У навагоддзе асабліва хочацца, каб атмасфера навокал была напоўнена ўзнёсласцю і незвычайнасцю

У казку трэба проста верыць

У навагоддзе асабліва хочацца, каб атмасфера навокал была напоўнена ўзнёсласцю і незвычайнасцю. Вось адгалоскам звону келіхаў з шампанскім у першыя хвіліны новага года зайграў тэлефон дачкі. Трэба было бачыць, якім радасным, гарэзлівым агнём засвяціліся вочы дарослай дзяўчыны пры чытанні электроннай паштоўкі, як яна вокамгненна кінулася да ўваходных дзвярэй, радасна, чуваць было, там войкнула і прынесла да святочнага стала пухлы мех. «Для мамы!» — узбуджаным голасам суправаджала чарговы дзедмарозаўскі падарунак наваяўленая Снягурка. «А гэта — для мяне!» — усхвалявана ўскінула на плечы блакітны халацік… Чараўнік усё разлічыў дакладна: без прэзентаў не застаўся ніхто. А пазней ужо, калі напал радаснага ўзбуджэння крыху спаў, дачка рассакрэціла інкогніта шчодрага незнаёмца. Нумар тэлефона яго па дзіўным супадзенні аказаўся поўным клонам бацькоўскага.


Пра што гэта я? Пра тое, што кожны з нас мае сваю машыну часу, пераносячыся з сённяшняга ў перажытае. Прыгадваецца ўласнае вясковае жыццё напачатку сямідзясятых. Нішчымніца: бульба, салёны гурок, у лепшым выпадку шматок сала на стале. І ўсё ж навагоддзе пачыналася з невыказнага пазітыву. Пасля бою курантаў стрымгалоў бег да ёлкі. А там, пад упрыгожанай шклянымі шышкамі, папяровымі гірляндамі лясной прыгажуняй беспамылкова знаходзіў маленькую шакаладку альбо пачак пячэння. А часам — парачку мандарынаў, якіх на прылаўках мясцовай крамы і заваду не было. «Мо Дзед Мароз, а можа, зайчык з лесу прынёс!» — усміхалася матуля.

А затым наступалі Каляды. Некага з вяскоўцаў апраналі ў вывернуты кажух, твар хавалі пад маскай барадатай Казы, у ролю пры дапамозе вугалю, чырвонага бурака і іншай даступнай тады касметыкі ўваходзілі яшчэ некалькі хлопцаў і дзяўчат. Затым уся гэта напаўцыганская гаманлівая кавалькада — з гарманістам, песнямі і скокамі— накіроўвалася па вясковых хатах. Там іх чакалі— знаходзілася і чарка, і скварка. Гледачамі тых імправізаваных вясёлых міні-спектакляў была дзятва. Цікава, незабыўна.

Пасталелі мы, самі сталі бацькамі. І каб вера нашых дзяцей у існаванне чароўнага і казачнага не згасала, каб не аказаліся іх чаканні пустымі ілюзіямі, у час самых любімых зімовых свят пускаліся ў самыя вытанчаныя хітрыкі. І, ствараючы гэты шматактавы цырыманіял: з казачнымі лістамі і картай з паметай схаванага скарбу ў паштовай скрынцы, з таямнічым стукам у шыбу пасля апоўначы, іншымі дзеямі, у якія ўцягваліся родныя і суседзі, — самі нагадвалі вясельных коней. Трэба — рыссю, маглі  і галопам, галоўнае, каб яздок быў шчаслівы. Зараз з жонкай употай радуемся: дзеці выраслі не лайдакамі, чулымі да людзей і бацькоў. Вось ужо і старэйшы сын традыцыйна гатуе святочныя сюрпрызы, вучыць з нашчадкам калядныя песні і вершы. «А я да трынаццаці гадоў у Дзеда Мароза верыла!» — прызнанне дачкі для нас, старэйшых, раўназначна медалю за майстэрства і арыгінальнасць ідэі. За старанні, якія дазваляюць дзецям даўжэй заставацца непасрэднымі і наіўнымі, радавацца і шчыра верыць: наша небеспраблемнае жыццё ўсё-такі можа быць пафарбавана ў аптымістычныя колеры.

Год гасціннасці перадаў ужо эстафету наступніку, абвешчанаму Годам моладзі. Дзень-другі, і пад’езды дамоў напоўняцца громам дамафонных званкоў і дзіцячым гоманам. Традыцыя. Колькі гэтых гаманлівых юных калядоўшчыкаў пранясецца па шматпавярхоўцы за некалькі гадзін?! Дзвесце, а можа, трыста? Няхай сабе — гасцінцаў хопіць усім. Толькі крыху псуецца настрой ад думкі, што ў нечым гэта будзе ўпартае спаборніцтва валачобнікаў за кілаграмы цукерак. А крычалкі дзяцей зноў нагадаюць суцэльную камерцыю. «Я коза-дереза, из Москвы приехала. Дайте рубль, дайте два, чтоб назад уехала». Або яшчэ з таго ж стэпу: «Открывайте сундучки, доставайте пятачки…» Добра было б усё ж бацькам і настаўнікам падумаць, як унесці ў традыцыю зместавы і вобразны эксклюзіў. Канешне, па наезджанай каляіне яно звычней, але ж вынайсці, прыдумаць нешта новае і ў жыццё яго ўвасобіць — чым не стымул для творчай асобы заявіць аб сабе.

Няпраўда, што дарослыя не вераць у цуды. Ім, насамрэч, таксама часам хочацца пабыць наіўнымі. Хаця жыццёвыя рэаліі час ад часу прымушаюць пазбавіцца ілюзій. Уключаеш тэлевізар — святочную радасць разбіваюць у пыл «вераломныя стрэлы тэрарыстаў у Парыжы». Што тут сказаць. Што жыццё — не казка, напоўненая толькі дабрынёй і светлымі цудамі. Хаця вельмі хочацца, каб яно абавязкова было шчаслівым.

Мікалай ЖДАНОВІЧ

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter