У 16 вёсак прыедзе бібліобус
30.10.2012 15:22:06
Акцыя «Чытаем па-беларуску», ахапіўшая ўсе бібліятэкі Веткаўшчыны, скіравана на «разварушэнне» інтарэсу менавіта да беларускамоўнай кнігі
У ЗВЫЧАЙНЫ працоўны дзень ва ўсю кіпіць жыццё ў Веткаўскай цэнтральнай раённай бібліятэцы. А павялічвае яно свой рытм асабліва ў выхадныя. Мінулы тыдзень — не выключэнне. У сценах бібліятэкі прайшло чарговае свята паэзіі «Мне на сэрцы золатам лёс мой вышывалі».
Бібліяграфічныя агляды, інфармацыйныя гадзіны, юбілеі класікаў — што ні мерапрыемства ў бібліятэцы, то свята з тэматычнымі выставамі кніг, неглюбскіх ручнікоў, выступленнямі творчых калектываў раёна. А вось акцыя «Чытаем па-беларуску» праводзіцца ў бібліятэках Веткаўшчыны ўвесь Год кнігі. Ідэя праекта ўзнікла некалькі гадоў таму, калі бібліятэкары абагулілі чытацкую актыўнасць з перавагамі ў літаратуры — класіцы і сучаснай.
— Мы ўжо бачым, што сёння сітуацыя змяняецца: усё часцей людзі, асабліва сталага ўзросту, прыходзяць і запытваюць беларускамоўную кнігу, асабліва навінкі, — удакладняе дырэктар Веткаўскай цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы Марына Барсукова. — А іх, дарэчы, сёлета прыкметна прыбавілася. Па ўсёй сістэме толькі ў Год кнігі нашыя фонды папоўніліся больш чым на пяць тысяч кніжных навінак. У тым ліку і сацыяльна значная літаратура. Да параўнання, летась паступленне склала 1157 кніг. Скажу больш: да канца года наша раённая сістэма яшчэ не вычарпала ўсе выдаткі на папаўненне і абнаўленне фондаў — значыць, новых выданняў на нашых палічках стане больш.
Дарэчы, што тычыцца менавіта кніжных палічак, то фонды, як у лепшых узорах еўрапейскіх бібліятэк, знаходзяцца для чытачоў цэнтральнай раённай бібліятэкі Веткі ў адкрытым доступе. Гэта значыць, кожны можа выбраць літаратуру на свой густ непасрэдна сам. А жыхары аддаленых вёсак замаўляюць кнігі ў супрацоўнікаў бібліобуса (ён абслугоўвае 16 маланаселеных пунктаў Веткаўшчыны). У заказных фармулярах — і навінкі, і класіка. Усяго ў складзе ЦБС, акрамя цэнтральнай раённай і дзіцячай бібліятэк, 15 філіялаў на вёсцы.
— Сёння наша бібліятэка становіцца своеасаблівым культурна-асветніцкім цэнтрам, — разважае дырэктар ЦБС Марына Барсукова. — У мінулым годзе на базе менавіта нашай установы адкрыты Цэнтр інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Тэхніку — пяць камп’ютараў, аздобленых навушнікамі, вэб-камерамі, прынтар — мы атрымалі па праграме ПРААН. Гэта вялікая для нас дапамога. Кожны жыхар Веткаўшчыны цяпер можа два разы на тыдзень дармова карыстацца Інтэрнэтам адну гадзіну дваццаць хвілін.
Таццяна УСКОВА, «БН»
Фота аўтара