У 45 – «ягадкі» ізноў!

Фальклорны гурт Белдзяржфілармоніі «Купалінка» адзначыў свой юбілей святочным канцэртам.

САКАВІТЫЯ маладыя галасы, стройныя постаці, шчырыя ўсмешкі на тварах артыстаў... Нават не верыцца, што калектыву «Купалінка» споўнілася ў гэтым годзе 45 гадоў — змянілася ўжо чатыры пакаленні! Нязменным застаецца толькі мастацкі кіраўнік — заслужаная артыстка Беларусі Алена Цялькова. Некалі яна сама пачынала творчасць як салістка «Купалінкі» і вось ужо 25 гадоў паспяхова кіруе гуртам.

Вытокі гісторыі калектыву сведчаць: у 1966 годзе гурт пачынаў сваю дзейнасць як жаночы вакальны квартэт і кіраваў ім народны артыст СССР Генадзь Цітовіч. У 1986 годзе сюды прыйшлі музыкі-ўніверсалы. За 45 гадоў існавання «Купалінка» здзіўляла сваіх аматараў непаўторнай музычнай мовай, разнапланавым рэпертуарам, бліскучай формай выканання. Фальклорны гурт пазнаёміў з беларускім мастацтвам жыхароў Канады, Бразіліі, Сірыі, Балгарыі, Вялікабрытаніі, Францыі, Японіі і многіх іншых краін свету. Між іншым, «Купалінка» — часты госць беларускай глыбінкі. Хутка гурт выступіць у Гомельскай вобласці, у Чэрвенскім і Салігорскім раёнах, на Валожыншчыне.

Наталля СЕРГУЦ, «БН»

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter