Кантакты на вышэйшым узроўні паміж Мінскам і Ашгабатам маюць адну яркую асаблівасць

У дыялогу ёсць працяг

Кантакты на вышэйшым узроўні паміж Мінскам і Ашгабатам маюць адну яркую асаблівасць. Некаторы час назад прэзідэнты Беларусі і Туркменістана дамовіліся сустракацца штогод. Па чарзе на нашай і туркменскай зямлі. Такім чынам, быў абазначаны выхад на вельмі высокі ўзровень міждзяржаўнага ўзаемадзеяння. Акрамя яго палітычнага складніка, у рост актыўна пайшло і эканамічнае супрацоўніцтва. Набірае абароты шэраг узаемавыгадных сумесных дзелавых праектаў. Рэгулярныя афіцыйныя сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў, з аднаго боку, носяць характар інспекцыі выканання іх дамоўленасцей. З другога, як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, прымаючы летась туркменскага калегу Гурбангулы Бердымухамедава, з’яўляюцца своеасаблівым каталізатарам супрацоўніцтва па ўсіх напрамках.


Аляксандр Лукашэнка і Гурбангулы Бердымухамедаў падчас цырымоніі закладкі памятнай капсулы нашчадкам у аснову комплексу будынкаў пасольства Туркменістана ў Мінску

 Успомнім цырымонію афіцыйнай сустрэчы высокага госця. Перагаворы кіраўнікоў дзяржаў у вузкім і пашыраным складзе праходзілі ў Палацы Незалежнасці. Ужо ў пачатку гутаркі Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на бачны вынік зацікаўленасці прэзідэнтаў у развіцці міждзяржаўнага ўзаемадзеяння. Літаральна на вачах таваразварот вырас амаль да паўмільярда долараў. Туркменістан выйшаў на чацвёрты радок па гэтым паказчыку сярод усіх нашых гандлёвых партнёраў. Саступае толькі Расіі, Украіне і Казахстану. Такога не было нават у савецкія часы, і гэта, безумоўна, якасна новая старонка супрацоўніцтва. Прычым відавочна — не рубеж, на якім бу­дзе прыпынак. Гурбангулы Бердымухамедаў лічыць, што ёсць добрыя перспектывы сумеснай работы ў машынабудаванні, металургіі, хімічнай індустрыі, харчовай прамысловасці, сельскай гаспадарцы, адукацыйнай сферы, шэрагу іншых. З Мінска перспектыва бачыцца аналагічная.

Аляксандр Лукашэнка канкрэтызаваў тады некаторыя ініцыятывы Мінска. Акрамя павелічэння паставак у Туркменістан грузавых аўтамабіляў і трактароў, мы гатовы прапанаваць неабходныя краіне камбайны, аўтобусы і грузавыя вагоны. Прычым камбайны і аўтобусы ўжо выпрабоўваюцца ў Туркменістане. Паказваюць сябе нядрэнна, і перспектыва кантрактаў цалкам рэальная. Што датычыцца вагонаў, то гэта толькі частка маштабнай туркменскай праграмы развіцця транспартнай інфраструктуры. Яе мэта — звязаць аптымальнымі аўтамабільнымі і чыгуначнымі маршрутамі суседнія дзяржавы з выхадам да Персідскага заліва. Праект запатрабуе і будаўніцтва лагістычных цэнтраў. У Беларусі такі вопыт ужо ёсць, і нашы спецыялісты запрашаюцца да супрацоўніцтва.

Добрыя праглядаюцца перспектывы сумеснай работы ў горна-хімічнай прамысловасці. Маштабнае жыллёвае будаўніцтва ў Туркменістане адкрывае шлях на рынак нашым матэрыялам і ліфтам. Ёсць задумы ў лёгкай і тэк­стыльнай прамысловасці. У прыватнасці, прапрацоўваецца ідэя стварэння сумеснай вытворчасці па пашыве абмундзіравання для туркменскіх сілавых структур. Але самым важкім на сёння застаецца праект будаўніцтва беларускімі спецыялістамі Гарлыкскага горна-абагачальнага камбіната. Прэзідэнты выказалі ўзаемную зацікаўленасць у якасным выкананні гэтага стратэгічнага праекта.

Пунктаў скрыжавання ўзаемных інтарэсаў, як відаць, нямала. Гурбангулы Бердымухамедаў, як вядома, падтрымаў прапановы Аляксандра Лукашэнкі надаць планам сістэмнасць. Для гэтага міжурадавай камісіі па эканамічным супрацоўніцтве даручана распрацаваць дакладную “дарожную карту” работы.

Не менш важным кіраўнікі дзяржаў лічаць супрацоўніцтва ў гуманітарнай сферы. У цэнтры ўвагі — адукацыя. У Беларусі ўжо навучаюцца больш за 8 тысяч туркменскіх студэнтаў, і ў Ашгабата ёсць зацікаўленасць гэтую колькасць павялічыць. Аляксандр Лукашэнка даручыў Ураду пытанне прапрацаваць. А заадно падумаць пра будаўніцтва інтэрната для туркменскіх студэнтаў з нацыянальнай асаблівасцю. Разглядаецца таксама магчымасць узвядзення будынка гасцінічнага тыпу для туркменскіх навукоўцаў, якіх усё больш прыязджае ў Беларусь па пра­грамах навуковага абмену.

Тады па выніках перагавораў было падпісана амаль паўтара дзясятка розных дакументаў, прызначаных забяспечыць узаемадзеянне ў самых розных сферах. Прэзідэнты выступілі з сумеснай заявай. Дакументам пацвярджаецца глыбокая зацікаўленасць Мінска і Ашгабата ў далейшым прагрэсе міждзяржаўных адносін як у палітычнай, так і эканамічнай сферах. На брыфінгу прэзідэнты адзначылі прадметнасць і канструктыўнасць праведзенай размовы. Аляксандр Лукашэнка падзякаваў Гурбангулы Бердымухамедава за тое, што практычна ўсе ініцыятывы беларускага боку атрымалі адабрэнне туркменскага. Так што да 16 праектаў, якія ўжо рэалізуюцца ў Туркменістане пры падтрымцы Беларусі, дабавяцца новыя, а іх цяперашняя ацэнка ў 1 мільярд 145 мільёнаў долараў, безумоўна, вырасце, зрабіў выснову наш аглядальнік.

Зацікаўлены дыялог працягваецца. У Мінска і Ашгабата ёсць дакладнае бачанне, як і ў якіх напрамках рухацца далей. Гэтыя і будучыя дамоўленасці, сур’ёзнасць намераў дзвюх дзяржаў у руху насустрач набываюць свой сімвал. Аляксандр Лукашэнка і Гурбангулы Бердымухамедаў заклалі памятную капсулу нашчадкам у падмурак новага пасольскага комплексу Туркменіі ў Мінску. Што яшчэ можа паслужыць лепшым пацвярджэннем сур’ёзнасці намераў, калі не рашэнне пабудаваць дом у краіне, з якой збіраешся доўга і кан­структыўна супрацоўнічаць? Знак з беларускага боку — прадастаўленне прыгожага, прэстыжнага месца. Зусім побач з Палацам Незалежнасці. Тут наогул фарміруецца гэткая тэрыторыя сяброў. Побач з цяпер ужо туркменскай зямлёй пачата будаўніцтва новай дыпмісіі Казахстана. З другога боку палаца непадалёк расійскае пасольства і жылы комплекс для дыпламатаў, якія працуюць у ім. Па такой геаграфіі можна рабіць цалкам канкрэтныя высновы аб беларускіх знешнепалітычных прыярытэтах. Прэзідэнт Беларусі ўпэўнены: стварэнне ў Мінску астраўка туркменскай зямлі адкрые новыя магчымасці для далейшага нарошчвання маштабаў супрацоўніцтва. Пасольскі комплекс ён назваў домам дружбы і месцам канструктыўных сустрэч. Гурбангулы Бердымухамедаў падзякаваў беларускага калегу за гэта і запэўніў, што новы будынак пасольства будзе месцам, дзе беларусы змогуць знаёміцца з культурай і мастацтвам Туркменістана, месцам сустрэч навукоўцаў і творчай інтэлігенцыі.

Дзмітрый Крат
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter