У гасцях у казкі

Валянцін Лукша пра Губку Боб і ўвагу органаў ЦК да дзіцячых кніжак

Валянцін Лукша пра Губку Боб і ўвагу органаў ЦК да дзіцячых кніжак

“Мы — гэта казкі, якія нам чыталі ў дзяцінстве”, — упэўнены Валянцін Лукша, вядомы літаратар, член Саюза пісьменнікаў Беларусі. Дзівосныя гадзіннікі, пралескі, гусі-лебедзі і, вядома, самі дзеці пяром стварылі ў свядомасці майстра сапраўдны чароўны свет, у які ён запрашае тых, хто гатовы да прыгодаў. Пасівелы, але з заўсёднай таямнічай усмешкай на вуснах, старшыня секцыі дзіцячай літаратуры Саюза пісьменнікаў Беларусі расказаў пра свае крыніцы натхнення.

Мы сустрэліся шэрай мокрай раніцай. Нягледзячы на тыповае восеньскае надвор’е, Валянцін Антонавіч выглядаў бадзёра.
— Я не магу без працы. З васьмі ўжо на нагах. Трэба пісаць! Я, напэўна, прыкаваны да манітора. Калі не сяду за камп’ютар, то дзень можна лічыць згубленым.
Апрануты ў модны спартыўны касцюм, пісьменнік упэўненай хадой рушыў да кніжнай шафы. Хатняя бібліятэка адразу ўразіла мяне. Чаго тут толькі няма: ад хрэстаматыйнай класікі да зусім рэдкіх экземпляраў!.. Але ж самыя яскравыя і прыгожыя жыхары паліц — дзіцячыя кніжкі, многія з якіх напісаў сам гаспадар кватэры.
— Сучаснай моладзі пашанцавала. Усё ёсць: кнігі, часопісы, Інтэрнэт... У нашага пакалення толькі радыёпрыёмнік стаяў і дзесятак зачытаных да дзірак кніжак.
Што цягне чалавека да пяра? Напэўна, кожны пісьменнік адкажа па-свойму. Прыгожае самабытнае беларускае слова Валянцін чуў з дзяцінства. Полаччына, адкуль ён родам — край, поўны цудаў.
— Тут пад кожным курганом і каменем то быліна, то казка чароўная, як трапна сказаў паэт.
Маці пісьменніка выкладала ў школцы ў пачатковых класах, добра ведала мову і фальклор.
— Напрыклад, улетку, калі вельмі горача, маці ў мяне запытала: “Чаму ты такі спетранелы?”. Мала хто зразумее цяпер гэтае слова. Растлумачу: ад назвы дня Пятроўка. У той дзень кажуць: “Прыйшоў Пятрок, апаў лісток”. Мама мела на ўвазе, што як завялы, пануры.
Пра тое, што некалі ён будзе пісаць для дзетак, Валянцін Антонавіч у маладосці нават не думаў. Па модзе тых часоў яго натхнялі іншыя рэчы: будаўніцтва заводаў-гігантаў, асваенне Поўначы, дзяўчаты і гарачы Каўказ. Ён працаваў у полацкай газеце, шмат вандраваў, так што нагод сесці за паперу было багата. Але самыя неверагодныя чароўныя рэчы адбываліся ўсё ж у дзяцінстве і юнацтве.
— Калі я вучыўся у лясным тэхнікуме, нас паслалі на бульбу ў вёску Сенькава, на Расоншчыну. Мы жылі ў старэнькай бабулі. Яна нам, як малым, байкі баяла, а мы ўжо дарослыя былі — гадоў па пятнаццаць. А потым да мяне самога пачало прыходзіць натхненне. Памятаю, ноччу цёмнай запалю святло і пішу: “Хозяюшка-старушка наша варить на славу может кашу” і гэтак далей. Смешна цяпер. Гэта былі вершы-парывы.
Дзіцячая літаратура пачалася, як кажа Валянцін Антонавіч, з дзіцяці. Дачка Таня, якая сёння, дарэчы, дацэнт БДУ і кандыдат фізіка-матэматычных навук, амаль кожны дзень прапаноўвала бацьку новы цікавы сюжэт для верша. У савецкія часы ў Мінску знайсці сшытак з беласнежнай глянцавай паперай было складана. Прыходзілася прывозіць з Масквы. І вось да першага верасня Тані набылі паўсотні добрых сшыткаў, каб прыемна ёй было ў іх пісаць. Не прайшло і тыдня, як стос амаль знік.
— “Таня не хавае зла — новы сшытак пачала!”. Як высветлілася, мая дзяўчынка выкідала іх, калі адзнака была не вельмі добрай! Я адразу напісаў пра яе жартаўлівы вершык, яна не пакрыўдзілася, смешна самой стала.
Унук Ваня, які ўжо рыхтуецца паступаць ва ўніверсітэт, таксама “апынуўся” на старонках дзедавых кніжак. Маленькі Іван вельмі не любіў ездзіць на канікулы ў вёску да сваякоў. Ці гэта справа, калі ў сельпо нават марожанага няма? Валянцін Антонавіч прыдумаў ад імя ўнука скаргу ў вершах.
— “Жыву ў вёсцы ўдалечы ад дому, адлік журботным дням душа вядзе, а недзе шыльдай зіхаціць Макдональдс...”, — усміхаецца Валянцін Антонавіч. — Я добры дзед, усё дазваляю. Пад прымусам нават кошка нічога рабіць не будзе, як кажа Куклачоў. Я заўсёды прапаноўваю малодшаму пакаленню права выбару. Яны разумныя, самі разбяруцца.
Дарослы можа не звярнуць увагі ці спусціць з рук аўтару якуюсьці недарэчнасць, дзіця ж ніколі не падманеш. Сакрэт папулярнасці кніжкі — гэта сюжэт, які вядомы кожнаму малому: тое, што здараецца з ім дома, у дзіцячым садку або ў школе, у цырку і ў двары. Але без маралі не абысціся. Сучасныя творы пра Гары Потэра, Губку Боб і Пікачу падабаюцца Валянціну Лукшу.
— Героя можна выдумаць, намаляваць у сваёй свядомасці. Не мае розніцы, кім ён будзе: жывёлай, чалавекам або нейкай рэччу. А што, Майдадыр быў звычайным? Малюнкі, вобразы павінны быць яскравымі і запамінальнымі. Я гляджу модную сучасную анімацыю з асалодай.
Тым не менш, лічыць Валянцін Лукша, “дзівакі нам у грамадстве не патрэбны”.
— Трэба выхоўваць людзей, якія будуць падрыхтаваны да працы, да абароны сваёй зямлі. Калі казка з-за вуха выцянута і з пальца высмактана — гэта небяспечна.
Увага савецкай улады да дзіцячых твораў не была фанатычнай, успамінае Лукша, але па правілах кожную кніжку трэба было зацвярджаць у ЦК. Праглядалі па дыяганалі, тым не менш былі выключэнні.
— Эдуард Скобелеў напісаў “Прыгоды Арбузіка і Бябешкі”. Цудоўная казка! Але былі ў пісьменніка ворагі, вось і задумалі яму насаліць, пачалі пісаць, што быццам двухсэнсоўнасць атрымліваецца, празрыстыя намёкі на палітычных дзеячаў у дзіцячай кніжцы, уяўляеце? Добра, што ў справу ўмяшаўся Сяргей Міхалкоў. Потым Скобелеў атрымаў дзяржаўную прэмію, а “Арбузік і Бябешка” пачалі карыстацца вялікім поспехам. Не проста складваўся лёс і трылогіі Алеся Савіцкага “Дзівосы Лысай гары”, але ж яна таксама была ўзнагароджана дзяржаўнай прэміяй.
На жаль, сучасныя беларускія аўтары вялікім попытам не карыстаюцца. Загадчык секцыі дзіцячай літаратуры з сумам агучвае несуцяшальныя лічбы. З маленства юнае пакаленне гуляе ў камп’ютарныя войны і глядзіць другасортныя мультфільмы. Бацькі задаволены: пакуль малыя “заняты”, можна зарабіць грошы. Але ж успомніце сябе ў дзяцінстве: ці было для вас штосьці больш захапляльнае, чым прыгоды Пэпі і Карлсана? Або прыгадайце Дзяніску Караблёва, якога вы ў сапраўднасці лічылі сваім сябрам. Пачытайце сваім любым дзеткам казкі. А яшчэ лепш — на роднай мове. Неўзабаве, дарэчы, выйдзе новая кніга Валянціна Лукшы “Дзень-залацень” (жартаўлівыя вершы пра дзяцей і самае дзівоснае, што ёсць у свеце). Шукайце ў кнігарнях!

Валянцін Лукша раіць пачытаць дарослым і дзеткам:

Уладзімір Ліпскі. “Янкаў вянок” (пра дзіцячыя гады Янкі Купалы).
Уладзімір Мазго. “Цуда-вуда” (лепшая кніжка 2008 года).
Мікола Чарняўскі. “Сонечны кошык” (лепшыя творы пісьменніка за паўстагоддзя творчай дзейнасці).
Алена Масла. “Вандроўка з божымі кароўкамі”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter