У грамадскай прыёмнай Баранавіцкай раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” вядуць прыём міністры, прадстаўнікі мясцовай улады, дэпутаты і медыкі

Вуліца Гагарына, дом № 40 — гэты адрас у Баранавічах апошнім часам стаў асабліва запатрабаваным сярод тых гараджан, для каго неабыякавы камфорт ва ўласным доме, родным горадзе, сваёй краіне.

Вуліца Гагарына, дом № 40 — гэты адрас у Баранавічах апошнім часам стаў асабліва запатрабаваным сярод тых гараджан, для каго неабыякавы камфорт ва ўласным доме, родным горадзе, сваёй краіне.

Толькі два гады таму ў адным з будынкаў у цэнтры горада адчыніла дзверы грамадская прыёмная гарадской арганізацыі РГА “Белая Русь”, а колькасць яе наведвальнікаў перавысіла ўжо дзве сотні. Найчасцей людзі шукаюць адказ на пытанні па ахове здароўя, па жыллёва-камунальных паслугах і добраўпарадкаванні, працаўладкаванні, іншых сацыяльных праблемах, а таксама па арганізацыі гандлю, транспартнага руху, па грашова-крэдытнай палітыцы. Па той ці іншай справе нехта звяртаецца ўпершыню, для некаторых жа ў іх імкненні быць пачутымі і зразумелымі — гэта зусім не першая інстанцыя. Хтосьці прыходзіць проста пагутарыць, выказаць сваё меркаванне з хвалюючай нагоды.
На чым жа грунтуецца такі давер да грамадскай арганізацыі?

— Мы працуем у цесным кантакце з уладай — каб мець максімальную магчымасць для задавальнення просьбаў ці прапаноў людзей. Грамадская прыёмная — адзін з важных кірункаў работы гарадской арганізацыі РГА “Белая Русь”, — адзначае яе старшыня Анатоль Каленікаў. — Таму што гэта пастаянны, штотыднёвы кантакт з людзьмі, якія заклапочаны нейкімі праблемамі альбо маюць пэўныя прапановы, заўвагі па паляпшэнні дзейнасці асобных структур, гарадскіх службаў. Таму прыём тут вядуць адказныя асобы самых розных узроўняў. Напрыклад, сёлета з жыхарамі Баранавіч сустракаліся міністр транспарту і камунікацый Іван Шчэрба, усе намеснікі старшыні гарвыканкама, тут дзяжураць члены гарадскога Савета дэпутатаў (дарэчы, падчас нядаўніх выбараў 26 з 32 месцаў у прадстаўнічым органе ўлады занялі члены “Белай Русі”, утварыўшы сваю дэпутацкую групу), таксама кіраўнікі прадпрыемстваў, арганізацый.

Актыўнасць наведвальнікаў асабліва павышаецца, калі ў прыёмнай дзяжураць кіраўнікі медыцынскіх устаноў. Карыстаючыся магчымасцю, многія атрымалі альбо канкрэтныя рэкамендацыі, альбо наогул вырашылі пытанне шпіталізацыі ў стацыянар. Кожны месяц у мясцовай газеце “Наш край” мы друкуем графік дзяжурства, каб людзі загадзя маглі арыентавацца, да каго накіравацца са сваім пытаннем.

І работу гэтую, важную і патрэбную, неабходна ўдасканальваць, упэўнены старшыня. Найперш — пашыраць кола адказных асоб, што запрашаюцца працаваць у прыёмнай і па службовых абавязках больш набліжаны да вырашэння праблем, з якімі звяртаюцца людзі: спецыялістаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі, жыллёвай службы гарвыканкама, медыцыны, аддзелаў архітэктуры і будаўніцтва, землекарыстання. Па-другое, у саміх пярвічках — на прадпрыемствах, ва ўстановах, у арганізацыях — лепш вывучаць абстаноўку: чым жыве калектыў, што яго турбуе, на гэтай падставе з пэўнымі прапановамі выходзіць да ўлады і па магчымасці здымаць праблемныя моманты, нават не чакаючы звароту чалавека. Нарэшце, сістэматызаваць інфармацыю па разнастайных праблемных пытаннях, каб больш прадметна наладжваць і ўвогуле работу арганізацыі, і грамадскай прыёмнай у прыватнасці.

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter