У Клімавіцкім раёне у школьным музеі праводзяць вершаваныя экскурсіі

Павагу да традыцый прашчураў штодзённа імкнецца “перадаць” вучням настаўніца гісторыі Лабжанскай сярэдняй школы Клімавіцкага раёна Ірына Навагродская. Дзеці з цікавасцю ходзяць на яе ўрокі, на гурткі “Музеязнаўства” і “Спадчына”, сістэматычна папаўняюць новымі экспанатамі школьны музей, здзяйсняюць вандроўкі па Беларусі разам са сваім любімым педагогам.

Павагу да  традыцый прашчураў штодзённа  імкнецца “перадаць”   вучням настаўніца гісторыі Лабжанскай сярэдняй школы Клімавіцкага раёна  Ірына Навагродская. Дзеці з цікавасцю ходзяць на яе ўрокі, на гурткі “Музеязнаўства” і “Спадчына”, сістэматычна папаўняюць новымі экспанатамі школьны музей, здзяйсняюць вандроўкі па Беларусі разам са сваім любімым педагогам.

Ірына Фёдараўна ўмее не толькі захапіць сваім прадметам школьнікаў, але і зацікавіць  іх краязнаўствам.

— “Хварэю” на краязнаўства з маленства, — прызнаецца настаўніца. — У нашай сям’і з павагай ставіліся да спадчыны.  Бацькі захапляліся творамі беларускіх класікаў. Мой тата  ведаў на памяць амаль усю паэму  Якуба Коласа “Новая зямля”. Часта дэкламаваў яе мне. Гэты твор  стаў маім букваром. Па ім я вучылася чытаць, пазнавала жыццёвую мудрасць. У бацькоўскай хаце ва Ушацкім раёне Віцебшчыны гучала родная мова, народныя песні. Шмат дзе пабывала ў вандроўках. Мабыць, павага да мінулага перадалася мне з малаком маці, а пазней ад мяне — і маім дзецям. Я беражліва захоўваю  ў хаце куфар  са старадаўнімі рэчамі. Ён — наша  сямейная рэліквія. З ім яшчэ мая бабуля выходзіла замуж, пазней перадала яго маёй матулі, а тая — мне. Зараз жа ён чакае свайго часу, калі аддам яго дачцэ Яніне.

“Не пагарджаць святым сваім  мінулым, а заслужыць яшчэ і вартым быць яго” — вось гэтымі добравядомымі словамі класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча  кіруецца Ірына Фёдараўна па жыцці.

У мінулым навучальным годзе Лабжанскі школьны музей, які ўзначальвае Ірына Навагродская,  у раённым і абласным конкурсе  сярод этнаграфічных музеяў навучальных устаноў быў прызнаны пераможцам. А ў аналагічным рэспубліканскім конкурсе заняў другое месца. Вясной  Ірына Фёдараўна паспяхова ўдзельнічала ў рэспубліканскіх краязнаўчых чытаннях. Яна вяла гаворку па тэме “Каб беларусы не сышлі ў небыццё, павінны ў вёску  мы вярнуць жыццё”. Сваім перадавым вопытам  педагог шчодра дзеліцца з калегамі на метадычных аб’яднаннях, на  розных іншых сустрэчах.
Ірына Фёдараўна — асоба творчая. Яна распрацавала вершаваныя экскурсіі па розных кірунках для школьнага музея. Піша вершы пра Радзіму, пра родныя мясціны, на актуальныя праблемы паўсядзённасці, вершы-роздумы.

Многія  былыя выпускнікі Ірыны Навагродскай пайшлі шляхам сваёй таленавітай настаўніцы. Сын Антон і дачка Яніна таксама захапляюцца краязнаўствам.

— Я ўдзячна лёсу за тое, што  на  жыццёвым шляху мне сустракаюцца добрыя людзі. Яны разумеюць мяне, прыходзяць на дапамогу, — прызнаецца настаўніца.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter