У аснове зблiжэння — эканомiка

Бягучы год павiнен стаць знакавым у саюзным будаўнiцтве, выказаў перакананне падчас правядзення тэлемоста Мiнск—Масква дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы Павел Барадзiн.

Бягучы год павiнен стаць знакавым у саюзным будаўнiцтве, выказаў перакананне падчас правядзення тэлемоста Мiнск—Масква дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы Павел Барадзiн.

На канец сакавiка—пачатак красавiка, адзначыў ён, запланавана чарговае пасяджэнне Вышэйшага дзяржсавета Саюза. На iм будуць разгледжаны праект Канстытуцыйнага акта, планы ўвядзення адзiнага плацежнага сродку, дэлегiравання краiнамi-саюзнiцамi часткi сваiх паўнамоцтваў, iншыя вельмi важныя пытаннi. Расiя i Беларусь ужо дастаткова зблiзiлiся, трэба зрабiць вырашальныя крокi. На сёння, па словах П.Барадзiна, узровень iнтэграванасцi дзвюх дзяржаў у палiўна-энергетычным комплексе дасягнуў 95 працэнтаў, у машынабудаваннi — 85, сельскай гаспадарцы — 60 працэнтаў. Цеснае супрацоўнiцтва наладжана i ў iншых сферах. За мiнулы год у параўнаннi з 2003-м тавараабарот Беларусi i Расii вырас на 41 працэнт i склаў 17,6 мiльярда долараў. Тым не менш, прызнаўся дзяржсакратар, праблем у саюзным будаўнiцтве дастаткова шмат, i яны патрабуюць палiтычнага i эканамiчнага рашэння. I рэгулярныя сустрэчы, як апошнi тэлемост, даюць штуршок да пошуку спосабаў пераадолець перашкоды. Тэлемост, прысвечаны праблемам саюзнага будаўнiцтва, прайшоў пры падтрымцы Пастаяннага камiтэта Саюзнай дзяржавы, тэлерадыёкампанii “Мiр”, Нацыянальнага прэс-цэнтра Беларусi. Прадстаўнiкi мiнiстэрстваў i ведамстваў, бiзнес-структур абмеркавалi пытаннi развiцця эканамiчных кантактаў дзвюх дзяржаў у сферы гандлю, iнвестыцый. Больш падрабязную iнфармацыю па ўзнятых падчас тэлемоста праблемах чытайце ў блiжэйшых нумарах “Народнай газеты”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter