У Гродзенскім Пабрыгіцкім касцёле богаслужэнне вядзецца на некалькіх мовах

Касцёл — гэта адзіны адметны помнік архітэктуры ранняга барока ў Гродне.

Касцёл Дабравешчання Найсвяцейшай Панны Марыі вядомы таксама пад назвай Пабрыгіцкі — гэта адзіны адметны помнік архітэктуры ранняга барока ў Гродне.

У двары кляштара брыгітак, у комплекс якога ўваходзіць храм, захавалася знакамітая гродзенская рэліквія — драўляны лямус, аздоблены галерэяй. Гэта самы стары драўляны будынак у горадзе.

Душа прыводзіць

...Дастаткова зрабіць толькі крок з вузенькай вулачкі Карла Маркса да дзвярэй у высокай сцяне манастырскага комплексу, над якімі ўзвышаецца ікона Маці Божай, каб аказацца ў храме. Векавыя сцены не пускаюць шум і мітусню горада, таму складваецца ўражанне, нібы ты трапіў на астравок своеасаблівай цішыні, дзе становішся бліжэй да Усявышняга. Нездарма гэты крок да храма робяць не толькі каталікі, але і праваслаўныя.

— Без людзей храм памірае, таму мы вельмі рады, што сюды знайшлі дарогу людзі розных веравызнанняў, — гаворыць настаяцель, ксёндз Антоній Грэнза.

Дарэчы, богаслужэнне ў касцёле вядзецца на беларускай, польскай і літоўскай мовах, што так важна для шматнацыянальнага Гродна. А нядаўна тут загучала малітва і на англійскай мове. Скіравана яна перш за ўсё на іншаземных студэнтаў, што вучацца ў гродзенскіх ВНУ. Англамоўныя навучэнцы ўніверсітэтаў рэгулярна наведваюць сустрэчы моладзі ў Гродзенскай епархіі і ўжо даўно выказвалі пажаданне пра мову набажэнстваў. У касцёле ўвогуле знаходзяць прытулак людзі, якім патрэбна дапамога, найперш духоўная.

У гэты храм трапляюць вернікі рознага ўзросту і статусу. Дарэчы, тут сфарміраваліся свайго роду “духоўныя клубы”. У адпаведны час сустракаецца ў храме моладзь, асобна — групы настаўнікаў, урачоў... Гэта адзіны храм у горадзе, дзе праводзіцца малебен на мове жэстаў для глуханямых прыхаджан.

Уваскрэс з руiнаў

Мноства выпрабаванняў за сваю больш як 350-гадовую гісторыю зведаў гэты храм, якому належыць асобая роля i ў гісторыі беларускага дойлідства. Найбольш трагічныя падзеі чакалі яго ў часы мірнага пасляваеннага будаўніцтва. Зачынены ў пачатку 50-х гадоў касцёл выкарыстоўваўся як аптэчны склад, а на тэрыторыі, якая належала кляштару брыгітак, размяшчалася доўгі час псіхіятрычная бальніца. Дарэчы, нават вуліца Брыгіцкая была перайменавана ў савецкі час у вуліцу Карла Маркса.

Новая хваля барацьбы з рэлігіяй у 60-я гады мінулага стагоддзя стала прычынай разбурэння званіцы храма, адной з высотных дамінантаў горада. А ў пачатку 70-х гадоў была знесена паўднёвая частка агароджы з дзвюма абарончымі вежамі, а таксама непаўторная ўсходняя брама. Менавіта таму, што ў пачатку 90-х гадоў ад велічнага храма заставаліся толькі ўспаміны, новаму пакаленню гродзенцаў нічога не гаварыла нават яго назва.

Тым не менш партрэты фундатараў гэтага кляштара, якімі ў 1636 годзе сталі маршалак Вялікага Княства Літоўскага Крыштаф Весялоўскі і яго жонка Аляксандра, упрыгожваюць экспазіцыю Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, як і фрагменты ўнікальнага разнога алтара.

Толькі ў 1990 годзе Касцёл Дабравешчання Найсвяцейшай Панны Марыі (Пабрыгіцкі), а дакладней, яго жахлівыя руіны, былі вернуты каталікам горада. 24 жніўня таго ж года тут адбылося першае набажэнства, пасля якога пачалася рэстаўрацыя велічнага храма. Праз два гады касцёл быў адноўлены пад гістарычным тытулам. А ў чэрвені 1994 года ў Гродне зноў афіцыйна зарэгістравалі супольнасць Сёстраў найсвяцейшай Сям’і з Назарэту — першую адроджаную законную супольнасць на Беларусі. У 2003 годзе кляштарныя карпусы былі цалкам вернутыя курыі Гродзенскай дыяцэзіі, пачалася рэстаўрацыя комплексу.

Адным з важнейшых момантаў адраджэння храма яго рэктар ксёндз Антоній Грэнза лічыць вяртанне святых рэліквій, захаванне памяці аб насельніцах кляштара, малітоўнай сілай якіх і быў адроджаны комплекс. Пад яго эгідай была створана экспазіцыя рэчаў, якія належалі сёстрам-назарацянкам — зараз яна размясцілася ў падвале касцёла.

— Ксёндз Антоній паказвае рэдкія архіўныя фотаздымкі. На іх адлюстравана велічнасць храма, у поўнай меры якую, на жаль, ужо нельга вярнуць. На адным з іх — унікальны арган, лёс якога ў наш час невядомы. Сярод святынь касцёла, якія асабліва шануюцца, — фігурка Маці Божай Фацімскай, вобраз Маці Божай Месінскай.

Вярнуліся ў касцёл і мошчы Святога Клімента, рымскага салдата-мучаніка, заступніка Гродна. Вядома, што ў 1781 годзе гэтая святыня была перададзена Папам Рымскім Гродзенскаму старасце Карлу Хрыптовічу.

Ксёндз Антоній, як і прыхаджане храма, упэўнены, што вяртанне кожнай рэліквіі касцёлу, як і прыход сюды кожнага чалавека — з’ява нябесная.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter