У Капыль за слуцкім поясам.

Ландшафт Капыльшчыны — пагоркі, горачкі і ўзгоркі. Па крутых вулачках адміністрацыйнага цэнтра бадзёра крочаць маладыя мамы з каляскамі, у якіх ціхенька пасапваюць юныя капыляне — будучыя ткачы, героі працы, геніяльныя канструктары і таленавітыя пісьменнікі.

Ландшафт Капыльшчыны — пагоркі, горачкі і ўзгоркі. Па крутых вулачках адміністрацыйнага цэнтра бадзёра крочаць маладыя мамы з каляскамі, у якіх ціхенька пасапваюць юныя капыляне — будучыя ткачы, героі працы, геніяльныя канструктары і таленавітыя пісьменнікі.

Капыльшчына — радзіма 36 пісьменнікаў, сярод якіх такія майстры слова, як Цішка Гартны, Кузьма Чорны, Анатоль Астрэйка, Адам Русак, Алесь Адамовіч. Як бачым, працэс выбару толькі сямі цудаў вельмі складаны. Але, тым не менш, капыляне абралі самыя арыгінальныя.

Лешненскі цуд

У невялічкую драўляную царкву Святога Георгія вёскі Лешня прыязджаюць нават жыхары з Капыля і іншых мясцін. Гісторыя царквы ўжо сама па сабе — сапраўдны цуд. Фундатарам святыні лічыцца Міхаіл Радзівіл, і ў 1807 годзе храм быў пабудаваны як уніяцкі. Пасля шматразовых перабудаванняў царква стала цікавым помнікам беларускага “народнага” мадэрна. У багаборчы савецкі час храм аддалі пад склад. У 90-я гады мінулага стагоддзя, калі людзі вярнуліся сюды, каб аднавіць царкву, яны ўбачылі, што ўсё царкоўнае начынне акуратна складзена ў адным з куткоў. Гісторыя не пакінула нам імя чалавека, які захаваў усё гэтае багацце, але вернікі не раз успамінаюць невядомага героя добрым словам. Храм захаваў таксама цікавыя падлогавыя мазаікі і нават умураваную ў падлогу пліту, якая ўшаноўвае адмену прыгоннага права.
Захаваліся і велізарныя алтарныя іконы, якія перажылі годы ліхалецця... у памяшканні мясцовага райкама партыі і былі не тое што не пашкоджаны, але клапатліва захаваны. Такія вось яны, капыляне, упартыя!

Слуцкі пояс родам з Капыльшчыны?

Менавіта так сцвярджаюць мясцовыя жыхары. Пры Радзівілах у гэтых мясцінах было вельмі развіта ткацтва, і нават зараз кросны стаяць у кожнай другой хаце. “Фірмовы” чырвона-белы ўзор капыльскіх майстрых носіць назву “ўматрушы”, адносіцца да вельмі складанай “закладной” тэхнікі ткацтва і больш нідзе на Беларусі не сустракаецца. У Семежаўскім раённым цэнтры ткацтва зараз дзейнічае майстэрня. Пабачыўшы, як рупліва працуе народны майстар Беларусі 68-гадовая Валянціна Кіеня, мы вельмі ўразіліся. Валянціна Міхайлаўна спецыяльна для музея наткала пяць ручнікоў, якія, калі так можна сказаць, ператварыліся ўжо ў гістарычную каштоўнасць. Шосты, які належаў ёй самой, прыйшлося прадаць на выставе ў Мінску. Узгадваючы гэту гісторыю, бабуля Валянціна весела смяецца і махае рукой — малады турыст з Галандыі так быў уражаны семежаўскімі ручнікамі, што прасіў прадаць на прамілы бог за любыя грошы. Так што паляцеў адзін капыльскі цуд у край ветракоў і цюльпанаў.

Урокі дабрыні і мужнасці

Яшчэ адзін цуд раёна — Свята-Троіцкая царква 1792 года, самы прыгожы храм Капыльшчыны, а таксама самы стары — стаіць у вёсцы Цялядавічы Бабаўнянскага сельскага Савета. Гэта ўжо помнік архітэктуры рэспубліканскага значэння. Тут, як і ў Лешні, захавалася арыгінальнае царкоўнае ўбранства, але храм знакаміты не толькі гэтым. Амаль праз дарогу знаходзіцца поле вёскі Лавы, на якім загінулі, прыкрываючы адыход партызанскага атрада, шаснаццацігадовыя хлапчукі на чале са сваім камандзірам. Сюды, пачынаючы з сёмага класа школы, ходзяць у паходы капыльскія школьнікі. Самі вараць кашу, маюць магчымасць убачыць па дарозе партызанскія зямлянкі і нават ваенныя дзоты. А напрыканцы вандроўкі ў Свята-Троіцкай царкве мясцовы бацюшка праводзіць для іх спецыяльную службу. Супрацоўнік Капыльскага краязнаўчага музея Андрэй Лятчэня гаворыць, што гэта настолькі ўражвае дзяцей, што нават самыя вялікія гарэзы ідуць з царквы вельмі сур’ёзныя і маўклівыя.

Сціплы герой Беларусі

У вёсцы Семежава — самым “ураджайным” на цуды месцы — стаіць невялічкі драўляны домік-музей. Тут нарадзіўся чалавек, дружбай з якім ганарыўся акадэмік Каралёў, свет ведае яго як фундатара беларускага машынабудавання і галоўнага канструктара МАЗа, а звычайныя беларусы — як чалавека, якому мы абавязаны з’яўленнем на вуліцах нашых гарадоў новенькага аўтобуснага і тралейбуснага парка. Яшчэ ў 1997 годзе Кембрыджскі ўніверсітэт прызнаў яго чалавекам года, а па версіі амерыканскіх вучоных беларус Міхаіл Высоцкі ўваходзіць у лік 5000 чалавек, якія ўнеслі адметны ўклад у развіццё чалавецтва. З 2002 года ён — генеральны канструктар аўтамабільнай тэхнікі Рэспублікі Беларусь. Менавіта гэты чалавек распрацаваў і зрабіў першую перасоўную канцэртную пляцоўку для групы “Ласкавы май”. Проста таму, што яму вельмі хацелася зрабіць лепшым жыццё таленавітых дзяцей-сірот. Машына Высоцкага была адначасова і домам, і кухняй, і грымёркай для маладых артыстаў, а таксама разгортвалася ў перасоўную канцэртную пляцоўку. А вось “прадубліраваць” яе для Алы Пугачовай знакаміты канструктар адмовіўся — адказаў, што гэта не камерцыйны праект, і існуе ён у адзіным экземпляры.
Сам Высоцкі, нягледзячы на цэлы спіс узнагарод, чалавек вельмі сціплы. Гэты дом прызначаны толькі для дзяцей. Як гаворыць сам канструктар, можа, дзякуючы яму на Капыльшчыне з’явіцца яшчэ адзін дапытлівы і таленавіты хлопчык. А ўбачыўшы, як бедна жыў і чаго ў выніку дабіўся цяперашні генеральны канструктар Беларусі, у будучым сам зробіць першы беларускі зоркалёт. У планах Высоцкага — прывезці і паставіць у двары сапраўдны вялікі “МАЗ”. Каб дзеці маглі ўволю палазіць па ім. На гэты музей не патрачана ні адной капейкі дзяржаўных сродкаў, а адна з галоўных умоў “цуда № 1” Капыльскага раёна Міхаіла Высоцкага — ніякіх журналістаў сюды не дапускаць. Так што прабачце, Міхаіл Сцяпанавіч, што мы вашу забарону парушылі. Але ж гэта таго варта!

“Цары” з’яўляюцца на Каляды

У апошні час адноўлены на Капыльшчыне калядны абрад “Цары” шмат “піяраць” нават па тэлебачанні. Традыцыйны народны калядны абрад беларускай вёскі Семежава ўвайшоў у Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. А некалькі гадоў таму назад быў прызнаны гісторыка-культурнай каштоўнасцю Беларусі.
Гісторыя абраду адсылае нас у XVIII стагоддзе, калі ў гэтых мясцінах доўгі час стаялі “на зімовых кватэрах” рэгулярныя часці расійскай арміі. З гісторыі вядома, што войска асабліва дзяржаўнымі харчамі не балавалі, і “здабыча ежы” была ў асноўным справай саміх салдат. Вось яны і вынайшлі арыгінальны спосаб калядавання: разыгрывалі перад сялянамі цэлы спектакль, за што атрымлівалі багатыя калядныя пачастункі. А сам спектакль, з выкарыстаннем вайсковай формы і вясёлымі жартамі, так уразіў вяскоўцаў, што яны пакінулі яго сабе.
Цікава, што зараз абраднае дзейства праводзяць па сваёй ініцыятыве энтузіясты — маладыя семежаўскія хлопцы. Вось гэта і ёсць сапраўдная, жывая, неўміручая гісторыя!

Японскі бог на крутых горках

Японскае слова “экідэн”, што ў прыблізным перакладзе азначае магутнасць і сілу, знаёма ўсім капылянам, якія справядліва лічаць свой горад сталіцай беларускага экідэна — эстафетнага бегу на марафонскую дыстанцыю. І на самай справе, дзеля таго, каб нават прайсці па капыльскіх пагорках, трэба мець добрае здароўе, а прабегчыся — тым болей. Перапад вышынь сур’ёзны — да 30 метраў.
Старшыня Капыльскага раённага фізкультурна-спартыўнага клуба Мікалай Жук упэўнены, што настаў час вывесці мерапрыемства на больш высокую “арбіту”, а марафонскі бег зрабіць адной з састаўных частак нацыянальнага фестывалю эстафетнага бегу “Капыльскія пагоркі”. Плануецца запрашаць гасцей з усяго свету, а сімвалам абрана сімпатычнае зайчаня. Толькі вось імя для яго яшчэ не знайшлі. Можа, у вас ёсць ідэі?

Пацерка для княгіні

Амаль у цэнтры Капыля ўзвышаецца Замкавая гара — тое месца, з якога пачынаўся горад у 1274 годзе. Афіцыйна гэта помнік архітэктуры ранняга жалезнага веку. У 1996 годзе ў выніку раскопак, якія праводзіў вядомы археолаг Леанід Калядзінскі, на Замчышчы былі знойдзены вельмі цікавыя рэчы — зараз экспанаты раённага археалагічнага музея. У іх ліку — фібулы, частка шлема і пчаліныя соты XII стагоддзя. А пра тое, што калісьці капыльскія рамеснікі рабілі цудоўныя княжацкія ўборы, сведчыць пазалочаная пацерка з галаўнога ўбору княгіні.
Пад самай гарой цячэ крынічка, ваду з якой капыляне лічаць цудадзейнай. Яна круглы год захоўвае пастаянную тэмпературу сем градусаў, а згодна з лабараторным аналізам вельмі карысная для здароўя.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter