У еднасці моў і народаў

Вучоныя-славісты з 35 краін упершыню сабраліся ў Мінску

Вучоныя-славісты з 35 краін упершыню сабраліся ў Мінску

XV Міжнародны з’езд славістаў адкрыўся 21 жніўня ў беларускай сталіцы. На юбілейны форум з’ехаліся вядомыя навукоўцы з 35 краін свету, прычым не толькі са славянскіх, але і з многіх іншых, дзе вывучаюцца славянскія мовы, у тым ліку з Аўстрыі, Аўстраліі, Бельгіі, Германіі, Ізраіля, Італіі, Іспаніі, Канады, Літвы, Францыі, Швейцарыі, Японіі.

Прывітанне гасцям і ўдзельнікам аўтарытэтнага форуму даслаў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка. У канцэртнай зале «Мінск», дзе адбылося адкрыццё з’езда, яго агучыў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандр Радзькоў.

Са словам да прысутных звярнуліся таксама міністр адукацыі Сяргей Маскевіч, міністр культуры Барыс Святлоў, прадстаўнікі Нацыянальнай акадэміі навук, праваслаўнай царквы і каталіцкага касцёла, удзельнікі з’езда з Расіі, Балгарыі, Германіі.

Адкрыў форум старшыня Міжнароднага і Беларускага камітэтаў славістаў, член-карэспандэнт НАН Беларусі Аляксандр Лукашанец.

— Славістыка як комплексная навука аб паходжанні і развіцці славянскіх моў, літаратур і культур мае больш як 200-гадовую гісторыю. Вялікае значэнне для яе падтрымкі і развіцця ў ХХ стагоддзі маюць міжнародныя з’езды славістаў, якія праводзяцца на працягу ўжо больш як 80 гадоў. Тое, што сёння ў гэтай зале сабраліся на чарговы з’езд прадстаўнікі столькіх краін свету, сведчыць, што і ў ХХІ стагоддзі славістыка захоўвае сваё значэнне як асобнае адгалінаванне гуманітарнай навукі. Што і ў ХХІ стагоддзі не змяншаецца, а нават ўзмацняецца цікавасць да славянскага свету, да літаратур, культур і моў славянскіх народаў. Што і ў ХХІ стагоддзі застаюцца актуальнымі многія традыцыйныя праблемы славістыкі. Што і ў ХХІ стагоддзі існуе неабходнасць захавання і падтрымання славянскай ідэнтычнасці, а таксама ўзмацнення навуковага супрацоўніцтва і ўзаемадзеяння. Што і ў ХХІ стагоддзі ёсць людзі, неабыякавыя да пашырэння ведаў пра славянскія мовы, культуры і літаратуры ў свеце, — адзначыў Аляксандр Лукашанец.

Вучоны выказаў асаблівую ўдзячнасць удзельнікам з’езда з неславянскіх краін, якія, нягледзячы на часам неспрыяльныя ўмовы і абставіны, захавалі навуковую цікавасць да праблем славістыкі, а часта і чалавечую прыхільнасць да славянства як унікальнай культурнай і духоўнай супольнасці брацкіх народаў.

Як падкрэсліў Аляксандр Лукашанец, аўтарытэтны форум упершыню праходзіць у Беларусі, і беларускі бок высока цэніць гэты выбар Міжнароднага камітэта славістаў, разглядаючы яго рашэнне правесці чарговы з’езд у Мінску, як прызнанне пэўных поспехаў славістыкі ў нашай краіне, а таксама поспехаў нашай маладой славянскай дзяржавы, якая ўпэўнена рухаецца наперад.

Форум працягнецца да 27 жніўня. Асноўная навуковая праграма пройдзе ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце. Яна ўключае пленарныя і секцыйныя даклады, круглыя сталы, прэзентацыі, дыскусіі, пасяджэнні спецыяльных камісій, у ходзе якіх удзельнікі абмяркуюць праблемы і шляхі развіцця славянскіх моў, літаратур, культур і фальклору. Паводле слоў Аляксандра Лукашанца, як заўсёды шырока будзе прадстаўлена беларуская праблематыка.

Сёння ў лінгвістычным універсітэце адкрыецца выстаўка найбольш важных славістычных выданняў апошніх пяці гадоў, выпушчаных у розных краінах. Гэта традыцыйнае мерапрыемства ў ходзе міжнародных з’ездаў славістаў. Выстаўка будзе працаваць да заканчэння форуму, а прадстаўленыя на ёй кнігі перададуць у дар Беларусі.

Разам з тым для ўдзельнікаў з’езда падрыхтавана цікавая культурная праграма з наведваннем экскурсійных маршрутаў, музеяў, канцэртаў, якая дазволіць бліжэй пазнаёміцца з Беларуссю.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter