У горадзе, на вясковы лад. Каб усім нам такую працавітасць і спрытнасць, як Кісялям, вось бы мы зажылі, многія праблемы адпалі б самі сабой!

Раней Кісялі жылі ў добраўпарадкаванай кватэры, якую гаспадар атрымаў, працуючы на Бабруйскай ЦЭЦ-2. А тут дачка выйшла замуж. Куды дзявацца маладажонам? Вось і вырашылі аддаць ім жыллё, а самі перасяліліся ў раней куплены драўляны дом на беразе Бярэзіны. У некалькіх дзесятках метраў ад яго – гарадскія кварталы, а тут – сельская вулачка, што патанала ў зеляніне. Мікалай Іванавіч як майстэрскi чалавек тут жа прыбудаваў веранаду, паставіў агароджу, усё зрабіў па-гаспадарску.
А чым займацца Ганне Іванаўне, якая якраз збіралася на пенсію? Сядзець без справы – гэта не па ёй, бо заўжды была актывісткай па жыцці. І калі працавала поварам, а затым – намеснікам дырэктара па гаспадарчай частцы і загадвала фабрычным інтэрнатам. Усюды. Напэўна, гэта з нараджэння. Ды ў дадатак сіроцтва, той факт, што давялося “паспрабаваць” дзіцячага дома, прывучыла. Ну такой натуры чалавек. Вось і ўзяліся... за коз. Спачатку адну купілі, потым – другую, зараз іх аж паўсотні. Сказаць толькі, а трэба ж з імі ўпраўляцца: карміць, даіць, памяшканні чысціць. Ды ці мала якія клопаты! — Як вам гэта ўдаецца? – пытаемся ў гаспадыні. — Працуем, — адказвае яна. – У пяць гадзін раніцы – на нагах. І адразу прымаемся за справу. Раней адну казу за гадзіну выдойвала, а цяпер з двумя дзесяткамі спраўляюся. — Вядома, на жонку болей кладзецца, — уступае ў размову Мікалай Іванавіч, — але і мне клопатаў хапае. Гэта перш за ўсё забеспячэнне жывёлы кармамі. Летам – сена, караняплоды, зімой – канцэнтраты. Неяк было прыхварэла Ганна Іванаўна, цяжка згінацца, дык Дашка, а за ёй усе астатнія козы ўзбіраліся на гэткія драўляныя палічкі, каб лягчэй было іх даіць. А то заспаў пастух, козы ўслед за вядучай роўненькім строем і прыйшлі дамоў. У кожнай – і паспрабуй яго займі – сваё месца. Зрэшты, як і нораў, характар. Ты да іх добра — яны да цябе ўдвая лепш! Канешне, даводзіцца і літаратуру пачытваць, па ходу асвойвацца. “Галоўнае ж, — падкрэсліваюць гаспадары, — каб не прападала жаданне займацца любімай справай!” Заўважым, што, акрамя коз, Кісялі трымаюць некалькіх свіней ды чатыры дзесяткі курэй, ужо не кажучы пра сабак, катоў, якія, відаць, адчуваюць добрую душу гаспадароў, збіраюцца ледзь не з усяго наваколля. А яшчэ ж конь-прыгажун ёсць. Вось такая гаспадарака ў горадзе, ды на вясковы лад! Куды, спытаеце вы, дзяваецца прадукцыя, тое ж малако? Сабе, дзецям, унукам. Ну а таксама на продаж. Пакупнікоў хапае. Казінае малако – гаючае. І дарослым, і дзецям рэкамендуецца ўжываць. Многія вось так свой арганізм умацоўваюць. І калі сустракаюць Мікалая Іванавіча ў горадзе, не ўтрымліваюцца, каб не сказаць: “Дзякуй, доктар!”. Калі і існуе праблема, дык гэта з выпасам коз. Справа ў тым, што бліжэйшы луг адышоў да мясцовага фермера, даводзіцца ганяць жывёлу аж пад Лукаву гару. Шлях няблізкі ды і не зусім бяспечны. Шмат нязручнасцей. Як выйсці з гэтай сітуацыі? Гаспадары спадзяюцца на дапамогу мясцовых улад, да якіх ужо звярталіся. І не адны яны, а многія тутэйшыя жыхары, якія маюць кароў, іншую жыўнасць. Праблема існуе, і яе трэба вырашаць. Я быў у доме Кісялёў, знаёміўся з іх гаспадаркай. Уражанне засталося: малайцом, не перавяліся ў нас працавітыя людзі!
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter