У эфір!

У краіне пачынае вяшчанне першы сацыякультурны тэлеканал

У Беларусі пачынае вяшчанне першы ў нашай краіне сацыякультурны тэлеканал

Восьмага лютага тэставае вяшчанне пачынае тэлеканал «Беларусь 3» — першы сацыякультурны канал у нашай краіне, мэта якога — забяспечыць асвятленне дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі ў сферы культурнага жыцця рэспублікі, паведамілі «Р» у прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі.

Новы тэлеканал закліканы фарміраваць нацыянальны партрэт самаідэнтычнасці беларускай культуры і беларускага грамадства ў цэлым і разлічаны на гледачоў з досыць выразнымі жыццёвымі ўстаноўкамі ў дачыненні да нацыянальнай культуры.

У эфіры канала «Беларусь 3» будзе прадстаўлена тэлевізійная і кінапрадукцыя, вырабленая ў Рэспубліцы Беларусь, а таксама ў іншых краінах. Аснову эфіру ў буднія дні складзе тэматычная падборка фільмаў пад назвай «Мая Беларусь», якая аб’ядноўвае лепшыя ўзоры кіна- і тэлевізійнай дакументалістыкі. На працягу дня таксама будуць трансліравацца праграмы аб тэатры, кіно, літаратуры, музыцы, традыцыях, прыродзе, пра людзей, якія стваралі нацыянальную гісторыю і ўзбагачалі беларускую культурную спадчыну.

Мяркуецца, што ў далейшым тэлеканал «Беларусь 3» прадставіць таксама мастацкія фільмы і серыялы — экранізацыі класічных літаратурных твораў, лепшыя фільмы беларускай вытворчасці, фільмы — удзельнікі сусветных кінафэстаў, тэатральныя спектаклі, канцэрты класічнай і сучаснай музыкі.

З 8 лютага ў праграме новага тэлеканала з’явіцца перадача для самых маленькіх «Калыханка» (цяпер яна выходзіць на канале «Беларусь 1»), а ў далейшым тэлегледачы змогуць глядзець на «Беларусь 3» праграму пра лёсы людзей «Таямніцы душы» і арыгінальны сацыякультурны тэлепраект «Ды@блог» — эфірны дыялог на актуальныя тэмы праз інтэрактыўныя зносіны з тэлегледачамі ў сетцы Інтэрнэт.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter