У эфіры – радыёстанцыя “Беларусь”

Яе голас прыгожа і важка гучыць у міжнароднай інфармацыйнай прасторы. Радыёстанцыя “Беларусь” 45 гадоў разнастайна прадстаўляе краіну замежным слухачам. Радыёжурналісты дапамагаюць ім атрымаць неабходныя звесткі пра падзеі ў жыцці грамадства, знаёмяць з цікавымі людзьмі. Пра асаблівасці дзейнасці сённяшняй радыёстанцыі “Беларусь” — інтэрв’ю з яе кіраўніком, пісьменнікам Навумам Гальпяровічам.
Падрыхтоўка да выхаду ў эфір (злева — Навум Гальпяровіч)Яе голас прыгожа і важка гучыць у міжнароднай інфармацыйнай прасторы. Радыёстанцыя “Беларусь” 45 гадоў разнастайна прадстаўляе краіну замежным слухачам. Радыёжурналісты дапамагаюць ім атрымаць неабходныя звесткі пра падзеі ў жыцці грамадства, знаёмяць з цікавымі людзьмі. Пра асаблівасці дзейнасці сённяшняй радыёстанцыі “Беларусь” — інтэрв’ю з яе кіраўніком, пісьменнікам Навумам Гальпяровічам.

— Навум Якаўлевіч, чым адметная менавіта сённяшняя праца радыёстанцыі?

— Сёння вяшчаем на пяці мовах: беларускай, рускай, нямецкай, англійскай і польскай. Падрыхтаваныя намі праграмы гучаць на кароткіх і сярэдніх хвалях, у FM-дыяпазоне, а таксама і ў Інтэрнэце. Радыёперадачы ахопліваюць усе сферы жыцця краіны: эканоміку, сацыяльную палітыку, культуру. На хвалях радыёстанцыі гучыць толькі беларуская музыка. Мы знаёмім слухачоў з народнымі песнямі, фальклорам, класікай, сучаснай музыкай. У нас ёсць Інтэрнэт-сайт. Кожны жадаючы ў любы момант можа даведацца пра змест праграм, усвядоміць канцэпцыю нашых праектаў.

— Якія праекты цяпер у рабоце?

— На сённяшні дзень іх — болей за 150, яны маюць сваіх слухачоў, сваю папулярнасць. Напрыклад, праект “Народная дыпламатыя”, які расказвае пра стасункі паміж грамадзянамі нашай краіны з іншаземцамі, быў вылучаны на міжнародны конкурс ў Тэгеране. Усяго там было прадстаўлена звыш сямісот работ з розных краін свету, і наш праект атрымаў ганаровае другое месца. Сярод нашых папулярных праграм — “Аўтастрада”, “У цэнтры Еўропы”, “З першых вуснаў”, “Чароўны куфэрак”, “Магія слова”... Шмат увагі мы прыдаем беларускай культуры, асабліва літаратуры. Творы нашых лепшых пісьменнікаў гучаць на беларускай, рускай мовах, у перакладах на англійскую, нямецкую і польскую мовы. Сёлета мы наладзілі выхад праграмы “Вывучаем беларускую мову” на польскай і нямецкай мовах. Існуе такая ж праграма і на англійскай мове.

— На якіх слухачоў арыентаваны перадачы радыёстанцыі?

— Мяркую, яны падыходзяць усім, хто цікавіцца жыццём у розных праявах як у нашай краіне, так і за яе межамі. Слухаюць нас і тыя, хто жадае ўдасканаліць сваю замежную мову. Кола радыёслухачоў пашыраецца кожны дзень. У нас, вядома ж, ёсць і пастаянныя слухачы. Удзельнікі аб’яднання радыёаматараў Швецыі, напрыклад, нават запрасілі нашых супрацоўнікаў на сустрэчу ў сваёй краіне. Да нас таксама прыязджаюць госці з розных краін, цікавяцца, як працуе радыёстанцыя “Беларусь”.

— Якімі якасцямі павінен валодаць супрацоўнік радыёстанцыі?

— Кожны наш журналіст — не толькі перакладчык, рэдактар і вядучы, ён добра арыентуецца ў міжнародным жыцці, ведае гісторыю сваёй краіны. І да таго ж тонкі псіхолаг эфірнай працы, знаўца спецыфікі зносін з прадстаўнікамі розных краін. Дарэчы, некаторыя былыя супрацоўнікі замежнага вяшчання радыёстанцыі займаюць цяпер годнае месца у айчынным дыпламатычным корпусе і ў іншых дзяржаўных структурах. Наш калектыў малады, большасць супрацоўнікаў — нядаўнія выпускнікі факультэта журналістыі БДУ, Лінгвістычнага універсітэта, Беларускага педагагічнага універсітэта імя Максіма Танка. Я з вялікай пільнасцю сачу за іх прафесійным ростам, а яны, у сваю чаргу, шмат робяць, каб радыёслухачы аддавалі перавагу менавіта нашай радыёстанцыі.

Вольга Цішкевіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter