У 16 вёсак прыедзе бібліобус

У ЗВЫЧАЙНЫ працоўны дзень ва ўсю кіпіць жыццё ў Веткаўскай цэнтральнай раённай бібліятэцы. А павялічвае яно свой рытм асабліва ў выхадныя. Мінулы тыдзень — не выключэнне. У сценах бібліятэкі прайшло чарговае свята паэзіі «Мне на сэрцы золатам лёс мой вышывалі».

Акцыя «Чытаем па-беларуску», ахапіўшая ўсе бібліятэкі Веткаўшчыны, скіравана на «разварушэнне» інтарэсу менавіта да беларускамоўнай кнігі

У ЗВЫЧАЙНЫ працоўны дзень ва ўсю кіпіць жыццё ў Веткаўскай цэнтральнай раённай бібліятэцы. А павялічвае яно свой рытм асабліва ў выхадныя. Мінулы тыдзень — не выключэнне. У сценах бібліятэкі прайшло чарговае свята паэзіі «Мне на сэрцы золатам лёс мой вышывалі».

— Гэтую імпрэзу прысвяцілі выдатнаму беларускаму паэту Анатолю Сысу, які, хоць сам родам з Рэчыцкага раёна, пэўны час працаваў у нас, на Веткаўшчыне, — распавядае загадчыца аддзела абслугоўвання Веткаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі Валянціна Бава. — Ідэі для сустрэч з чытачамі выкрышталізоўваюць як супрацоўнікі нашых бібліятэк, так і мясцовыя аўтары. Апошнія, дарэчы, актыўна ўдзельнічаюць у нашых мерапрыемствах, прыносяць чытачам свае кнігі, ладзяць міні-аўтограф-сесіі. Гэта, напрыклад, Ларыса Раманава, Генадзь Лапацін, Нячаева Галіна, іншыя. Частыя госці ў нас Леанід Дранько-Майсюк, Барыс Сачанка. Не цураемся зваць на нашы святы і маладых паэтаў. З задавальненнем на такія сустрэчы прыходзяць і радавыя чытачы, і школьнікі.

Бібліяграфічныя агляды, інфармацыйныя гадзіны, юбілеі класікаў — што ні мерапрыемства ў бібліятэцы, то свята з тэматычнымі выставамі кніг, неглюбскіх ручнікоў, выступленнямі творчых калектываў раёна. А вось акцыя «Чытаем па-беларуску» праводзіцца ў бібліятэках Веткаўшчыны ўвесь Год кнігі. Ідэя праекта ўзнікла некалькі гадоў таму, калі бібліятэкары абагулілі чытацкую актыўнасць з перавагамі ў літаратуры — класіцы і сучаснай.

— Мы ўжо бачым, што сёння сітуацыя змяняецца: усё часцей людзі, асабліва сталага ўзросту, прыходзяць і запытваюць беларускамоўную кнігу, асабліва навінкі, — удакладняе дырэктар Веткаўскай цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы Марына Барсукова. — А іх, дарэчы, сёлета прыкметна прыбавілася. Па ўсёй сістэме толькі ў Год кнігі нашыя фонды папоўніліся больш чым на пяць тысяч кніжных навінак. У тым ліку і сацыяльна значная літаратура. Да параўнання, летась паступленне склала 1157 кніг. Скажу больш: да канца года наша раённая сістэма яшчэ не вычарпала ўсе выдаткі на папаўненне і абнаўленне фондаў — значыць, новых выданняў на нашых палічках стане больш.

Дарэчы, што тычыцца менавіта кніжных палічак, то фонды, як у лепшых узорах еўрапейскіх бібліятэк, знаходзяцца для чытачоў цэнтральнай раённай бібліятэкі Веткі ў адкрытым доступе. Гэта значыць, кожны можа выбраць літаратуру на свой густ непасрэдна сам. А жыхары аддаленых вёсак замаўляюць кнігі ў супрацоўнікаў бібліобуса (ён абслугоўвае 16 маланаселеных пунктаў Веткаўшчыны). У заказных фармулярах — і навінкі, і класіка. Усяго ў складзе ЦБС, акрамя цэнтральнай раённай і дзіцячай бібліятэк, 15 філіялаў на вёсцы.

— Сёння наша бібліятэка становіцца своеасаблівым культурна-асветніцкім цэнтрам, — разважае дырэктар ЦБС Марына Барсукова. — У мінулым годзе на базе менавіта нашай установы адкрыты Цэнтр інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Тэхніку — пяць камп’ютараў, аздобленых навушнікамі, вэб-камерамі, прынтар — мы атрымалі па праграме ПРААН. Гэта вялікая для нас дапамога. Кожны жыхар Веткаўшчыны цяпер можа два разы на тыдзень дармова карыстацца Інтэрнэтам адну гадзіну дваццаць хвілін.

Таццяна УСКОВА, «БН»

Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter