Упершыню выдадзены па-беларуску зборнік выбраных вершаў украінскага класіка Алэксандра Олэся “Кобза і меч”

У лірыка — чуллівая душа

Упершыню выдадзены па-беларуску зборнік выбраных вершаў украінскага класіка Алэксандра Олэся “Кобза і меч”

У Калядную пару ў рэдакцыю “Голасу Радзімы” завітаў празаік і драматург Уладзімір Ягоўдзік. Прыйшоў з адметным падарункам. Ведаючы, што доўгі час у Інстытуце літаратуры АН БССР я займаўся пытаннямі  ўзаемадзеяння літаратур з розных краін, Уладзімір прынёс паказаць укладзены і выдадзены ім жа зборнік выбраных вершаў украінскага класіка Алэксандра Олэся (псеўданім Аляксандра Кандыбы) “Кобза і меч”. Пераклаў творы Алесь Траяноўскі (1925—2005), які доўгі час загадваў аддзелам літаратуры і мастацтва ў рэдакцыі газеты “Звязда”, заўзяты папулярызатар украінскай, сербалужыцкай і кашубскай паэзіі. А пабачыла свет кніга да 90-х угодкаў перакладчыка і 10-годдзя яго сыходу.

Пісьменнік Алесь Жук, які напісаў прадмову і пасляслоўе да зборніка, прыгадаў: сучаснікі па праву ставілі Алэксандра Олэся (1878—1944) у адзін шэраг з Тарасам Шаўчэнкам. Бо ў творчасці абодвух знакамітых украінскіх паэтаў народная сімволіка плённа спалучаецца з тонкімі суб’ектыўнымі пачуццямі ды адначасова асвятляе “перыпетыі” тагачаснай сацыяльнай барацьбы. Журботны песімізм, асабліва адчувальны ў лірыцы Олэся 1905 года і часу Першай сусветнай вайны, нібы пасля ўдараў веснавога грому саступае месца надзеі: “Мэты той дасягне, хто наперад ідзе, / Толькі той, хто гарыць — не згарае,/ Торыць шлях маладому жыццю і вядзе/ Да свабоды і росквіту краю”.

Чытаючы вершы Алэксандра Олеся, я падумаў: беларускі чытач яшчэ ж практычна не ведае патрыятычную паэзія яго сына: пад псеўданімам Алег Ольжыч ён выдаў у Празе два зборнікі вершаў. Як паведамляе Алесь Жук, за “сваю незалежніцкую, бескампрамісную пазіцыю” ў чэрвені 1944 года ён быў закатаваны ў гестапаўскім канцлагеры Заксенхаўзен. З той жа грунтоўнай прадмовы вынікае, што Алесь Траяноўскі пераклаў і яго вершы. Будзем спадзявацца, што і яны знойдуць ў нас свайго ўкладальніка, выдаўца.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter