Герояў беларускіх казах, міфаў і легенд можна будзе ўбачыць у Мінску да канца лета

У госці да Жэўжыка і Дамавіка

Герояў беларускіх казах, міфаў і легенд можна будзе ўбачыць у Мінску да канца лета.

Хто хоць аднойчы пагартаў зборнік беларускага фальклору, той упэўніўся, наколькі багатая наша міфалогія з яе Дамавікамі, Шатанамі, Злыднямі, Пярэваратнямі і Чарнакніжнікамі. На жаль, закансерваваны ў этнаграфічных даследаваннях і мастацкай літаратуры XVIII—XIX стагоддзяў гэты цікавы свет практычна ніяк не прысутнічае ў сучасным медыяасяроддзі. Цяжка нам назваць вядомыя мастацкія фільмы або камп’ютарныя гульні на гэтую тэму.

Выстава “Старыя героі — новы свет. Героі беларускіх казак, міфаў і легенд”, якая ўжо сёння распачынае працу ў Музеі гісторыі беларускага кіно, павінна крыху выправіць дадзеную сітуацыю. Яна пазнаёміць наведвальнікаў з такімі фальклорнымі персанажамі, як Ёўнік, Жыцень, Жэўжык, Дамавік, Злыдні, Шатаны, Лазавік і Дзедка не па кніжках, а з дапамогай роставых скульптур, змешчаных у арыгінальны мультымедыйны кантэнт, які спалучае кароткаметражную анімацыю і аўтарскае відэа, знятае ў розных гарадах і мястэчках Беларусі.

Выстава з’яўляецца часткай праекта LIPA.CLUB, які мае на мэце папулярызацыю беларускага сучаснага мастацтва ў свеце. Мяркуецца, што экспазіцыя стане пралогам да стварэння новых скульптур, анімацыі пра іншых герояў, гульнявых рашэнняў у галіне віртуальнай і дапоўненай рэальнасці, паказу выставы ў іншых гарадах і краінах і дапаможа заявіць пра Беларусь як дзяржаву з унікальнай гісторыяй і высокім культурным патэнцыялам.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter