У Мiнск прыйшлi Марозы

Традыцыйны парад Дзядоў Марозаў і Снягурак сабраў ля галоўнай ёлкі каля двухсот удзельнікаў
Пакуль прафесійныя аніматары чакалі на прыступках Палаца Рэспублікі галоўнага Дзеда Мароза краіны, Маша і Мядзведзь забаўлялі публіку песнямі і танцамі.


Дваццаць пяць пар самых чаканых на Новы год герояў прадставіў кожны раён Мінска. Але колькасць удзельнікаў, як і прыгожы касцюм, далёка не самая галоўная ўмова штогадовага параду. Добры настрой і вера ў цуды — вось першыя атрыбуты свята.

Пасля запальвання ёлкі галоўны Дзед Мароз разам са сваёй Снягуркай ускочыў у белы кабрыялет і ўзначаліў навагоднюю аўтамабільную калону.


— Бабуля, глядзі, Дзед Мароз на «БМВ», — данеслася з натоўпу, і усе засмяяліся.

Нібы па чараўніцтве з гарадскiх вуліц на хвіліну зніклі машыны: супрацоўнікі ДАІ на час шэсця перакрылі рух. Побач з картэжам тупалі вялізныя белыя мядзведзі і ехаў вясёлкавы паравозік — некаторым дзеткам пашчасціла апынуцца ў ліку пасажыраў. Дружная кампанія накіравалася да Палаца спорту, дзе публіку чакалі новыя сюрпрызы.


Адзін такі сюрпрыз паднесла і надвор’е: ранішняя мокрая завіруха спынілася, і над Мінскам за-свяціла сонца. Народ стаў падцягвацца, і хутка ля Палаца было не праціснуцца. Госці свята смяяліся, маўляў, музычную падборку навагодніх песенек пра снег і дрэвы у срэбры, што гучалі на плошчы, арганізатары забыліся ўзгадніць з галоўным сіноптыкам.


Гулянні доўжыліся да позняга вечара. Госці ўдзельнічалі ў конкурсах, спаборніцтвах і латарэях. На радасць адпачываючым працаваў і навагодні кірмаш, таму многія мінчане вярталіся дадому з сувенірамі і жывымі елкамі.

Фота Віталія ПІВАВАРЧЫКА і БЕЛТА

Іна ГАРБАЦЕНКА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter