
Ролікі рэжысіравалі і карпатліва здымалі члены БРСМ — школьнікі, студэнты, працоўная моладзь. На пяты сезон патрыятычнага конкурсу «Мой фільм пра вайну» заявілі каля 80 работ, лепшыя з лепшых — 28 кароткаметражак. Усе фільмы розныя, але ідэя адна: падзякаваць тым, хто змагаўся за наша мірнае неба, расказаць пра тое, што перажылі ветэраны і ўдзельнікі той страшнай вайны. Назва серыі работ не выпадковая — «Мы памятаем!». Памятаем пра гераізм нашых дзядоў і прадзедаў, пра людзей, якія так і не змаглі прайсці дарогу вайны, — пра вялікія страты.

...Павел Піменавіч Валько — адзін з галоўных герояў серыі кароткаметражак. Ён вынес увесь цяжар кровапралітнай вайны, пра што ў сваім фільме расказаў курсант Акадэміі МУС Вячаслаў Бачынскі. Малады чалавек узяўся за справу яшчэ тры месяцы таму: збіраў матэрыял, пісаў сцэнарый, шукаў касцюмы. У ролік даўжынёй 1,5 хвіліны ўклаў усю душу. І гледачы ацанілі: фільм атрымаўся!
— Павел Валько быў яшчэ 18-гадовым хлапчуком, калі трапіў на фронт у 1943 годзе, — курсант коратка апісвае сюжэт. — Зараз яму ўжо 94 гады, жыве ў Мінскім раёне, у аграгарадку Калодзішчы. Калі мы ехалі ў госці да ветэрана, яшчэ не ведалі, што Павел Піменавіч не так даўно страціў жонку. Тым не менш ён пагутарыў з намі.

Вячаслаў Бачынскі добра памятае той візіт: герой яго фільма, здавалася, з цяжкасцю прыгадвае тыя страшныя гады вайны — зноў усё перажывае, са слязамі на вачах. Гаварыць было складана: вельмі шмат болю давялося тады перажыць. Але ветэран расказаў усё, што бачыў. І дадаў, што вельмі ганарыцца цяперашнім пакаленнем: што шануюць памяць, цікавяцца і ўважліва слухаюць.
— Сёння за нашым героем прыглядае ўнук — пастаянна наведвае. Ды і ветэраны імкнуцца трымацца разам — так прасцей жыць, — дзеліцца рэжысёр-аматар.
І як бы мімаходзь дадае: яму самому тэма вайны вельмі блізкая. У тыя гады за Радзіму змагаліся і яго сваякі — абодва прадзеды ваявалі, а адзін з іх нават да Берліна дайшоў:
— Фільм зняў на кантрасце. Напрыклад, у адной сцэне паказваю цяперашніх маладых людзей: тыя смяюцца, іграюць у парку на гітары. Зацямненне — іншы эпізод: тут ужо прысутнічае пакаленне вайны — маладыя людзі сядзяць у акопе. Вось яшчэ ўрывак: дзяўчына ідзе і трымае за руку каханага. Сцэна тут жа змяняецца: дзяўчынка цягне параненага байца. Хацеў сказаць: мы зараз вельмі шчаслівыя, што жывём у мірныя дні.

— Мне цяпер 15 гадоў. Менавіта столькі ў гады вайны было Браніславу Карпенку, герою майго кароткаметражнага фільма. Уявіць не магу, у галаве не ўкладваецца: як у такім юным узросце можна было перамагчы страх і змагацца? Гэта вялікая мужнасць.
Паводле сцэнарыя Браніслаў Віктаравіч ходзіць з маленькай унучкай: тая задае шмат пытанняў і з цікавасцю чакае адказаў. Чалавек, які прайшоў вайну, расказвае: некалькі разоў быў на мяжы жыцця і смерці. Цудам выжыў.
Кацярына Міранкова не ўпершыню чуе падобныя гісторыі — яе прадзед ваяваў, а дзед нарадзіўся ў 1943 годзе. Мама яго нараджала ў зямлянцы, дзе і хавала да мірных часоў. Сямейную драму, запэўнівае школьніца, абавязкова перадасць будучым пакаленням — каб ведалі і памяталі. Герой кароткаметражнага фільма ўдзельніцы праекта цалкам падтрымлівае дзяўчыну. Пра такія рэчы маўчаць нельга, упэўнены Браніслаў Карпенка:
— Добра, што моладзь цікавіцца. Уважліва слухае кожнае слова і робіць правільныя высновы. Вайна — гэта вельмі страшна. Пра гэта варта памятаць заўсёды.
Дарэчы, учора ў музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны на вялікім экране паказалі лепшыя работы праекта БРСМ «Мой фільм пра вайну». Самых таленавітых узнагародзіла кіраўніцтва горада і мінскіх ветэранскіх арганізацый. Акрамя творчай моладзі, членаў аматарскіх здымачных груп і груп мантажу, у зале прысутнічалі і самі героі фільмаў, ветэраны і ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны.
ypopko@sb.by