У Гомелі ратавалі... Новы год

У Савецкім раёне Гомеля прайшло шоу «Дзяды Марозы на лёдзе»

Аказваецца, за тое, каб 2013-ы не проста надышоў, а быў абавязкова шчаслівым і паспяховым, трэба ўпарта пазмагацца... з нячыстай сілай.

Як гэта барацьба часам вядзецца, змаглі ўбачыць на свае вочы сотні жыхароў і гасцей Савецкага раёна горада Гомеля.

Усіх жадаючых раённая адміністрацыя запрасіла на відовішчнае шоу «Дзяды Марозы на лёдзе, або Баба-яга супраць», што адбылося на лядовай арэне ўніверсальнага катка па Рэчыцкай шашы. Каб здабыць клюшкі для гульні ў хакей, галоўным персанажам навагодніх святаў давялося арганізаваць гэткі танцавальны флэшмоб. Тым не менш і пасля атрымання хакейных атрыбутаў «чырвоным» Дзядулям не ўдалося супрацьстаяць у спартыўным паядынку «сінім». У планы добрых персанажаў умяшалася шкадлівая Баба-яга і падначаленыя ёй нячысцікі. Замест клюшак гэта нечысць была ўзброена венікамі ды тазамі. Паядынак пайшоў не «за жывот», а за Новы год. Займальная тэатралізацыя ператварылася ў святочнае рэвю на лёдзе з элементамі вясёлай спартландыі і фаер-шоу. Незвычайны хакей завяршыўся ашаламляльнай перамогай Дзядоў Марозаў (пераапранутых студэнтаў гомельскіх ВНУ і інструктараў па спорце прадпрыемстваў Савецкага раёна). Лік так званай гульні — 2013:0. А пасля яе галоўны Дзед (цудоўна ўжыўся ў гэту ролю кіраўнік Гомельскага маладзёжнага тэатра Юрый Вута) уручыў пераможцам падарункі. Пашкадаваў навагодні герой і пераможаную Бабу-ягу: узнагародзіў яе пасля абяцання не рабіць шкоды абанементам у спартыўную залу. Балельшчыкам жа прапанавалі выступленні беларускай эстраднай зоркі Германа і тэатра агню, а дзецям — забаўляльную праграму.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter