У гасцінную Самару – са сваімі песнямі

У Паволжы штогод пад час свята “Дажынкі” ладзіцца вялікі беларускі дзіцячы фэст мастацтваўКажуць, для таго, каб лепш ведаць краіну, трэба пазнаёміцца з яе культурай, нацыянальнымі традыцыямі і звычаямі. Асаблівае значэнне гэта мае для людзей, якія жывуць за мяжой, удалечыні ад Бацькаўшчыны. Такія думкі былі ў Ірыны Глускай, прэзідэнта Самарскай абласной грамадскай арганізацыі беларусаў “Руска-Беларускае Братэрства 2000”, калі яна вырашыла ладзіць на самарскай зямлі дзіцячыя фэсты мастацтваў “Беларусь — мая песня!”. Першы з іх прайшоў у 2004 годзе, і яны ладзяцца штогод, як адзін са складнікаў беларускага свята “Дажынкі”. На фэсце жыхары Самары далучаюцца да багатай культурнай спадчынай Беларусі.
Шмат юных талентаў збірае самарскі штогадовы фэст “Беларусь – мая песня!”У Паволжы штогод пад час свята “Дажынкі” ладзіцца вялікі беларускі дзіцячы фэст мастацтваў
Кажуць, для таго, каб лепш ведаць краіну, трэба пазнаёміцца з яе культурай, нацыянальнымі традыцыямі і звычаямі. Асаблівае значэнне гэта мае для людзей, якія жывуць за мяжой, удалечыні ад Бацькаўшчыны. Такія думкі былі ў Ірыны Глускай, прэзідэнта Самарскай абласной грамадскай арганізацыі беларусаў “Руска-Беларускае Братэрства 2000”, калі яна вырашыла ладзіць на самарскай зямлі дзіцячыя фэсты мастацтваў “Беларусь — мая песня!”. Першы з іх прайшоў у 2004 годзе, і яны ладзяцца штогод, як адзін са складнікаў беларускага свята “Дажынкі”. На фэсце жыхары Самары далучаюцца да багатай культурнай спадчынай Беларусі.
Сёлета фэст ужо ў восьмы раз збярэ беларусаў ды іх сяброў на плошчах 82-й школы Самары — творчага партнёра суполкі беларусаў. Цяпер поўным ходам ідзе падрыхтоўка да грандыёзнага свята. Яго ўдзельнікі спачатку “абкатаюць” конкурсныя нумары 20 і 21 кастрычніка, пройдзе адбор лепшых выканаўцаў, а праз тыдзень і Гала-канцэрт лаўрэатаў і дыпламантаў VIII Абласнога беларускага дзіцячага фэсту мастацтваў “Беларусь — мая песня!” Пад час фэсту ладзіцца і конкурс дзіцячых работ “Восеньская мазаіка”. У намінацыі “Вырабы з бульбы” прапануецца зрабіць розныя кампазіцыі з “каралевы беларускіх палёў” і іншай гародніны, будуць і “Букеты восені” — з каласоў, лісця, кветак, садавіны і іншых дароў прыроды. А юныя мастакі пазмагаюцца за прызы ў намінацыі “Беларусь у малюнках”. Усе ўдзельнікі конкурсу будуць адзначаны граматамі, а лепшыя атрымаюць дыпломы і памятныя падарункі. На конкурсе, дарэчы, працуе прафесійнае журы, у яго складзе два заслужаныя дзеячы культуры Расіі.
Па традыцыі на Гала-канцэрт фэсту запрашаюцца прадстаўнікі ўлады, ветэраны вайны, пенсіянеры, прадстаўнікі ад нацыянальных дыяспар Самаршчыны. Фэст ужо стаў візітнай карткай беларусаў на самарскай зямлі.
Асаблівасць сёлетняга фэсту, лічыць Ірына Міхайлаўна, у тым, што ён ладзіцца ў Год кнігі, аб’яўлены ў Беларусі. А яшчэ беларусы Самары разам адзначаюць 130-я ўгодкі Янкі Купалы і Якуба Коласа, у жніўні актывісты суполкі правялі музычна-літаратурную вечарыну “Максім Танк: пясняр беларускага народа” — да сотых угодкаў слыннага паэта. “І паколькі ў сёлетнім календары гэткі россып юбілейных дат, то і ўключэнне твораў класікаў беларускай літаратуры ў конкурсныя нумары ўдзельнікаў — абавязковая ўмова сёлетняга фэсту, — кажа Ірына Глускага. — Як і ў папярэднія гады, у праграме фэсту паўдзельнічаюць дзіцячыя самадзейныя гурты і салісты з агульнаадукацыйных, музычных школ і школ мастацтваў Самарскай вобласці. Прычым у сваіх нумарах яны прадставяць узоры народнай творчасці, традыцыі і звычаі беларускай культуры”.
Усе ўдзельнікі фэсту будуць заахвочаны, а лаўрэатаў ушануюць дыпломамі за высокае выканальніцкае майстэрства, уклад у пашырэнне беларускай культуры на Самарскай зямлі і памятнымі падарункамі.
Мы спецыяльна расказваем пра цікавы фэст, які не першы год ладзяць нашы сябры з Паволжа, напярэдадні яго правядзення, каб і ў рэгіёнах Расіі, іншых краінах беларусы ведалі пра яго. Можа, некаму захочацца завітаць на свята, паўдзельнічаць у ім? То калі ласка — арганізатары адкрыты да супрацоўніцтва.
“Я не сумняваюся, што VIII Абласны беларускі дзіцячы фэст мастацтваў “Беларусь — мая песня!” у чарговы раз збярэ шмат сяброў і павялічыць колькасць прыхільнікаў беларускай культуры на Самарскай зямлі”, — перакананая Ірына Глуская.
А на пацвярджэнне таго, што беларусы заўсёды рады сябрам, яна ахвотна прачытала на памяць адметны ўрывак з верша “Беларусь”: “Палюбіць Беларусь нашу проста,/ За гасцінных і шчодрых людзей./ Боль чужы адчуваюць тут востра/ І страчаюць прыветна гасцей”.

Мікалай Бойка, журналіст, ураджэнец Кобрынскага раёна
На здымку:
Шмат юных талентаў збірае самарскі штогадовы фэст “Беларусь – мая песня!”
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter