У “Лідо” – рыбны дзень!

Рэстаран у цэнтры Мінска прэзентуе не толькі вельмі смачныя, але і карысныя стравы
Рэстаран у цэнтры Мінска прэзентуе не толькі вельмі смачныя, але і карысныя стравы.

Гэтыя кухары ў рэстаране “Лідо” гатуюць стравы з рыбы і морапрадуктаў на любы густЛюдзі старэйшага пакалення, безумоўна, памятаюць “рыбныя дні” па чацвяргах: за савецкім часам у месцах грамадскага харчавання — сталоўках, кафэ і рэстаранах — яны былі вельмі папулярнымі. Нездарма ў адміністрацыі адносна маладога рэстарана “Лідо”, што паспяхова працуе побач з мінскім Цэнтральным універсальным магазінам (ЦУМ), узнікла жаданне вярнуцца да добрай традыцыі. Па чацвяргах, аказваецца, тут — рыбны дзень. І асабліва шмат розных страў з рыбы і морапрадуктаў. Каб шырока, з веданнем справы расказаць пра гэта, і была зроблена (вядома ж, у чацвер!) прэзентацыя для журналістаў — як прадукцыі прадпрыемства “Белрыба”, з якім цесна супрацоўнічае рэстаран, так і мноства смачных страваў з меню гэтак званага рыбнага асартыменту.

Прама перад вялікім сталом з дзесяткамі разнастайных блюд, ва ўтульнай галерэі рэстарана і вялася размова пра здаровае харчаванне. І пра добры пачын адміністрацыі “Лідо”. Спачатку дыетолаг Ларыса Музычук прывяла нямала аргументаў на карысць таго, што рыба і морапрадукты — добрыя памочнікі ў падтрыманні здароўя. Зрэшты, мы ўсе нешта чулі пра гэта. І вельмі добра, што менавіта рэстаратары пажадалі сказаць сваё важнае слова ў гэтым рэчышчы. А дакладней — перайшлі да смачных страваў.

Гэтыя кухары ў рэстаране “Лідо” гатуюць стравы з рыбы і морапрадуктаў на любы густЦікава, між іншым, расказалі пра сваю важную для здароўя суграмадзян дзейнасць прадстаўнікі прадпрыемства “Белрыба”: яно пастаўляе і рэалізуе ў краіне амаль трыццаць працэнтаў рыбнай прадукцыі. Звыш 350 найменняў у асартыменце!

Была і дэгустацыя. Карэспандэнт газеты “Голас Радзімы” пасмакаваў мідыі, запечаныя ў кляры, тарцільі (гэта бліны такія, выпечаныя з асаблівага цеста) з рознымі морапрадуктамі. І яшчэ ўзяўся быў за вялікага апетытнага кальмара, начыненага гароднінай. На якога, прызнацца, духу не хапіла, таму афіцыянт запакаваў дэлікатэс мне з сабой у спецыяльную тэрмаўпакоўку. Такой, дарэчы, можа скарыстацца любы наведвальнік “Лідо”, калі ў тым ёсць патрэба. Усяго ж на стале было больш за 20 розных страў — на любы густ.

Зрэшты, чужым языком, як любяць пры выпадку пажартаваць беларусы, смаку не пазнаеш. Таму калі вам надарыцца быць у Мінску ў чацвер... Ну, вы ведаеце цяпер, куды падацца ў абедзены час. Ці ў вячэрні — гэта ўжо як каму падабаецца. Дарэчы, як паведамілі нам у адміністрацыі рэстарана “Лідо”, цяпер меню тут робіцца пераважна з улікам беларускіх традыцый харчавання. І латышскі брэнд “Лідо” ўсё больш напаўняецца беларускім зместам.

Іван Ждановіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter