У госці да Касцюшкі

У палацава-паркавым ансамблі «Мерачоўшчына» прайшлі ўрачыстасці, прысвечаныя 262-м угодкам знакамітага земляка.
Гераічны вобраз Т. КасцюшкіУ палацава-паркавым ансамблі «Мерачоўшчына» прайшлі ўрачыстасці, прысвечаныя 262-м угодкам знакамітага земляка.

Памяць пра славутага сына зямлі беларускай, ваеннага і палітычнага дзеяча Еўропы і Амерыкі, нацыянальнага героя Польшчы, ЗША, ганаровага грамадзяніна Францыі Андрэя Тадэвуша Банавентуру Касцюшку ўшанавалі на яго радзіме прадстаўнікі не толькі вышэйзгаданых краін, але і Літвы, Украіны, Швейцарыі.

Былі ўскладзены кветкі да памятнага знака — вялізнага каменя-валуна з барэльефам, на якім выява Касцюшкі. У цырымоніі ўдзельнічала кіраўніцтва Івацэвіцкага раёна, прадстаўнікі Міністэрства замежных спраў Беларусі, пасольстваў ЗША, Польшчы, Швейцарыі, Літвы, Украіны. У адноўленай сядзібе Тадэвуша Касцюшкі ўпершыню быў паказаны 19-хвілінны фільм, створаны беларускімі кінематаграфістамі і журналістамі на сродкі ЮНЕСКА. У ім расказваецца пра лёс нашага земляка і пра тое, як ішло аднаўленне палацава-паркавага ансамбля.

Госці ўручылі супрацоўнікам музея падарункі — у асноўным карціны, якія стануць экспанатамі. Сам палацава-паркавы ансамбль «Мерачоўшчына», які займае цяпер больш за 50 гектараў, чакае значнае аднаўленне. Зацверджана Дзяржаўная інвестыцыйная праграма, паводле якой плануецца накіраваць значныя сродкі на аднаўленне аб´ектаў. Напрыклад, на работы ў Косаўскім палацы Пуслоўскіх, што ўваходзіць у склад ансамбля, будзе выдаткавана 22 мільярды рублёў.

На базе адноўленага палаца плануецца стварыць гасцінічна-турыстычны комплекс. Ужо распрацавана праектная дакументацыя рэстаўрацыі палаца, з фрагментамі якой і пазнаёміліся госці. Можна было пабачыць узоры некаторых пакояў, залаў кафэ і нават ванных — тое, як яны будуць выглядаць літаральна гады праз тры-чатыры. Адным словам, на тэрыторыі палацава-паркавага ансамбля чакаецца грандыёзная будоўля, работы пачнуцца ў бліжэйшы час.

Іван Мірскі
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter