У чаканні светлага свята. Заўтра ў праваслаўных пачынаецца Калядны пост

Калядны пост пачынаецца за сорак дзён да вялікага свята — Нараджэння Хрыстова. Ён яшчэ завецца Піліпавым постам, бо наконадні адзначаецца дзень памяці апостала Філіпа. Царква тлумачыць, што гэты пост устаноўлены дзеля таго, каб вернікі з чыстым сэрцам, душой і целам маглі сустрэць Нараджэнне Сына Божага і прынесці яму чыстае сэрца і жаданне быць паслядоўнікам Яго вучэння.
Правілы ўстрымання, прадпісаныя царквой у гэты пост, падобныя да правіл Пятроўскага посту. Натуральна, забаронена ўжываць мяса, масла, малако, яйкі, сыр. Акрамя таго, у панядзелак, сераду і пятніцу ўставам забараняюцца рыба, віно і алей. У астатнія дні можна гатаваць ежу на алеі. Рыба дазваляецца толькі па суботах, нядзелях і па вялікіх святах (напрыклад, Увядзенне ў храм Прасвятой Багародзіцы). З 2 па 6 студзеня вернікі посцяць найбольш строга, у гэтыя дні рыба не дазваляецца нават у суботу і нядзелю.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter