У агародзе, на градзе. Каб заўсёды быць з ураджаем на сваім прысядзібным надзеле, гаспадар і гаспадыня ведалі сякія-такія “хітрыкі”.

Вось некаторыя з іх. Насенне любой гародніны на працягу трох дзён абавязкова спырсквалі калодзежнай вадой. Перад пасевам сяляне выходзілі рана ў двор і кідалі ў калодзеж медзякі для поспеху. Рабіць гэта трэба было ўпотай, каб засцерагчыся ад дрэннага вока. Падчас пасеву не пазычайце нікому расаду ці насенне і самі не пазычайце. Пажадана, каб у гэты момант на вас не глядзелі суседзі (каб не сурочылі). Не давайце проста так рэшткі насення ці расады — няхай вам крыху дадуць грошай.

  • Каб быў ураджай на “вяршкі” (г.зн. на надземную частку расліны), саджайце такія расліны ад маладзіка да поўні; каб ураджай быў на “карэньчыкі” (г.зн. на падземную частку расліны), саджайце іх ад поўні да маладзіка.
  • Буракі сеялі да таго, як зацвіце чаромха. Калі пасеяць буракі пасля гэтага, яны пойдуць “у ствол”.
  • Высадку капуснай расады прымяркоўвалі да аднаго з вясновых свят. Напрыклад, на Івана Галавастага (7 чэрвеня), казалі: “Каб мая капустачка прыймалася і ў галоўкі складалася”; на Розыгры (аўторак на наступным за Тройцай тыдні), каб расліны добра раслі і фарміраваліся ў галоўкі. Святых, якія ўшаноўваліся ў дні пасадкі капусты, сталі зваць Расадніцамі: дзень святой Лукер’і (13 мая), Маўры (16 мая), Ірыны (18 мая).
  • Ведалі, што саджаць капусту павінна толькі жанчына. Калі да расады дакранецца мужчына, то добрага ўраджаю не будзе.
  • Словы пры пасадцы караняплодаў: “Корань да карашка, а вяршок да вяршка. Няхай моцны будзе той корань. Амін”.
  • Словы пры пасадцы агуркоў. Насенне агуркоў высыпаць у шклянку, заліць посным маслам, адбыць з ім набажэнства ў царкве, а пры пасадцы сказаць: “У Іерусаліме град, у Іерусаліме дождж, у Іерусаліме бяда, а на маім агародзе ёсць града. Як масла жырна, так багата мая града і мой стол. У імя Айца і Сына і Святога Духа. Амін”.
  • Словы пры пасадцы памідораў. Калі саджаеце ў грунт расаду памідораў, скажыце: “Як лес густы, так і мой куст. Святы Пётр, святы Ілля, мае памідоры і я. У імя Айца і Сына і Святога Духа. Амін”.
    Абярэг на агарод: “Госпадзі, памагі. Будзь агароджай для майго агарода, майго сада, маёй зямлі. Ніхто тую агароджу не пяройдзе, зямліцы не папорціць. Няхай будзе так. Амін”.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter