У гонар славутага творцы

У Маладзечне ўбачыць свет опера «Міхал Клеафас Агінскі»

Унікальная опера сёлета ўбачыць свет у Маладзечне

Такой падзеяй адзначыць сваё 55-годдзе Маладзечанскі дзяржаўны музычны каледж імя Міхала Клеафаса Агінскага. Плануючы юбілейныя мерапрыемствы, яго дырэктар заслужаны дзеяч культуры Беларусі Рыгор Сарока проста не мог паступіць трывіяльна: не такая натура ў творчага, апантанага сваёй справай чалавека. «Гэта павінна быць опера, і назва ёй — «Міхал Клеафас Агінскі», — выказаў ён ідэю. З цікавасцю яе падхапілі ў калектыве. За справу ўзяліся з энтузіязмам, бо каледж ужо мае адметны вопыт пастаноўкі опер, што дазваляе рабіць высокі прафесійны ўзровень.

«Да гэтай справы я падключыў свайго сябра кампазітара Алега Залётнева. Ён, дарэчы, напісаў рамантычную монаоперу «Адзінокі птах» пра жыццё і смерць Адама Міцкевіча. Лібрэта піша Сяргей Макарэй, зараз усе актыўна працуюць з матэрыялам, свае партыі развучвае хор, думаем пра касцюмы. Шмат працы чакае калектывы сімфанічнага аркестра і маладзёжнага музычнага народнага тэатра нашага каледжа, якія ўвасобяць ідэю ў жыццё. Вельмі цікава заварочваецца сюжэт, а пачынацца будзе тым, што Міхал Клеафас у Залессі сабраў сваіх сяброў, каб развітацца з імі, ад’язджаючы ў Італію. Напісана цудоўная арыя, яна завецца «Дзе ты, мая Радзіма?», — расказвае Рыгор Сарока.

Для стварэння оперы ёсць не толькі творчы, але і фінансавы падмурак — атрыманы спецыяльны грант Мінскага аблвыканкама.

Прэм’ера адбудзецца ў канцы года, зразумела, у Маладзечне. Стваральнікі оперы прадказваюць ёй поспех, цікавае жыццё і шмат падарожжаў па розных краінах, дзе паважаюць Міхала Клеафаса Агінскага, вядомага палітычнага дзеяча і славутага кампазітара.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter