Адвенты, батлейка и обязательная месса - многодетная семья Голуб рассказала, как готовится к Рождеству

У чаканні цуда

25   снежня католікі будуць адзначаць  Раство Хрыстова. Аднак падрыхтоўка да яго пачынаецца з самага пачатку месяца. Свята гэта сямейнае, традыцыі правядзення перадаюцца з пакалення ў пакаленне. «Р» завітала ў госці да бацькоў пяці дзяцей Марыяна і Вольгі Голуб і даведалася, без чаго нельга абысціся напярэдадні Раства.

Такое печыва захоўваецца па некалькі тыдняў.

Мінчанін Марыян і гамяльчанка Вольга пазнаёміліся ў Магілёве падчас вучобы дзяўчыны. Пэўны час жылі ў сталіцы, а потым вырашылі перабрацца ў горад над Сожам. Пачуцці былі моцныя, Вольга ўслед за мужам прыйшла да каталіцтва, і хутка абодва зразумелі, што галоўнае ў жыцці — сям’я. Нават арганізавалі сумесны бізнес — «Школа добрай сям’і», праводзяць семінары і трэнінгі, расказваюць, як быць бацькамі. Марыян па адукацыі псіхолаг, Вольга выступае кансультантам па кармленні і падрыхтоўцы да родаў. Уласнага вопыту хапае. Услухоўваючыся ў гучны смех на кухні, Вольга так апісвае жыццёвыя ўстаноўкі:

— Не планавалі аднаго, але і многа не планавалі. Будзе столькі, колькі Бог дасць.

Батлейку ладзяць усёй сям’ёй.

Даў пяцярых. Марыян сам з мнагадзетнай сям’і. Кажа, прывітыя з дзяцінства сямейныя каштоўнасці і традыцыі яго сыны і дочкі нават калі зараз не да канца разумеюць, абавязкова ацэняць у будучым, як калісьці ён. І сумна дакладна не будзе.

Без імшы свята не бывае.

12-гадовага Антона і 11-гадовага Максіма зараз дома няма — хлопчыкі ў школе. Сямігадовая Яна дэманструе нам першую з сямейных традыцый — адвэнт-каляндар. Прыгожы чырвоны домік мае 24 скрынкі. Яна адчыняе адну з іх і дастае адтуль маленькую цукерку. Марыян тлумачыць:

— Падрыхтоўка да свята пачынаецца з 1 снежня. Кожную раніцу да самага Раства дзеці адчыняюць адну скрынку і дастаюць маленькія падарункі. Мы размаўляем пра сэнс надыходзячага свята, духоўна рыхтуемся. У мінулым годзе Вольга паклала туды не цукеркі, а цікавыя заданні — напрыклад знайсці і прачытаць пэўны ўрывак з Бібліі.


Мішура чакае ёлкі.

На стале вянок з шышак, у якім чатыры свечкі. Іх запальваюць па адной у кожную нядзелю адвэнту — у знак еднасці сям’і. Вольга вымае з духоўкі свежае імбірнае пячэнне — традыцыйная салодкая страва ў снежні. Засталося нанесці глазуру і дэкаратыўныя малюнкі. Чатырохгадовая Дамініка з хваляваннем трымае ў руках харчовыя фарбы — рыхтуецца намаляваць шарыкі на выпечанай імбірнай ёлцы. Самага малодшага, паўтарагадовага Марка, пакуль да малявання не дапускаюць. Яго справа — спажыванне гатовай прадукцыі.

Маленькі падарунак дзеці атрымліваюць кожны дзень да самага Раства.

Найвялікшая радасць наступае, калі ўся сям’я дастае скрынкі з упрыгажэннямі. Частку адкладваюць, каб павесіць на ёлку. За лясной прыгажуняй Марыян павязе родных у бліжэйшы час. Пакуль галоўная задача — падрыхтаваць батлейку. Гэта традыцыйная інсталяцыя моманту нараджэння Хрыста. Сямейную батлейку Марыян стварыў уласнымі рукамі з пенапласту і драўніны. У Іосіфа ператварылі адну маленькую ляльку, жывёлы трапілі ў сюжэт з розных набораў цацак. Над сцэнай нараджэння Хрыста разам з дзецьмі бацькі вешаюць Віфлеемскую зорку, праўда, фігурку самога немаўляці сюды дададуць толькі з надыходам Раства.

Разам працаваць весялей.

Абавязкова Марыян з сям’ёй збіраюцца наведаць адну з ранішніх службаў у касцёле, якія праходзяць на працягу ўсяго месяца. А галоўнае — сабрацца з блізкімі за адным сталом на куццю. Стол пакрываюць сенам, ежа выключна посная — бульба, капуста, куцця. Абавязкова ўсе члены сям’і дзеляць спецыяльны хлеб, просяць адзін у аднаго прабачэння, а Максім чытае ўслых урывак з Евангелля пра нараджэнне Збаўцы. Потым уся сям’я ідзе на начную імшу, а раніцай дзеці хутчэй лезуць пад ёлку: анёлы ўначы прыносяць падарункі.

valchenko@sb.by

Фота Івана КУЗМЯНКОВА
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter