі важна не згубіць тую сувязь пакаленняў, зберагчы свой культурны код.

Фотаздымкі таксама можна будзе праглядзець у фармаце слайд-фільму з гукавым дадаткам.

-- Яшчэ адзін сюрпрыз для наведвальнікаў – магчымасць паглядзець фільм «Радзілавіцкае вяселле», -- дадаюць куратары выставы Настасся Даніловіч і Дзіна Даніловіч. – Фільм быў зняты ў мінулым годзе сябрамі Студэнцкага этнаграфічнага таварыства. У ім адлюстроўваецца шэраг абавязковых абрадаў характэрных для вяселля на Палессі.

Выстава будзе працаваць да 13 кастрычніка.

 

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter