Вся жизнь Екатерины Маскалельчик связана с лошадьми

Ты нясі яе, нясі, конь незацугляны

Немцы і паліцаі хапалі па дварах дзяўчат і кідалі на калёсы. А за вёскай распачаўся бой. Партызаны падпільнавалі ворагаў, каб адбіць жанчын. Шум, гам, дзіцячы плач… Гэта была рэканструкцыя ваенных падзей у Будзілаўцы, калі мы адкрывалі народны помнік — сумесны праект «СГ» і выхадцаў з докшыцкіх Будзілаўкі і Чырвонага. Вясковая кабыла Багіра, якая павінна была везці дзяўчат у рабства, першы раз у жыцці пачула сапраўдную стральбу і ашалела ад страху. «Толькі б не панеслася! — прамільгнула ў галаве. — Шмат людзей блытаецца пад капытамі, можа пакалечыць». І нейкім цудам, неверагоднай унутранай сілай яе ўтрымала кіроўца — жанчына ў хустцы, фуфайцы і гумавых ботах. «Вось гэта характар! Тая самая, што «коня на скаку остановит», — падумалася тады. Так мы і вызначыліся з гераіняй праекта «Моцная жанчына». Знаёмцеся, мама пяцярых дзяцей, кандыдат у майстры па конным спорце, добрая гаспадыня і проста прыгажуня Кацярына МАСКАЛЕЛЬЧЫК з вёскі Бераснёўка Докшыцкага раёна.

 Пра свята ў Будзілаўцы

Мы цяпер нашу кабылу Багіру клічам Зоркай, не інакш. У Будзілаўцы была сапраўднай артысткай. Дзякуючы Багіры мы ўсёй сям’ёй і трапілі на свята. Арганізатары сказалі, што буду на баку немцаў. Гумавыя боты, фуфайку далі хлопцы з гістарычнага клуба. Рэстаўратары прыкмецілі мае залатыя завушніцы — усміхнуліся: «Ведаеце, у вайну паліцаі золата адбіралі?» А я бойка так: «Сваё не аддам. Гэта мае першыя і адзіныя залатыя завушніцы ў жыцці — падарылі за першынца Лёшку». А пасля свята пасадзіла сям’ю на воз, і паехалі ў сваю Бераснёўку. Дарэчы, на кані спадручней. А то шэсць гадоў збіралі на аўтамабіль з мужам, нарэшце купілі. Едзем праведаць маіх бацькоў у Гняздзілава Докшыцкага раёна, і тут спыняе інспектар ДАІ: двое дарослых і пяцёра дзяцей у салоне — не парадак, выпісаў штраф. А як жа пакінеш дома каго з дзяцей — крыўдна, усім хочацца! А на возе расселіся — і ў добры шлях. І ніхто не скажа, што ёсць лішні пасажыр. Зараз ездзім у грыбы. Летам з ягад не вылазілі — на заробленыя грошы сабралі дзяцей у школу.

 Пра дзяцінства

Маці з бацькам шмат працавалі. Мама на ферму к цяляткам, я за ёй. Лячу іх, абдымаю, няньчуся — яны замест лялек былі. Але галоўная слабасць — коні. Я ў бацькі замест сына: ён за плугам, я вяду каня. Ці пасадзіць мяне вярхом, бараную поле, ён толькі назірае. У калгаснай канюшні ўсе коні былі мае. Усіх да аднаго ведала, усіх аб’ездзіла, нават жарабят. Бывала, зачэпяць: «Гэтага каня не ўтаймуеш». Я падыду, прылашчу, на вуха шапну, скок — і паляцела ў поле. Мяне звалі ў Гняздзілаве старэйшым конюхам. І зараз, прыеду да бацькоў з мужам і дзецьмі, старыя людзі перагаворваюцца: «О, старэйшы конюх прыехаў».

Пра рыжага жарабца

Памятаю, у класе восьмым была, калі ў калгасе распрадавалі коней. Работнікам аддавалі бясплатна. Я маліла бацьку, каб за канём схадзіў. Нарэшце ўгаварыла. Ідзём разам, а ў мяне аж сэрца замірае ад шчасця. Ужо ведала, якога трэба браць. Быў на канюшні жарабец-прыгажун — ну проста агонь: высокі, рыжы, ногі белыя! Але з характарам. Бацька намучыўся з ім, пакуль прывёў. Навязаў у двары. А той зняў аброць, пераскочыў двухметровую агароджу і — ходу ў калгасную канюшню. Ох і раззлаваўся бацька: «Не пайду больш, і кропка» — колькі ні плакала.

Пра вучобу

Коні коньмі, а прафесію трэба атрымаць нармальную, рабочую. Так настаяла маці. І я паехала ў Глыбокае вучыцца на кухара. Тры гады кожную ноч сніла, як вярхом лячу. Пад канец першага вучэбнага года выпадкова вычытала ў газеце, што ў Глыбоцкім раёне ёсць калгас «Залатая падкова». Міхаіл Пачопка ім кіраваў. Далекавата ад горада — кіламетраў 18. З’ездзіла раз, другі, раззнаёмілася і ледзь не кожны дзень імчалася туды пасля вучобы. Дапамагала даглядаць, чысціць, карміць коней. Дарма. Здаецца, пах конскага поту адчую — і ўжо на душы радасна-радасна. Карэспандэнт з раёнкі напісаў пра мяне і сфатаграфаваў.

Дзяўчаты з мяне смяяліся: дурніца знайшлася. Яны марылі пра баль, прыгожую сукенку, а я экстэрнам здаю экзамены, забіраю дыплом — і хутчэй да сваёй мары. Паехала ў Палачаны пад Маладзечнам, там племконеферма. Маім настаўнікам, трэнерам быў Мікалай Пятроў — неяк бачыла яго з сынам Сяргеем па тэлевізары, аж унутры ёкнула. Жакеі ўсе маленькія, і ён невысокі. Дзядзька суровы, адным поглядам каня мог спыніць. Едзе ў сядле і каня адчувае, ведае, якое плячо кульгае, якое трэба падцягнуць, каб той не быў развалінай. Яго дзеці — Сяргей, Віця і Оля — таксама займаліся конным спортам. Памятаю спаборніцтвы, юнацкія паказальныя выступленні. Моладзь з’язджалася з Пружан, Мсціслава, Зазер’я Пухавіцкага раёна, нават Масквы. Спорт закаліў мяне і пасля 40 гадоў не дае асунуцца. Хоць і цяжка, але каня ў гаспадарцы трымаю. Ды і дзецям сваім азы спорту магу перадаць. Максім з Цімафеем любяць вярхом ездзіць. Нават гадавалая Танечка за грыву схопіцца, ножкамі ў бакі ўвапрэцца і — но! — паганяе.

Пра лёс

Гэта мой другі шлюб. У першым не заладзілася — муж выпіваў. Жыла адна, трымала карову, свіней, была прадпрымальніцай. З Сяргеем звялі родныя сёстры — яго і мая вучыліся ў Докшыцах ра­зам. Згаварыліся і падстроілі сустрэчу. З той пары Сяргей і прычапіўся да мяне. Моцна ён спадабаўся маім бацькам, яны сабралі мае пажыткі і перавезлі да яго. І зараз смяюся: «Без мяне мяне жанілі». 16 гадоў разам. Усякага хапае, але мне падабаецца, што муж не п’е, не курыць, сям’ю глядзіць. Баню зараз будуем, навучыўся сталы з дрэва вырабляць, пайшлі першыя заказы. Гэта ж вечная мэбля — не тое што магазінная. А жыццё вучыць не загадваць наперад. Я заўсёды думала, што ў мяне бу­дзе два дзіцяці. А ўжо пяцёра. 1 чэрвеня ордэнам Маці ўзнагародзілі, так прыемна было. Шкада толькі, што школу ў Бераснёўцы зачынілі, я працавала там кухарам. Пасля дэкрэта прыйдзецца шукаць новую працу. А пакуль жыццё распісана па хвілінах — трымаем трох кароў, свіней, кролікаў, курэй, качак. Свае яйкі, мяса, сала — натуральныя прадукты для дзяцей. І ў магазін амаль што не ходзім.

Ад журналіста

Мне вельмі спадабалася гэта добрая і шчырая сям’я. Жывуць небагата, але разлічваюць толькі на сваю працавітасць і сілы. Маскалельчыкі — ледзьве не адзіныя, хто ў Бераснёўцы трымае карову. І не адну, а тры. Усё для дзяцей — каб было малако, блінцы са смятанкай і тварагом. Кацярына доіць кароў уручную. Прызнаецца: падумвалі купіць даільны апарат, але пасля палічылі раскошай. Цана пытання — 800—1000 рублёў. Як для сельскай сям’і — сума вялікая, тым больш мама ў дэкрэтным і перспектыва з працай у будучым туманная. А з даільным апаратам можна будзе і цялушку ў будучым падгадаваць, павялічыўшы статак да чатырох кароў. Дык, можа, мы разам дапаможам сям’і набыць агрэгат? Упэўнена, свет поўніцца дабром і багаты на шчырых людзей, унутры якіх жыве патрэбнасць дапамагаць. Калі вырашылі ўнесці сваю, хоць і маленькую, лепту ў агульную добрую справу, звяжыцеся з рэдакцыяй па тэлефоне (8-017) 311-04-38. Людзі кажуць: «Бог адплоціць дабром за дабро».

ostapchuk@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter