У «Доме пад таполяй»

У музеі Янкі Купалы з'явілася галаграфічная постаць паэта

Убачыць галаграфічную постаць паэта наведвальнікі музея Янкі Купалы могуць літаральна побач з сабой

Стварэнне новай экспазіцыі Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, якое працягвалася два з паловай гады, завершана. Цяпер славуты «Дом пад таполяй», як яго здаўна называлі мінчане, атрымаў магчымасць яшчэ шырэй паказаць жыццё і творчасць, асобу першага народнага паэта Беларусі, у тым ліку і з дапамогай сучасных інфармацыйных тэхналогій. Асноўны мастацкі вобраз, які праходзіць праз усю экспазіцыю, — шляхі. Гэта — шляхі Купалы па Беларусі і шляхі Купалы да Беларусі.

Навінкамі трэцяй, апошняй часткі экспазіцыі пацікавілася карэспандэнт «Р».

...Драматычныя падзеі 1930—1940-х гадоў. Для Купалы і яго сучаснікаў пачаліся суровыя выпрабаванні. Па сфабрыкаванай справе арыштоўваюць каля ста прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі краіны. Раз за разам на начныя допыты пачынаюць выклікаць і Янку Купалу. У экспазіцыі дэманструюцца старонкі паказанняў паэта, адкрыта гаворыцца пра яго няўдалую спробу самагубства і тое, што ёй папярэднічала. Перад наведвальнікамі — перадсмяротны ліст Купалы на імя старшыні ЦВК БССР і СССР Аляксандра Чарвякова, дзе ён піша, што лепш смерць фізічная, чым незаслужаная палітычная. Пра вялікі душэўны боль, які перажываў у той час Купала, сведчыць яго фотаздымак тых гадоў.

Шэрагам цікавых матэрыялаў прадстаўлена тэма трагічнай гібелі паэта 28 чэрвеня 1942 года ў гасцініцы «Масква». Яшчэ ў 2003-м, калі яе вырашылі зносіць, супрацоўнікам музея ўдалося перавезці з расійскай сталіцы ў Мінск нямыя сведкі тых падзей — уваходныя дзверы гасцінічнага пакоя № 414, дзе спыніўся Янка Купала, дзверы з люстэркам з гэтага ж нумара, аконную раму, фрагменты паркету, парэнчаў, лесвічных прыступак… Як вядома, Купалу знайшлі нежывым у лесвічным пралёце, але абставіны смерці песняра дагэтуль застаюцца цалкам нявысветленымі. У экспазіцыі прадстаўлена копія адзінага афіцыйнага дакумента, атрыманага з архіваў ФСБ Расіі, — тэкст спецпаведамлення на імя Берыі з копіямі Сталіну і Молатаву аб трагічнай гібелі народнага паэта Беларусі ў Маскве.

Адна з новых старонак экспазіцыі расказвае пра стваральніка і першага дырэктара музея — жонку паэта Уладзіславу Францаўну Луцэвіч, якая ўсё сваё жыццё прысвяціла справе захавання і ўшанавання памяці песняра.

Побач — адноўлены па фатаграфіях, успамінах сваякоў і сяброў сям’і ін¬тэр’ер гасцёўні дома Купалы, дзе заўсёды чакалі наведвальнікаў, сяброў і нікога не адпускалі без пачастункаў. Ёсць успаміны сучаснікаў паэта пра тое, што кожны дзень абед ва Уладзіславы Францаўны быў прыгатаваны на 25 чалавек.

Заключная частка экспазіцыі — рабочы кабінет песняра: стол, за якім ён працаваў, крэсла, у якім любіў адпачываць, знакамітая сувенірная ручка-стрэльба, статуэтка Пушкіна... І раптам — сам Купала ў прыцемненым куце пакоя. У поўны рост. П’е з кубачка гарбату, слухае «беларускую перапёлачку» Ларысу Александроўскую, гартае сваю толькі атрыманую з друку кнігу. Эфект прысутнасці ствараецца дзякуючы 3D-тэхналогіям. У ролі паэта ў галаграфічным тэатры — акцёр-купалавец Аляксандр Падабед.

Варта адзначыць, што суіснаванне сапраўдных прадметаў мінулага, мемарыяльных рэчаў і сучасных мультымедыйных тэхналогій — адметнасць новай экспазіцыі аднаго са старэйшых музеяў краіны, які сёлета адзначае юбілей — 70-годдзе з дня заснавання.

Фота: Юрый МАЗАЛЕЎСКІ

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter