У гармоніі старажытнасці і сучаснасці. Горад Ліда заснаваны ў 1323 годзе вялікім князем Гедымінам.

З канца XIV і да пачатку XVI стагоддзя гэты вялікакняжацкі горад у першай пяцёрцы гарадоў Вялікага княства Літоўскага. За амаль што сямісотгадовую гісторыю Ліда была адміністрацыйным, судовым, гандлёвым цэнтрам губерні і павета. Сюды прыязджалі судзіцца, прасіць, абменьвацца прадукцыяй, сустракацца на балях і ўрачыстасцях. З другой паловы XIX стагоддзя тут пачынае інтэнсіўна развівацца прамысловасць, гэтаму садзейнічала пракладка чыгункі. Ліда расце прасторава і колькасна: паяўляюцца піўныя, тытунёвыя, чыгуналіцейныя, машынабудаўнічыя, лесапільныя, макаронныя, кандытарскія фабрыкі і заводы, шматлікія магазіны, рэстараны і гатэлі... Сёння Ліда і Лідскі раён па праву прэтэндуюць на ролю аднаго з самых індустрыяльна развітых рэгіёнаў краіны. Тут працуе каля 40 прамысловых прадпрыемстваў, якія выпускаюць прадукцыю, запатрабаваную больш чым у 60 краінах свету. Але вылучаюць Ліду не толькі эканамічныя дасягненні. Тут ёсць свае цуды, якіх няма нідзе ў Беларусі.

З канца XIV і да пачатку XVI стагоддзя гэты вялікакняжацкі горад у першай пяцёрцы гарадоў Вялікага княства Літоўскага. За амаль што сямісотгадовую гісторыю Ліда была адміністрацыйным, судовым, гандлёвым цэнтрам губерні і павета. Сюды прыязджалі судзіцца, прасіць, абменьвацца прадукцыяй, сустракацца на балях і ўрачыстасцях. З другой паловы XIX стагоддзя тут пачынае інтэнсіўна развівацца прамысловасць, гэтаму садзейнічала пракладка чыгункі. Ліда расце прасторава і колькасна: паяўляюцца піўныя, тытунёвыя, чыгуналіцейныя, машынабудаўнічыя, лесапільныя, макаронныя, кандытарскія фабрыкі і заводы, шматлікія магазіны, рэстараны і гатэлі... Сёння Ліда і Лідскі раён па праву прэтэндуюць на ролю аднаго з самых індустрыяльна развітых рэгіёнаў краіны. Тут працуе каля 40 прамысловых прадпрыемстваў, якія выпускаюць прадукцыю, запатрабаваную больш чым у 60 краінах свету. Але вылучаюць Ліду не толькі эканамічныя дасягненні. Тут ёсць свае цуды, якіх няма нідзе ў Беларусі.

Нябесная заступніца

Сярод хрысціян-каталікоў у Беларусі ўшаноўваюцца старажытныя абразы Яснагурскай і Вострабрамскай Божай Маці. Але ў Лідскім Крыжаўзвіжанскім касцёле захоўваецца ікона Лідскай Божай Маці, якую ўбачылі вернікі Беларусі на восем гадоў раней за Яснагурскую і на добрыя дзве сотні гадоў раней за Вострабрамскую. Ікона перажыла ўсе войны і пажары, сёння яе можна бачыць на пілоне ў левай частцы Крыжаўзвіжанскага касцёла. Абразу больш як 630 гадоў!

Жывы манумент

Побач з брацкімі могілкамі ў вёсцы Навіцкія расце высачэзная сасна. Гэты вечназялёны жывы манумент узняўся на многія дзесяткі метраў, ахоўваючы вечны спакой людзей — ваенных і цывільных, якія загінулі ў першы дзень вайны на тэрыторыі воінскай лётнай часці, раскватараванай у Лідзе. “На зямлі былі спалены ўсе самалёты Чырвонай Арміі”, — сказала старшыня Траццякоўскага сельсавета Алена Валюк.
Узрост навіцкай сасны, паводле слоў мясцовых жыхароў, прыкладна 300 гадоў. Чатыры дарослыя чалавекі з цяжкасцю могуць ахапіць яе ствол.

Замак-патрыярх

У Лідскім раёне шмат славутасцей. Але галоўная з іх — першы мураваны замак Вялікага княства Літоўскага на тэрыторыі Белай Русі. Прычым гэта адзіны замак XIV стагоддзя, які захаваўся ў Беларусі. Крэпасць была пабудавана ў 1323—1325 гг. князем Гедымінам. Яна закладзена на насыпным пагорку вышынёй 5—6 метраў, які акружаюць равы і вадаёмы. Для яе пабудовы спатрэбілася каля 23 тысяч кубічных метраў каменю, 4,5 мільёна цаглін! Таўшчыня сцен у падножжы дасягае двух метраў пры вышыні болей 12 метраў. Верхняя частка сцен, вуглы і абрамленні праёмаў выкладзены цэглай, асноўны масіў крэпасці складзены з камянёў-валуноў.
На тэрыторыі крэпасці ў мінулым знаходзіліся праваслаўная царква (у 1533 годзе перанесена ў горад), жылыя і гаспадарчыя пабудовы. У архітэктуры побач з готыкай сустракаюцца формы раманскага дойлідства, што было звычайным для ранніх твораў манументальнага будаўніцтва на беларускай зямлі. Менавіта гэты замак паслужыў правобразам Мірскага замка, які пабудаваў лідскі стараста Юрый Ільініч.
Варта заўважыць, што на працягу некалькіх стагоддзяў Лідскі замак заставаўся магутнай цытадэллю на заходніх землях Беларусі. Шматлікія асады, якім падвяргалася крэпасць, прывялі да пашкоджання сцен, разбурэння вежаў і поўнага знішчэння забудовы ўнутры. Дарэчы, Лідскі замак быў грозным нават на пачатку XVIII стагоддзя, таму шведскі кароль Карл XII загадаў узарваць вежы.
Сёння члены рыцарскіх клубаў арганізуюць тут прадстаўленні, на якія з’язджаюцца турысты з усёй краіны. Заканчваецца падрыхтоўка праектна-каштарыснай дакументацыі па рэканструкцыі і рэстаўрацыі гэтага гістарычнага помніка. Мяркуецца, што праз некалькі гадоў замак зноў паўстане ва ўсёй сваёй спрадвечнай прыгажосці. У крэпасці задумана пабудаваць дом кіраўніка замка, казармы, кузню. Тут будзе створаны музей сярэдневяковых традыцый і мастацтва.

Касмічны пасланец

Дзе зарадзіўся яшчэ адзін “лідскі” цуд, ніхто не ведае. Бо гэта асколак самага вялікага метэарыта, які калі-небудзь падаў на зямлю. Ёсць меркаванне, што яго “радзіма” — пояс малых планет паміж Марсам і Юпітэрам. Падзенне метэарыта на Далёкім Усходзе ля адгор’яў Сіхатэ-Аліньскага хрыбта суправаджалася жудасным грукатам, выбухамі, падземнымі штуршкамі і найярчэйшай успышкай, якая, нягледзячы на светлы час сутак, была відаць у радыусе дзесяці кіламетраў. Бо больш як 60 гадоў таму, 12 лютага 1947 года, на нашу планету абрушылася фактычна цэлая гара. У паветры яна ўзарвалася і высыпалася на тайгу жалезнымі асколкамі, агульная маса якіх ацэньваецца ў сто тон. Многія “кроплі” метэарытнага дажджу ўтварылі варонкі, якія не саступалі тым, што ўзнікаюць ад выбухаў снарадаў. Метэарыты ўсеялі плошчу прыкладна 11 кіламетраў у даўжыню і 4 кіламетры ў шырыню. Адзін з такіх цуда-асколкаў вагой больш чым тры кілаграмы сёння знаходзіцца ў Лідзе. А трапіў ён сюды, вобразна кажучы, абходным шляхам. Спачатку “касмічны госць” быў у Ленінградзе, адтуль яго прывезлі ў лідскі планетарый. Цяпер асколак метэарыта захоўваецца ў гарадскім гісторыка-мастацкім музеі.

Шкляны эксклюзіў

У Лідскім раёне ў горадзе Бярозаўка размешчаны вядомы шклозавод “Нёман” — прадпрыемства з векавымі традыцыямі шкловарэння. Вытворчасць шкла на ім была арганізавана яшчэ ў 1883 годзе. Менавіта тут вырабляўся пад заказ шкляны посуд, які не меў аналагаў у СНД, паведаміла галоўны мастак завода Вольга Падліпаліна.
Ды і ў свеце такое шкло — рэдкасць, бо вырабляецца яно па старажытнай венецыянскай тэхналогіі. У 1970-я гады на расійскім заводзе ў Гусь-Хрустальным ёю авалодаў беларускі майстар Анатоль Федаркоў. Сутнасць старажытнай венецыянскай тэхналогіі заключаецца ў перапляценні нітак (да пяці) каляровых стрыжняў шкла ў розных напрамках. Сёння гэта тэхналогія практычна згублена ў Расіі ды і ў свеце не шырока распаўсюджана. Затое ў Беларусі засталіся вучні Анатоля Федаркова. Дарэчы, беларускі майстар унёс сваё ноу-хау ў тэхналагічны працэс, і цяпер гэтая шкляная нітка называецца “федаркоўскай”.

Чамаданны настрой

У гасцініцы “Ліда” часта спыняюцца людзі, якія прыязджаюць па розных справах у камандзіроўку. Таму невыпадкова побач з ёй “прапісаўся” навечна адліты ў бронзе зборны вобраз гэтых вандроўнікаў — на чамадане сядзіць мужчына з картай горада. “Камандзіраваны” апрануты ў стылі 70-х гадоў мінулага стагоддзя, калі месцаў у гасцініцы на ўсіх не хапала. Без усмешкі міма не пройдзеш. Аўтар гэтай кампазіцыі вядомы мінскі скульптар Уладзімір Жбанаў.

З гісторыі паветраплавання

Асаблівай пашаны заслугоўвае і лідскі аэрадром. Гэта адзін са старэйшых у Еўропе і самы стары з дзеючых ваенных аэрадромаў у Беларусі. Гісторыя паветраплавання пачалася на Лідчыне яшчэ ў 1907 годзе, калі была сфарміравана 9-я паветраплавальная рота, якая мела на ўзбраенні дырыжаблі і аэрастаты. У 1913 годзе быў пабудаваны аэрадром, дзе пачалі базіравацца драўляныя біпланы. Зрэшты, менавіта ў Лідзе ў чэрвені 1915 года легендарны канструктар Ігар Сікорскі праводзіў іспыты не менш легендарнага самалёта “Ілля Мурамец”. Потым пачалася вайна, рэвалюцыя. На лідскім аэрадроме пачаргова базіраваліся нямецкія і польскія лётчыкі. З 1939 года і да нападзення гітлераўцаў тут размяшчаліся самалёты Чырвонай Арміі. Затым Ліду акупіравалі фашысты. Пасля вызвалення на аэрадроме з’явіліся хуткакрылыя машыны Савецкай Арміі. Сёння паветраныя рубяжы Радзімы ахоўваюць беларускія лётчыкі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter