Тысячы турыстаў з розных краін называюць “Сілічы” “маленькай Швейцарыяй”

У чым сіла “Сілічаў”?

Тысячы турыстаў з розных краін называюць гэты гарналыжны комплекс “маленькай Швейцарыяй”
Тысячы турыстаў з розных краін называюць гэты гарналыжны комплекс “маленькай Швейцарыяй”

У “Сілічах” — Лагойскі раён, кіламетраў за 30 ад Мінска ў віцебскім кірунку, па трасе М3 — можна і пакатацца на лыжах, і добра адпачыць, палюбавацца прыгажосцю прыроды. Хто быў там — абавязкова захочацца вярнуцца: ведаю па сабе. Гадоў 7 таму ўпершыню наведала “Сілічы”, хоць адкрыўся комплекс у 2005-м. Тады “горы” ў раўніннай Беларусі пачалі як магнітам прыцягваць і беларусаў, і аматараў актыўнага адпачынку з замежжа. Мне ж хацелася вярнуцца ў дзяцінства, якое прайшло ў прыпалярным Урале: там мы каталіся з гары-адвалаў адпрацаванай шахты. Выляталі на лёд возера і, пераможна ўскінуўшы рукі, краем вока лавілі захопленыя погляды сяброў.


У “Сілічы” круглы год едуць па добры настрой і станоўчыя эмоцыі. Фота: БелТА

Выехалі мы ў “Сілічы” пад Новы год з сям’ёй “проста пагуляць”. Першае ўражанне: там незвычайная прыгажосць ды найчыстае паветра. Трапляеш нібы ў казку: высачэзныя заснежаныя сосны, домікі са скатнымі стрэхамі і людзі — вясёлыя, у яркіх касцюмах, з чырванню на шчоках. Настрой імгненна падымаецца, і самому хочацца вышэй. Вырашылі ж і мы з гары пакатацца. Падняліся… Ой, на Урале не так высока было… І ў дзяцінстве, згадала, няўдалы скачок з самаробнага “трампліна” завяршыўся для мяне вельмі балюча... Так што выбрала я сабе ролю назіральніцы. І атрымлівала асалоду, горача хварэючы за кожнага, хто імчаў на лыжах ці падаў. Міжволі махала рукамі, крычала нешта ім услед — адрэналін! Выдатнага таго настрою хапіла на ўсе святы.

І тры гады таму на лыжы стаць я не адважылася, а катанне на цюбінгах — спадабалася. “Гумовыя ватрушкі” лятаюць хутка, ды падаць з іх не надта страшна. Пасля катанняў у кафэ пазнаёміліся з сямейнай парай з Літвы: муж і жонка прыязджаюць сюды і ўзімку, і летам. Кажуць, “захварэлі” гэтым месцам. А сёлета ехала я ў “Сілічы” яшчэ і даведацца: што цягне сюды турыстаў? З гадамі іх стала прыкметна больш, там шмат і замежнікаў. “Летась, адзначаючы юбілей гарналыжнага цэнтра, падлічылі: за 10 гадоў у нас пабывала каля двух мільёнаў чалавек, — расказала Юлія Сакалова, начальніца аддзела маркетынгу, прыёму і размяшчэння. — Большасць — нашы суграмадзяне, а яшчэ госці з Расіі, Украіны, Літвы, Польшчы. Усё часцей прымаем турыстаў з Італіі, Германіі, Францыі, ЗША, Турцыі, Бельгіі. Асабліва людна ў Навагоднюю пару: “Сілічы” прынялі сёлета каля 22 000 чалавек. Часцей бываюць у нас цяпер і беларусы з замежжа. Многія гарналыжнікі “размінаюцца” ў Беларусі перад паездкамі ў Альпы”. 

Цяпер “Сілічы” прымаюць гасцей круглы год. Мінулым летам, напрыклад, яго наведала больш за 35 000 чалавек. “У нас шмат паслуг, дзякуючы якім можна добра адпачыць незалежна ад надвор’я і пары года, — прадаўжае Юлія Сакалова. — Ёсць разнастайныя пуцёўкі, іх кошт уключае пражыванне, харчаванне і розныя паслугі — у залежнасці ад інтарэсаў гасцей: масажы, святлолячэнне, разнастайныя водныя працэдуры, папулярную сёння галатэрапію (імітацыя саляной пячоры). У нас ёсць картынг-цэнтр: самая доўгая траса ў наваколлях Мінска, тэхніка з Германіі. Вялікая траса для квадрацыклаў: многім падабаюцца такія прагулкі. А побач з трасай размешчаны і камфортныя альтанкі з мангаламі”.

А галоўная каштоўнасць “Сілічаў” — іх удалае месцазнаходжанне. Сама прырода стварыла там усе ўмовы для адпачынку, забаў і аздараўлення. І супрацоўнікі цэнтра, я пераканалася, імнуцца не толькі максімальна выкарыстоўваць тую асаблівасць, але і развівацца, пашыраць спектр паслуг. Каб не толькі не адставаць ад прызнаных сусветных лідэраў турадпачынку, але і прыўносіць у гэты — актыўны! — адпачынак адметны беларускі каларыт.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter