У Глыбокім было слова

Гасцінная Віцебшчына ў пяты раз стала эпіцэнтрам рэспубліканскага свята Дня  беларускага  пісьменства...

Гасцінная Віцебшчына ў пяты раз стала эпіцэнтрам рэспубліканскага свята Дня  беларускага  пісьменства

а гэты раз свой родны горад не пазналі нават старажылы. Не варта, бадай, гаварыць аб тым, што ён вельмі папрыгажэў і набыў нейкі асабісты сучасна-еўрапейскі выгляд. Гэта бясспрэчна. Зараз даволі цяжка параўнаць яго з нядаўнім, звыклым для ўсіх нас Глыбокім. Важна адзначыць, што сюды ў гэтыя дні завітала столькі гасцей, колькі ўжо даўно не бачылі мясцовыя вулачкі. Цэлая рака святкуючых, здаецца, вось-вось была гатова выйсці са сваіх берагоў і разліцца далёка па наваколлі.

…Трыумфальна-радасны напеў шматлікіх званоў гучыць высока над зямлёй, а паўсюдна ў горадзе, захапіўшы нават маленькія скверы і вуліцы, шуміць-бяжыць свята. Нездарма ўсім гасцям тут раздавалі спецыяльныя карты, каб яны маглі арыентавацца ў святочным Глыбокім і знайсці менавіта той куток, дзе адбываецца патрэбнае ім мерапрыемства. А тым, хто не меў канкрэтнай мэты, а проста адпачываў, атрымліваючы асалоду ад атмасферы ўсенароднага гуляння, было паўсюль весела. Кожны з районаў Прыдзвіння абсталяваў тут свой яркі панадворак са шчодрымі сталамі, прыветлівымі гаспадынямі, вясёлымі сама­дзейнымі артыстамі, конкурсамі ды жартоўнымі спаборніцтвамі. Акрамя таго, на гарадскіх вуліцах можна было азнаёміцца з нацыянальным каларытам, асаблівасцямі народнай кухні і мастацтвам суседніх краін. Правесці гадзіну-другую свайго вольнага часу ў гасцях запрашалі яўрэйскі, латышскі, польскі, украінскі, армянскі ды іншыя панадворкі.

Тут жа прапаноўвалі арыгінальныя вырабы народныя майстры. Знайсці падарунак альбо незвычайны сувенір можна было на любы густ — ад прыгожай карціны з адлюстраваннем мясцовага краявіду да казачнага веера, ад мяккай рознакаляровай падушкі да цуда-букета, зробленага з залацістай саломкі. Жадаеш узяць майстар-класс у сапраўднага прафесіянала? Калі ласка! Вось настаўнік французскай мовы з горада Фёр Жан-Клод Фрабер уважліва слухае пажылую беларускую ткачыху і з гатоўнасцю выконвае ўсе яе інструкцыі, прычым ні рускай, ні беларускай моў зусім не ведае. Тым не менш паміж «настаўніцай» і яе «вучнем» поўнае ўзаемаразуменне. З-за ткацкага станка Жан устае задаволены — у яго ў рэшце рэшт усё атрымалася, а майстрыха ў якасці высокай адзнакі вучнёўскіх здольнасцей падаравала госцю з Францыі сапраўдны рушнік, зроблены сваімі рукамі.

Але забавы забавамі, а галоўныя па­дзеі свята не чакаюць. Акрамя цэнтральнай сцэны яны разгортваюцца і на пло­шчы 17 Верасня, дзе абсталявалі свае павільёны шматлікія ўдзельнікі фестывалю кнігі і прэсы. Тут можна было азнаёміцца с рэспубліканскімі газетамі і часопісамі, сустрэцца с журналістамі розных выданняў, набыць навінкі літаратуры, зрабіць экскурс у мінулае друкарні. І найбольш значныя гістарычныя для райцэнтра падзеі, прымеркаваныя да Дня беларускага пісьменства, таксама пачаліся тут. З удзелам старшыні Віцебскага аблвыканкама быў адкрыты сквер славутых землякоў-глыбачан. Яго ўпрыгожылі бюсты тых людзей, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё не толькі Глыбоцкага раёна, але і краіны, і нават сусвету ў цэлым.

Цікава, што такая вялікая Алея Славы ў гонар выдатных беларускіх дзеячаў, дзе адначасова ўшанавана памяць 8 суайчыннікаў, вартая статуса з’явы неардынарнай. Перш за ўсё, гэта сведчанне таго, што беларускі народ беражліва адносіцца да сваёй гісторыі, нашчадкі высока цэняць яе славутыя старонкі, у розныя часы напісаныя нашымі продкамі. На ўрачыстае адкрыццё сквера былі запрошаны аўтары твораў манументальнага мастацтва — вядомыя беларускія скульптары, а таксама члены замежных афіцыйных дэлегацый, прадстаўнікі дыпкорпуса. Старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Ко-сінец у сваім выступленні адзначыў, што людзі, у гонар якіх адкрываецца алея, зрабілі вельмі многае для развіцця беларускага асветніцтва, культуры, адукацыі, сваёй працай і грамадскай дзейнасцю забяспечыўшы падмурак для росквіту роднай зямлі. Сярод герояў — мецэнат Іосіф Корсак, на сродкі якога ў Глыбокім пабудаваны касцёлы, пісьменнік, мастак, фалькларыст і археолаг Язэп Драздовіч, заснавальнік айчыннага тэатра Ігнат Буйніцкі, паэт Алесь Дубровіч, Герой Савецкага Саюза Пётр Казлоў, двойчы Герой Сацыялістычнай працы, генеральны канструктар авіяцыйнай тэхнікі Павел Сухой, пісьменнік, гісторык, першы дырэктар Беларускага дзяржаўнага музея Вацлаў Ластоўскі, стваральнік сучаснай мовы іўрыт Дзяржавы Ізраіль Лазар Перальман (Эліязэр Бен-Іягуда). Акрамя таго, у Глыбокім былі ўстаноўлены мемарыяльныя дошкі пісьменніку Лявонцію Ракоўскаму і грамадскаму дзеячу 20—30-х гадоў XX стагоддзя архітэктару Клаўдзію Дуж-Душэўскаму. Усё гэта набывае асабісты змест з улікам маючага адбыцца 600-годдзя города Глыбокае, якое будзе адзначацца ў 2014 годзе. Паказальна, што ў цяперашніх святочных мерапрыемствах прыняла ўдзел унучка славутага авіяканструктара Паўла Сухога, у гонар якого калісьці атрымаў назву легендарны самалёт СУ.

…Прама ад плошчы 17 Верасня святочнае шэсце накіроўваецца да галоўнай сцэны 19-й па ліку сталіцы Дня беларускага пісьменства. Затым адбываецца яшчэ адна знамянальная для райцэнтра падзея: старшыня аблвыканкама Аляксандр Косінец і старшыня праўлення «Белкаапсаюза» Сяргей Сідзько разразаюць традыцыйную чырвоную стужку, пасля чаго гасцінна адчыняе свае дзверы для першых пакупнікоў новы сучасны гандлёвы цэнтр пад назвай «Родны кут». Яго сучасны шкляны будынак, агульная плошча якога перавышае 4,5 тысячы квадратных метраў, цяпер з’яўляецца сапраўдным упрыгожваннем цэнтральнай часткі города.

І вось урачыстасць, нарэшце, дасягае даўгачаканага апагея. Намеснік прэмьер-міністра Рэспублікі Беларусь, старшыня нацыянальнага арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзеннi Дня беларускага пісьменства Анатоль Тозік зачытвае прывітальнае слова ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі да ўдзельнікаў і гасцей свята. Асобы акцэнт на тое, што гэта ўрачыстае мерапрыемства праходзіць на глыбоцкай зямлі ў Год кнігі, у год 130-годдзя з дня нараджэння знакамітых беларускіх класікаў літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа. Анатоль Тозік ад імя аргкамітэта выказаў падзяку Віцебскаму аблвыканкаму і Глыбоцкаму райвыканкаму, а таксама асабіста іх кіраўнікам Аляксандру Косінцу і Алегу Морхату, усім міністэрствам і ведамствам за якасную падрыхтоўку города да Дня беларускага пісьменства. Анатоль Афанасьевіч адзначыў, што госці прыемна ўражаны знешнім выглядам старажытнага Глыбокага, той сардэчнасцю, якой сустракаюць сёння глыбачане гасцей.

…А крыху пазней уладарамі святочнай сцэны сталі сімвалічныя тэатралізаваныя персанажы: кніга-рарытэт, сучасная беларуская кніга і электронная. Надзвычай хутка інфармацыйныя крыніцы розных часоў і розных пакаленняў знайшлі агульную мову на карысць чытача і зрабілі выснову: галоўнае — несці людзям дабро і быць запатрабаванымі. Іх пазнавальныя, асабліва для моладзі, дыялогі чаргаваліся з выступленнямі вядомых эстрадных і танцавальных калектываў. У заключэнне цырымоніі ўрачыстага адкрыцця свята гледачы мелі магчымасць вітаць самых таленавітых творцаў — беларускіх пісьменнікаў і паэтаў, пераможцаў рэспубліканскага конкурсу на лепшы літаратурны твор. Конкурс праводзіўся па 10 намінацыях. Магчыма, у будучым годзе ў іх пераліку з’явіцца яшчэ адна: старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец выступіў з прапановай штогод адзначаць лепшы твор замежнага аўтара аб нашай краіне.

Дарэчы, удзельнікамі свята ў Глыбокім сталі больш за 100 айчынных пісьменнікаў, да іх далучыліся калегі з Расіі, Украіны, Азербайджана, Таджыкістана, Сербіі, Чарнагорыі і Туркменістана.

Свята завершана, узнагароды знайшлі сваіх герояў, эстафета, як і сімвалічны вымпел гораду-сталіцы, перададзены ў Магілёўскую вобласць — старажытнаму Быхаву. Галоўнае ж, як адзначыў міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Алег Праляскоўскі, у тым, што Дзень беларускага пісьменства за даволі кароткі тэрмін стаў урачыстасцю агульнанароднай, ён праводзіцца ў тых гістарычных і культурных цэнтрах, якія адыгрываюць найбольш адметную ролю ў жыцці краіны. У выніку мы не проста звяртаемся да гісторыі, пералістваючы надзвычай яскравыя яе старонкі, але і адраджаем самыя каштоўныя ў гэтым плане населеныя пункты, сапраўдныя цэнтры беларускай культуры і мастацтва, даем ім новы імпульс для далейшага росквіту і развіцця.

На здымках: на свяце Дня беларускага пiсьменства ў Глыбокiм.

Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter