У Глыбокім выбіралі лепшыя фільмы на «MAGNIFIKAT-2014»

У Глыбокім выбіралі лепшыя са ста фільмаў

У ЧАЦВЕР у Глыбокім завяршыў сваю работу традыцыйны X Міжнародны каталіцкі фестываль хрысціянскіх фільмаў  і  тэлепраграм   «MAGNIFIKAT-2014»...
У ЧАЦВЕР у Глыбокім завяршыў сваю работу традыцыйны X Міжнародны каталіцкі фестываль хрысціянскіх фільмаў  і  тэлепраграм   «MAGNIFIKAT-2014». Ён стаў самым адметным і па колькасці ўдзельнікаў, і па аб’ёме прадстаўленых на конкурс творчых работ: з 16 краін свету было прагледжана каля ста фільмаў.

04-1.png— Але галоўнае не колькасць, а якасць, — падкрэсліў нязменны старшыня фестывалю Юрый Гарулёў. — Кінафорум за 10 год набраў моцы, стаў вельмі прэстыжным, і прыехаць ў Глыбокае было яшчэ больш жадаючых. Мы праводзілі даволі строгі адбор работ. Асноўны крытэрый — фільмы павінны будзіць у людзях адвечныя хрысціянскія каштоўнасці: дабрыню, міласэрнасць, згоду.

І таму нядзіўна, што для міжнароднага журы, якое ўзначальвала Крысціна Лялько, няпроста было вылучыць лепшых. Дыпломамі і прызамі адзначаны 24 фільмы і тэлепраграмы.

Чатыры стужкі атрымалі спецыяльныя прызы Глыбоцкага райвыканкама. У тым ліку «Сейбіт» польскага рэжысёра Юрыя Каліны.

Прыз за лепшы дакументальны фільм «Танга Папы» атрымаў польскі рэжысёр і сцэнарыст Кшыштаф Журоўскі. А вось лепшай тэлепраграмай прызнана «Рана ў сэрцы. Міхал Клеафас Агінскі» — ВТРУП «Беларускі відэацэнтр». Аўтар сцэнарыя — Алена Антанішына, рэжысёр — Анастасія Мірашнічэнка, якая, дарэчы, родам з Глыбокага і на цырымонію ўзнагароджвання прыйшла разам са сваёй бабуляй Валянцінай Паўлаўнай Скобавай.

Гэты фільм — адкрыццё нашага суайчынніка з іншага боку. Яго ведалі як кампазітара, аўтара паланэза «Развітанне з Радзімай»... На самай жа справе ён патрыёт, дыпламат, дзяржаўны дзеяч, які аддаў усё сваё жыццё служэнню Радзіме: абараняў інтарэсы Беларусі ў час падзелу Рэчы Паспалітай, прымаў актыўны ўдзел у паўстанні Тадэуша Касцюшкі. Быў вымушаны эмігрыраваць у Італію. Там ён і пахаваны ў Фларэнцыі ў касцёле побач з грабніцамі Галілеа Галілея і Мікеланджэла. На працягу ўсяго фільма гучыць толькі музыка Агінскага.

А галоўны прыз фестывалю, Гран-пры, атрымалі Ігар Бышнёў і Юрый Ігруша, таксама з «Беларускага відэацэнтра», за дакументальную кінастужку «Дачка Прыпяці». У ёй — хвалюючы расказ пра адзінокую жанчыну, якая жыве ля ракі і, нягледзячы на ўсе перашкоды, цяжкія выпрабаванні, захоўвае чысціню душы, чуласць сэрца.

Уладзімір САУЛІЧ, «СГ»

НА ЗДЫМКУ: пераможцы ў намінацыі «Лепшая тэлепраграма» — сцэнарыст Алена АНТАНІШЫНА і рэжысёр Анастасія МІРАШНІЧЭНКА.

Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter