У Лагойску на беразе Гайны

УНУК заснавальніка знакамітага магнацкага роду Аляксандр Юр’евіч Тышкевіч у 1609 годзе прыняў каталіцтва і ў знак пераходу ў лацінскі абрад заснаваў у Лагойску касцёл пад тытулам Нараджэння Найсвяцейшай Марыі Панны і св. Казіміра.

Гісторыя аднаго касцёла.

УНУК заснавальніка знакамітага магнацкага роду Аляксандр Юр’евіч Тышкевіч у 1609 годзе прыняў каталіцтва і ў знак пераходу ў лацінскі абрад заснаваў у Лагойску касцёл пад тытулам Нараджэння Найсвяцейшай Марыі Панны і св. Казіміра.

На пагорку за ракой Гайнай з’явілася невялікая драўляная святыня. Падчас вайны з Масковіяй у 1655 годзе яна згарэла, але была адбудавана нанова. І зноў прастаяла  нядоўга,  бо  была  знішчана   шведамі  ў 1706 годзе.  Новы касцёл  узвысіўся над  Лагойскам у 1709-м. Ужо тады пры ім дзейнічалі парафіяльная школа, шпіталь, брацтва Езуса, заснаванае ў 1747 годзе.

Новы каменны касцёл граф Тышкевіч, генерал войскаў літоўскіх, пачаў узводзіць 17 красавіка 1787 года, а завяршыў будаўніцтва ўжо яго сын Вікенцій. Святыня ў стылі класіцызму была асвечана 20 кастрычніка 1793 года пад ранейшым тытулам св. Казіміра. У 1806 годзе над чатырохкалонным порцікам галоўнага фасада святыні ўзнеслася высокая вежа з гадзіннікам, які перанеслі сюды са скасаванай лагойскай ратушы. Галоўны алтар быў намаляваны ў тэхніцы ілюзіяністычнага жывапісу. Мелася ніша, у якой з 1817 года знаходзілася драўляная фігура Езуса ў натуральную велічыню. У 1843 годзе сюды прывезлі і рэліквіі св. Казіміра. Бакавыя алтары, таксама “аптычна маляваныя” — св. Антонія і Беззаганнага Зачацця Марыі Панны — завяршаліся абразамі св. Вікенція і св. Казіміра. Яшчэ адзін алтар — велічнае Укрыжаванне — знаходзіўся ў крыпце пад касцёлам, дзе былі пахаваны многія пакаленні Тышкевічаў.

У 1907 годзе касцёльную тэрыторыю абнеслі новай каменнай агароджаю з брамай у выглядзе цагляных атынкаваных слупоў. Справа ад святыні ў агароджу была ўбудаваная каменная званіца. На гэты час у лагойскай парафіі налічвалася больш за 5200 вернікаў.

Касцёл св. Казіміра дзейнічаў да 1950-х гадоў. Пасля яго зачынілі і з цягам часу разабралі. Знішчылі і капліцу на могілках. Толькі ў канцы 1980-х на гэтым месцы ўстаноўлены крыж. Вернікі пачалі дамагацца дазволу на будаўніцтва новага касцёла. Праз некаторы час узвядзенне новай святыні пачалося. А ўлетку 1999 года будаўніцтва было скончана, і 19 чэрвеня касцёл кансэкравалі зноў жа пад тытулам св. Казіміра. Злева ад уваходу прыбудавана вежа-званіца.

Гісторыя старадаўняй святыні працягваецца...

Татьяна ПЕТРАШКЕВИЧ, «БН»

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter