Ні на што не памяняе сваю вёску Чапялі Ніна Аладка, дзе яе лёс не песціць, але і не лютуе

У адсутнасцi сквапнасцi найбольшае багацце

СВОЙ лёс, які звычайна складаецца з розных выпадковасцей, кожны, хутчэй за ўсё, стварае, а не сустракае. Па-сапраўднаму можна павучыцца жыццёвай мудрасці ў начальніка чапялёўскага вытворчага ўчастка адкрытага акцыянернага таварыства “Краснадворцы” Салігорскага раёна Ніны АЛАДКІ.


Пасля заканчэння бухгалтарскага аддзялення Навапольскага сельскагаспадарчага тэхнікума яна прыехала па накіраванні ў салігорскі калгас “Прамень камуны” і адразу ўзначаліла бухгалтарскую службу. Сціплую дзяўчыну прыкмеціў калгасны шафёр Іван Аладка, які стаў яе мужам. Выхавалі і аддалі замуж дачку, маюць двух унукаў.

За пяцьдзясят гадоў працы ў сельскай гаспадарцы Ніна Аляксандраўна неаднаразова ўзнагароджвалася граматамі, дыпломамі. Шаснаццаты год атрымлівае пенсію, але ў любое надвор’е штораніцы імчыць на веласіпедзе знаёмым шляхам да прахадной чапялёўскага вытворчага ўчастка, якім паспяхова кіруе.

ПАРТЫЗАНСКАЯ вёска Старыя Цярушкі былога Старобінскага раёна на працягу ўсіх трох гадоў нямецка-фашысцкай акупацыі нястомна змагалася з ворагам. З першых дзён вайны многія вяскоўцы падаліся ў ствараемыя атрады народных мсціўцаў. У сялянскіх хатах пяклі хлеб, рыхтавалі вопратку для змагароў, якія базіраваліся ў навакольных густых барах. Азвярэлыя фашысты, адступаючы пад націскам Чырвонай Арміі, летам 1944 года сагналі ў хлеў суседняй вёскі Загор’е мясцовых жыхароў і зажыва спалілі. Сярод вяскоўцаў, якім удалося выжыць, лютаваў тыф. Зваліла з ног хвароба і цяжарную Сцепаніду Карбалевіч. Знямоглая жанчына на два месяцы раней тэрміну нарадзіла худзенькую дзяўчынку, якая не паказвала ніякіх прымет жыцця. Немаўля ўхуталі ў пялёнкі і паклалі на цёплую печ. Міналі дні, а дзіцятка ледзьве трымалася. Бацька Сцепаніды стаў рыхтавацца да горшага: настругаў дошчачак і ўпотайкі збіў маленькую труну. Вяскоўцы па чарзе насілі ў хату Карбалевічаў каровіна малако, якім паілі кволую дзяўчынку, і выхадзілі. Пахрысцілі дзіцятка ў царкве з упэўненасцю, што маленькая Ніна будзе жыць.

У цеснай хатцы перазімавалі. Вясною Сцепаніда разам з мужам Аляксандрам на калгасным полі працавалі, а ўнучку няньчыла бабуля Юстына. Яшчэ два сыны, Васілёк і Міколка, папоўнілі маладую сям’ю, гаспадар якой адным з першых у Старых Цярушках сеў за руль трактара. Праўленне калгаса выпісала працавітым Карбалевічам будаўнічы лес на новы дом. Сваякі дапамаглі будавацца. 

Выраслі дзеці. Ніна пасля заканчэння Старацярушкінскай сярэдняй школы разам з сяброўкамі намерылася паступаць у Камышынскае прафтэхвучылішча ткачых. Як ні адгаворвалі дзяўчат сваякі, але тыя ўпарта настойвалі на сваім. 

Сцепаніда Карбалевіч месца сабе не знаходзіла, усхвалявана тупала па хаце і галасіла. Употайкі наведала вясковую варажбітку, якая крыху супакоіла. І дзед Яўхім з бабуляй Юстынай нярвова чакалі вестак ад ўнучкі. Праз тыдзень усе пяць вандроўніц вярнуліся ў Старыя Цярушкі. 

— Прыехалі цягніком да Валгаграда, а далей аўтобусам дабіраліся ў горад Камышын, — узгадвае Ніна Аладка. — Там спужала незвычайная сумятня. Неўтульна стала і закарцела дамоў. Дакументы ў прафтэхвучылішча вырашылі не здаваць. Вярнуліся на чыгуначны вакзал і набылі білеты ў зваротны шлях. Родная вёска сустрэла прыемнаю цішынёю.

Пачыналася жніво, і мы з сяброўкамі пайшлі пералапачваць збожжа на калгасны ток, — працягвае Ніна Аляксандраўна. — Восенню паехала ў Старобін і ўладкавалася рабочай у падсобны цэх нарыхтоўчай канторы. У некалькі змен ціснулі яблыкі на сок. Зімою перайшла на Салігорскі завод жалезабетонных канструкцый, дзе ўтрамбоўвала цэментны раствор у спецыяльных формах па выпуску пліт перакрыццяў. Летам паступіла ў Навапольскі сельскагаспадарчы тэхнікум і праз два гады атрымала дыплом бухгалтара і размеркаванне ў салігорскі калгас “Прамень камуны”, дзе не было галоўнага бухгалтара. Старшыня гаспадаркі Рыгор Піскоўскі перадаў мне гербавую пячатку і даверыў падпісваць фінансавыя дакументы. Цяжкавата было ўсё адразу спасцігаць, але справілася. З нашага выпуску ніхто адразу не ўзначаліў бухгалтарскую службу.

— А жылі дзе?

— Мяне гасцінна прыняла адзінокая чапялёўская даярка Вера Арэшка. У яе хатцы не было падлогі, але чысціня і парадак — заўсёды. Даматканыя посцілкі ляжалі на глінабітным таку. Гаспадыня раненька ўставала, запальвала дровы ў печы і паспявала да адыходу на малочную ферму сняданак прыгатаваць. Як дачку мяне шанавала, многае падказвала. Вялікая вёска Чапялі звінела ў той час ад моладзі. Вечарамі ў клубе не было дзе яблыку ўпасці. Вера Фёдараўна выправаджвала і мяне на гулянні. З’явіліся і кавалеры. Калгасны механік Мікалай і шафёр Іван сталі  заляцацца да мяне. Адзін правядзе дамоў, а назаўтра — другі. Кляліся ў каханні, але Іван кранаў сэрца большай увагай. Ён вазіў старшыню калгаса на легкавіку і мяне часам падвозіў па справах. Аднойчы папрасіла адвезці бацькам у Старыя Цярушкі агуркі, якія выпісала ў калгасе. Іван падруліў аўтамашыну да падворка, дапамог агуркі данесці да ганка, а ў хату пасаромеўся заходзіць. 

Ніна АЛАДКА. 1977 год
Так сталася, што ў суседнім калгасе імя Чкалава, які межаваў з нашымі Старымі Цярушкамі, тэрмінова патрэбен быў бухгалтар, і мяне перавялі туды. Сабралася перабрацца да бацькоў, адтуль бліжэй да канторы. Са слязьмі на вачах развітвалася са мною сардэчная Вера Фёдараўна. Іван на машыне часта наведваўся да мяне і прапанаваў замуж.  Даведаўся пра гэта калгасны механік Мікалай і цяжка перажываў. 

У вызначаны дзень канторскія работнікі адправілі мяне раней  дамоў, збірацца ў сельсавет на роспіс. Бацькі пра гэта не ведалі. Маці здзівілася, што так рана я дома. Нічога ёй не адказала і пайшла да цёткі Вулляны, што непадалёку жыла. Чамусьці думала, што Іван не прыедзе. А ён на «УАЗіку» з’явіўся. Прыбеглі за мною, і мы паехалі ў Зажэвіцкі сельсавет распісвацца. Усхваляваная маці назаўтра з раніцы кінулася ў Салігорск за прадуктамі, і пасля абеду прымалі гасцей. 

З падушкамі і пасагам са Старых Цярушак вярнулася зноў у Чапялі. Жылі ў бацькоўскім доме мужа. Іванава маці рана памерла, аўдавелы бацька хварэў, і яму патрэбен быў догляд. Доўга ён не пажыў. Падымалася рана, даіла карову, снеданне гатавала і ў калгасную кантору спяшалася. 

Пасля нараджэння дачкі толькі некалькі месяцаў затрымалася дома і выйшла на працу. Бабуля Сцепаніда няньчыла Алачку. З малых гадоў дачушка хварэла і прапускала школьныя заняткі. Самастойна дома засвойвала вучэбную праграму. Прыглядаў за ёю і мой глуханямы дзед Яўхім, які пражыў дзевяноста гадоў. 

Муж завочна вучыўся ў Мар’інагорскім сельскагаспадарчым тэхнікуме і двойчы на год ездзіў на сесію, а я амаль кожныя выхадныя адведвала дачушку ў Смілавіцкім санаторыі. Карову, цялятка, дзве свінаматкі, гусей, кур, качак даглядаў дзядуля Яўхім.

Вялікай радасцю было, што Ала закончыла школу на выдатна і паступіла на матэматычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Атрымала дыплом педагога і вярнулася дамоў. Працуе завучам пятай салігорскай сярэдняй школы. Часта з мужам, сынам і дачкою наведваюцца да мяне ў Чапялі. 

— Чым частуеце іх?

— Як жартуе зяць Аляксандр, што ў цёшчы Ніны Аладкі самыя крамяныя аладкі.

Яны тут і гаспадараць. Без іх не ўяўляю, як магла справіцца. Нават у выхадныя раненька мне трэба ў брыгадзе выпісваць падарожныя лісты механізатарам, растаўляць людзей па працоўных месцах. Вяртаюся дамоў, а зяць ужо ўсю жыўнасць накарміў. Да любой сялянскай справы здатны. У яго залатыя рукі. 

Як аўдавела, кароўку здала. Толькі кабанчыкі ў хляве і куры па двары ходзяць. Захварэў мой Іван на астму і не ўратаваўся. Разам яшчэ паспелі выкупіць калгасны домік і абкласці сілікатнай цэглай. Правялі ваду ў дом, усталявалі паравое ацяпленне, усе зручнасці. Знаходжу час і на любімае вышыванне. Гару падушак аздобіла прывабнымі вышыўкамі. Прапаноўвала ўнучцы, але яна заявіла, што пуховыя падушкі не ў модзе. Так і ляжаць гарою на ложку ў маёй спальні. 

— Ваша вёска стаіць побач з рудніком. Тэрыконы наступаюць на агароды.

— Крайнюю вуліцу перасялілі ўжо, і наш дом пайшоў пад знос. Атрымалі кватэру ў Салігорску, але не змагла там жыць. За паўвека характары чапялёўцаў дасканала вывучыла. І мяне людзі ведаюць. Мне ўжо восьмы дзясятак пайшоў, а ні дня дома не сядзела. Нават не магу ўявіць, як можна не працаваць. У любы час года падымаюся на досвітку. Саджуся на веласіпед і лячу праз вёску на мехдвор. Кіраўніцтва гаспадаркі даверыла чапялёўскі вытворчы ўчастак, і я не магу падвесці. 

— Па сутнасці, вы ўзначальваеце ўвесь былы калгас?

— Наш “Прамень камуны” далучылі восем гадоў таму да адкрытага акцыянернага таварыства “Краснадворцы”. Калгаснікі не падтрымлівалі аб’яднанне. Нашы землі шчодрыя на ўраджай. Аб’яднанне доўжылася амаль паўгода. Як галоўны бухгалтар закрывала рахункі ў банку. Усю дакументацыю перадала аб’яднанай гаспадарцы і магла адпачываць. Кіраўнік нашага вытворчага ўчастка Уладзімір Радзецкі ўзначаліў агранамічную службу акцыянернага таварыства, і мне прапанавалі брыгадзірства. У мае абавязкі ўваходзіць налічэнне заробкаў механізатарам,  рамонтнікам, загадчыкам складаў, вадзіцелям аўтамашын, арганізацыя працы паляводаў, якіх у брыгадзе засталося мала.  Руплівыя Наталля Кашляк, Таццяна Восіпава, Валянціна Гога, Надзея Казленка не падводзяць.

— Ваш працоўны дзень у зімовы час пачынаецца пазней за звычайны?

— Круглы год а палове сёмай гадзіны раніцы як штык на мехдвары. Звязваюся па тэлефоне з галоўным дыспетчарам гаспадаркі Марыяй Федаровіч і атрымліваю разнарадку на працоўны дзень. Арганізоўваю выхад людзей участка на розныя аб’екты. Узгадняю дзеянні з загадчыцай жывёлагадоўчай фермы ў Чапялях. У летні сезон у мяне на кантролі праца механізатараў на нашых палях.

— Зімою клопатаў менш. Маеце больш вольнага часу?

— Дбайнаму гаспадару заўсёды ёсць чым заняцца. Арганізую падвозку кармоў да жывёлагадоўчых памяшканняў, дзе ўтрымліваецца вялікі дойны статак і кормнікі. Летам салому з палёў перавезлі да фермы, і цяпер зручней завозіць жывёле. Трактарыст Уладзімір Чэчка грузіць “Амкадорам” сянаж на трактарныя цялежкі, а механізатар Сяргей Міснік раскладае па кармушках. Побач з фермай, у свірне, мелем збожжа на фураж. З Слуцкага цукровага камбіната возім бураковы жом. 

Пастаянна падтрымліваю сувязь з галоўнымі спецыялістамі і кіраўніком гаспадаркі. Нават калі ўвечары патэлефануюць з цэнтральнай дыспетчарскай, што нешта тэрмінова патрэбна, саджуся на веласіпед і збіраю людзей на працу.

Ціха стала на палях, машынным двары. Маю магчымасць у зімовыя выхадныя выехаць куды з вёскі. Раненька выпішу падарожныя лісты механізатарам, і ўвесь дзень у маім распараджэнні.

— Ваш веласіпед вытрымлівае — у поле, на ферму, у майстэрню вы толькі на ім?

— Ужо некалькі памяняла. Апошні набыла шэсць гадоў таму. Гляджу яго старанна, змазваю. Пакуль мяне не падводзіць. Да бацькоў у Старыя Цярушкі на веласіпедзе ездзіла. Няма ўжо нікога родных там. Усіх сваякоў апошні раз збіралі на пяцідзесяціпяцігадовы юбілей. Вядучых з Салігорска запрасіла. Свята ўдалося на славу.

— Мо гэта і быў ваш самы шчаслівы дзень?

— Самым шчаслівым быў той, калі дачка Алачка паступіла на матэматычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Гэта была вялікая падзея для нашай сялянскай сям’і. Яна з-за нейкай недарэчнасці не атрымала залаты медаль у школе, і мы хваляваліся, каб даказала паступленнем свае веды. Верылі ў поспех. Так яно і атрымалася. Магутная сіла — вера. У гады вучобы дапамагалі ёй матэрыяльна і вяселле зладзілі. Зяць Аляксандр працуе на Трэцім калійным камбінаце брыгадзірам чыгуначнікаў. Унук Раман завочна вучыцца ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце і працуе на шахце Пятага калійнага камбіната. Унучка Карына, якой сямнаццаць гадоў, выбрала спецыяльнасць эканаміста ў Салігорскім каледжы.

— Ніна Аляксандраўна, ваш самы запаветны куточак у Беларусі?

— Мая вёска Чапялі, якую не памяняю ні на што на свеце. За паўвека тут столькі перажыта. Многа кіраўнікоў памянялася. Ні пад каго не падстройваюся. Ведаю, што трэба сумленна працаваць. Плёткамі вясковымі не займаюся і працы не баюся. Так мяне выхавалі. Ад бабулі чула, што найбольшае багацце — адсутнасць сквапнасці.

— Калі б можна было нешта ў вашым жыцці перайначыць, то што змянілі б у першую чаргу?

— Лёс мяне не песціць, але і не лютуе. Аднавяскоўцам не сорамна глядзець у вочы. Ні да каго не падлабуньвалася. Хто чаго заслугоўвае, тое і атрымлівае.

— А дзе праводзіце водпуск?

— На сваім падворку. Летам занята на працы. А яшчэ трэба даглядаць куранятак, што падрастаюць, ці парасятак. Увосень закалола кабанчыка, а ў хлеўчыку яшчэ трое рохкаюць. Дзецям і ўнукам свежаніна. Разам каўбасы робім. У маладыя гады на мужа пакідала хатнюю гаспадарку, я і ў Балгарыю па турпуцёўцы ездзіла, і ў Саюзе шмат дзе бывала: Адэса, Севастопаль, Херсон, Ленінград, Масква. І з мужам у Маскву ездзілі, а гаспадарку на суседку Ніну Арэшку пакідалі. Цяпер чамусьці імкнуцца за край свету ў адпачынак, а столькі цікавых мясцін побач.

— Пра што марыце?

— Каб нашчадкі шчасліва жылі.  Дачакацца праўнукаў і пачаставаць іх сваімі аладкамі. Мару ўбачыцца са сваёю студэнцкай сяброўкай Марыяй Клінцэвіч, якая з Шчучынскага раёна. Яна гуляла на нашым вяселлі. Мо любімая “Сельская газета” дапаможа сустрэцца. Спадзяюся на гэта.

Уладзiмiр СУБАТ

Салігорскі раён

Фота аўтара і з сямейнага архіва Ніны АЛАДКІ
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter