Минск принимает международный фестиваль архитекторов, который будет продолжаться три месяца

Творчая восень

Аляксандр КОРБУТ: «Архітэктурная восень» будзе доўжыцца да 30 лістапада. 
Тры дні ператварыліся ў тры месяцы — так упершыню расцягнуўся тэрмін правядзення фестывалю «Архітэктурная восень». Галоўная яго пляцоўка — Рэспубліканскі дом архітэктара ў Мінску на вуліцы Карла Маркса, 14. Учора адбылося афіцыйнае адкрыццё фестывалю. Прайшло два гады з папярэдняга фестывалю, і гэты, 13-ы па ліку, будзе праводзіцца ў іншым фармаце, з новымі конкурсамі і журы. Карэспандэнт «Р» даведалася падрабязнасці ў старшыні ГА «Беларускі саюз архітэктараў» Аляксандра Корбута.

Усе пакаленні натхнёных

За некалькі гадзін да маштабнага старту фестывалю ў Доме архітэктараў ідзе апошняя падрыхтоўка, з залаў чую: «Гэта будзе стаяць тут… Усе павінны бачыць, мець доступ да работ канкурсантаў». Аляксандр Корбут адводзіць нас у канферэнц-залу, каб у спакойнай абстаноўцы расказаць, чым адрозніваецца гэты фэстываль ад папярэдніх.

Гэта цяпер ён традыцыйны, а пачынаўся з невялікіх конкурсаў. Для дзяцей — «Архітэктура роднага краю вачамі дзяцей», для выпускнікоў вузаў — конкурсы дыпломных праектаў, для маладых талентаў у архітэктуры — яшчэ адзін, і, вядома ж, для практыкуючых архітэктараў. Першы наш фестываль такога плана прайшоў у Брэсце ў 1999 годзе. У 2003-м ён дапоўніўся папулярным конкурсам — «Леанарда». Гэта мінскае біенале маладых архітэктараў, які праходзіць пад эгідай Міжнароднага саюза архітэктараў (у UIA ўваходзяць дойліды са 130 краін свету) і Міжнароднай асацыяцыі саюзаў архітэктараў (у IAUA ўваходзяць спецыялісты з 13 краін Еўропы і Азіі)

Грамадства, улада, бізнес

— Мы ахопліваем творчасць усіх пакаленняў у нашым прафесійным цэху — гэта асаблівасць фестывалю. Робім гэта для таго, каб і спецыялістаў, якія толькі пачынаюць свой шлях, пахваліць, а яшчэ паказаць лепшыя архітэктурныя праекты і аб’екты Беларусі іншым краінам. У прыватнасці, на якія стылі мы выходзім? Што пабудавана сёння? Што будзе заўтра? Што добра, а што дрэнна? Якія ёсць праблемы ў горадабудаўніцтве?— пералічвае Аляксандр Корбут. — Мэта і задачы любога архітэктара, горадабудаўніка, урбаніста, дызайнера — стварыць камфортнае асяроддзе пражывання чалавека, грамадзяніна. Вядома, многае ўплывае на асяроддзе пражывання, шмат аб’ектыўных і суб’ектыўных фактараў. Але маё меркаванне — архітэктура займае адно з галоўных месцаў у стварэнні гэтага асяроддзя. У ёй нараджаецца новы чалавек, у ёй расце, бачыць прыгажосць вакол і па асабліваму ўспрымае свет.

Фестываль, па словах старшыні саюза, паказвае нам, што ёсць сёння і што будзе. На гэта можна ўплываць, не згаджацца ці ўспрымаць на ўра, выказваць сваё меркаванне. У архітэктуры, безумоўна, шмат асабістага. Камусьці падабаецца стыль хай-тэк, іншаму — неакласіцызм, сталінскі ампір нашага праспекта Незалежнасці. Але сучасная архітэктура можа дагадзіць любому — галоўнае, быць яе партнёрам, гэта значыць, актыўна ўдзельнічаць у станаўленні нашых гарадоў. А чым фестываль не падстава наўпрост сустрэцца з архітэктарамі і ацаніць іх праекты?

— 3—5 кастрычніка прой-дзе I Мінскі форум «Трыалог»: грамадства — улада — бізнес, будучыня горада». Як знайсці гармонію паміж гэтымі трыма сіламі, як сумясціць іх інтарэсы? У канчатковым выніку, калі будзе партнёрства сярод іх, то гарады атрымаюць якасны прадукт — асяроддзе пражывання чалавека, у якім будзе прыемна знаходзіцца ўсім, — узнімае важную тэму Аляксандр Корбут. — Што такое зараз архітэктура, што такое горадабудаўніцтва? Гэта найважнейшыя рашэнні ў фінансавых, культурных і нават міграцыйных плынях.

Цяжка выдзеліць самае важнае мерапрыемства ўсяго фестывалю. Паверце, знойдзецца цікавае для ўсіх узростаў.
Фота  БЕЛТА

Што тычыцца канкрэтна развіцця Мінска, то, вядома, яму таксама будзе прысвечана шмат часу.

— У нас ёсць некаторыя моманты няправільнага рашэння забудовы Мінска ў архітэктуры. Але ёсць таксама шмат таго, чым можам ганарыцца. І тое, што ў фестывалі бяруць удзел сотні архітэктараў, перамагаюць у конкурсах — гэта велізарны штуршок і для іншых. На пераможцаў нашых конкурсаў раўняюцца. Гэта тая планка, ступень, якую на нашай прафесійнай ніве хочуць дасягнуць. Фестываль аказвае вялікі ўплыў на архітэктуру, — кажа старшыня БСА. — Свет змяніўся. Цяперашняму чалавеку, каб паглядзець архітэктуру любой краіны, трэба ўсяго толькі зайсці ў інтэрнэт. Пры гэтым дзіўна: мы не ведаем, што ствараецца калегамі. Раней былі сумесныя абмеркаванні архітэктараў. Зараз гэта знікла. Камерцыялізацыя выдаліла абмен вопытам, яна імкнецца знішчыць мастацтва, хоча пера-тварыць архітэктуру ў пасрэдную тыпавую штампоўку. Наш фестываль гэта выпраўляе. Акрамя гэтага, мы сочым за тымі, хто перамагаў у нашых конкурсах — як яны развіваюцца.

Але меркаванняў чакаюць і ад нас, простых грамадзян, якія не звязаны прафесійна з архітэктурай. Нам вырашаць, дзе жыць, як жыць і ў якой абстаноўцы.

Конкурсных праектаў фестывалю, на жаль, мы не ўбачылі. Цяпер праходзіць толькі падача заявак. Да 25 верасня прымаюцца працы на «Леанарда», да 15 кастрычніка — ад вопытных архітэктараў. У свабодным доступе мы зможам іх убачыць у Доме архітэктара. Міжнароднае журы з Украіны, Расіі, Літвы, Латвіі, Славеніі, Аўстрыі і іншых краін таксама ацэніць праекты архітэктурнай сучаснасці і будучыні. Важны момант: упершыню да нас прыязджае ў якасці члена журы конкурсу «Леанарда» прэзідэнт Міжнароднага саюза архітэктараў Томас Ванье!

Праграма мерапрыемства шырокая. Пройдуць такія конкурсы, як «XIX Рэспубліканскі конкурс на лепшы праект», «Пабудова» і «Публікацыя», «VIII Мінскі міжнародны біенале маладых архітэктараў «Леанарда-2019», Рэспубліканскі конкурс дыпломных праектаў выпускнікоў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных архітэктурных школ Беларусі», «I Рэспубліканскі конкурс архітэктурнага малюнка студэнтаў вышэйшых архітэктурных школ Беларусі»,

«VI Рэспубліканскі мастацкі конкурс дзіцячай творчасці «Архітэктура роднага краю вачыма дзяцей». Кожны дзень усе тры месяцы можна будзе дзівіцца: пройдуць майстар-класы, выставы, воркшопы, секцыі, прэзентацыі, пасяджэнні і «круглыя сталы». Галоўная нагода восенню наведаць фестываль — стаць часткай таго, што нас акружае.


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter