Тысячы натхняльнікаў. Міністр культуры адзначыў прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі ўзнагародамі, а міністр унутраных спраў — падзякай

Напярэдадні Дня работнікаў культуры ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета адбылося ўрачыстае мерапрыемства, у якім удзельнічала звыш тысячы прадстаўнікоў сферы культуры і мастацтва краіны.
Пасля экскурсіі па будынку оперы адбылася цырымонія ўручэння міністрам культуры Паўлам Латушкам ганаровых грамат, грамат і падзяк за ўклад у развіццё нацыянальнай культуры і мастацтва. Лепшыя прадстаўнікі былі адзначаны ганаровымі граматамі Савета Міністраў, нагруднымі знакамі Міністэрства культуры “За ўклад у развіццё культуры Беларусі”. Сярод іх — былыя міністры культуры Яўген Вайтовіч і Аляксандр Сасноўскі, маэстра Міхаіл Фінберг, артыст Генадзь Аўсянікаў, рэжысёр Валерый Анісенка, мастакі Георгій Паплаўскі і Уладзімір Савіч ды многія іншыя.
Са словамі падзякі да творчай інтэлігенцыі звярнуўся ў час спецыяльнай сустрэчы з дзеячамі культуры міністр унутраных спраў Анатоль Куляшоў. Ён асабліва адзначыў мужнасць і адданасць прафесіі прадстаўнікоў музычных калектываў: “Нягледзячы на адлегласці і непагоду, вы выязджаеце ва ўсе рэгіёны краіны да месцаў дыслакацыі нашых падраздзяленняў дзеля таго, каб сваёй творчасцю і талентам падтрымаць ахоўнікаў парадку і натхніць іх на годнае выкананне службовага абавязку”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter