Падчас сёлетнега фестывалю міфалогіі ў Лепельскім раёне можна будзе пракаціцца на драўлянай ладдзі

У госці запрашае Цмок

Падчас сёлетнега фестывалю міфалогіі ў Лепельскім раёне можна будзе пракаціцца на драўлянай ладдзі і паспрабаваць сілы ў гісторыка-краязнаўчай гульні.



Права звацца радзімай Цмока было замацавана за горадам яшчэ два гады таму, калі ў Лепелі з’явіўся першы помнік беларускаму дракону. Вядома, лепельцы мелі для гэтага ўсе падставы. Пра тое, што месцам пасялення гэтай дзіўнай пачвары было адно з лепельскіх азёр, можна прачытаць у рамане Уладзіміра Караткевіча “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”.

Лепельцы вераць, што Цмок жыве і цяпер. І не дзесьці там, а на Лепельскім возеры. Да сёння ходзяць сярод месцічаў легенды, што Цмок часам выходзіць з глыбіні возера, абарочваецца ў прыгожага хлопца і заляцаецца да дзяўчат. І калі яны дрэнна сябе паводзяць, то карае іх.

Цмок у беларускай міфалогіі лічыцца не толькі рэгулятарам вод, але і заступнікам сям’і. У Лепелі склалася добрая традыцыя рабіць фотаздымкі падчас вяселля каля скульптур Цмока, якіх у горадзе стала ўжо дзве, і выпрошваць у міфічнай істоты моцных адносін і шчаслівай будучыні.

Сёння Цмок з’яўляецца сапраўдным сімвалам Лепельскага раёна. У развіцці гэтага брэнду вельмі дапамагае шматжанравы фестываль міфалогіі “У госці да Лепельскага Цмока”, які ўпершыню прайшоў тут мінулай восенню. Сёлета фестываль запланавы на 8 жніўня. Гасцей чакаюць выступленні прафесійных і самадзейных калектываў з Беларусі і замежжа, якія выкарыстоўваюць у сваёй творчасці нацыянальную мову і аўтэнтычныя міфалагічныя рэканструкцыі-стылізацыі, музыку, песні і танцы, герояў казак і паданняў.

Таксама арганізатары фестывалю падрыхтуюць для ўдзельнікаў міфалагічнага фэсту рознаўзроставыя інтэрактывы, тэматычны пленэр для юных мастакоў, творчыя майстэрні, кірмашы з беларускімі сувенірамі, гісторыка-краязнаўчую гульню “У госці да Цмока”, навукова-практычную канферэнцыю па пытаннях папулярызацыі міфалогіі, прэзентацыі аграэкасядзіб. Прыемным сюрпрызам для ўсіх стане магчымасць пакатацца па Лепельскім возеры на сапраўднай 30-мясцовай драўлянай ладдзі, якую пабудаваў майстар з Паставаў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter