У месяцовай поўні таямніц поўна

(Заканчэнне. Пачатак у нумары ад 27 жніўня.)Поўню лічылі небяспечным часам, таму нашы продкі раілі ў гэтыя некалькі дзён устрымацца ад падарожжаў, пачатку нейкай доўгатэрміновай справы, святкавання вяселля і г.д.

Поўня максімальна “напаўняла” жывыя арганізмы вадкасцю. Таму ў гэты час не нарыхтоўвалі дровы або будаўнічы матэрыял для новай хаты — усё згніе або драўніну паточаць чэрві.
У поўню не абразалі і не прышчэплівалі дрэвы, каб яны не гублялі свой жыватворны сок. Па той жа прычыне ў гэты час чалавеку лепш устрымацца ад планавых аперацый ці выдалення зубоў.
Цікава, але добрая гаспадыня заўважала, што ў поўню трэба ліць менш малака, якое збіраешся гатаваць, класці менш мукі для звычайнай выпечкі хлеба, “іначай будзе пералівацца цераз край”.
Забаранялася ў гэтыя дні што-небудзь выносіць з хаты, пазычаць ці аддаваць, каб не вынесці з хаты “сваю поўню”, г.зн. шчасце, дабрабыт і г.д.
Але ў поўні былі і станоўчыя моманты, якія спрыялі  некаторым справам:
* Адзначым, што майстры сваёй справы раілі новую печ класці ў самую поўню, каб яна доўга захавалася і не рассыпалася.
* У час поўні раілі зачынаць сяўбу, каб “калоссе” было поўным.
* У дні поўні сеялі зеляніну (без пладоў) і траву для жывёлы. Расліны, пасеяныя ў гэты час, былі асабліва пахучымі.
* А яшчэ ў поўню раілі распачынаць і працягваць заняткі, якія маюць на мэце збіранне разнастайных запасаў, “штоб усюды было поўна ўсякага дабра”.
У поўню на Месяцы можна выразна ўбачыць цёмныя плямы, паходжанне якіх атрымала самыя розныя тлумачэнні ў народных павер’ях і легендах .
Але больш за ўсё была распаўсюджана хрысціянізаваная легенда пра тое, што на Месяцы адлюстравалася забойства Авеля Каінам. “Брат брата на вілах трымае”. Каб у памяці людзей не сцерлася першае зладзейства, Бог пакінуў на месяцы адбітак забойства, які выразна відзён на ім і дагэтуль”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter