Твор – на сцэне, свята – у душы

П’есы  бабруйчанкi  Нiны  Вiленчык  iдуць  у  тэатрах  нашай  рэспублiкi,  Латвii,  Расii.

П’есы  бабруйчанкi  Нiны  Вiленчык  iдуць  у  тэатрах  нашай  рэспублiкi,  Латвii,  Расii 

— Нiна Львоўна, — спытаў я, — як i калi паклiкала вас драматургiя? 

— Самае цiкавае, што я музыкант па прафесii, але iграла... на сцэне гарадскога народнага тэатра. Два дзесяткi гадоў аддала яму. Мы ставiлi п’есы беларускiх i iншых аўтараў. Даволi прафесiйна гэта атрымлiвалася. Выступалi са спектаклямi ў Бабруйску, гастралявалi па iншых гарадах. З многiмi рэжысёрамi працавала. Нярэдка сама бралася за пяро. Пiсала iнсцэнiроўкi. 

Аднойчы роля, якую iграла ў п’есе Шабана «Пiсягi», быццам напалам мяне рассекла: я i вырашыла заняцца ўсур’ёз драматургiяй. Такая цяга з’явiлася. Устаю ранкам — за пяро, вечарам — таксама за яго. I адчула: нешта ў мяне атрымлiваецца. Галоўнае, як зразумела, навучыцца ствараць дыялогi, ужываць гутарковую мову. Дзiцячая тэматыка мне была болей даспадобы. «Волю каралю», «Крыштальная крынiчка» — мае першыя вартыя ўвагi п’есы. На рэспублiканскiм конкурсе п’ес для тэатра «Чалавек i грамадства», якi праводзiўся ў 2003 го­дзе, гэтыя творы былi адзначаны заахвочвальным прызам. Тады я блiжэй пазнаёмiлася з вядомымi беларускiмi драматургамi Марчуком, Паповай i iншымi, што з’я­вiлася дадатковым стымулам у маёй творчасцi. 

— Напiсаць п’есу — гэта адно. А вось як паставiць яе на сцэне? 

— Так, гэта няпроста. Я, памятаю, у Бабруйскiм тэатры прапанавала адну са сваiх п’ес. А мне кажуць: «Шукайце 5 тысяч долараў ЗША на пастаноўку». А дзе iх узяць? Вырашыла: дастану, i пачала звяртацца да людзей заможных. Аднак не надта хто iшоў насустрач... Затое другая спроба аказалася больш удалай: мая п’еса прайшла на сцэне. Якое гэта незабыўнае пачуццё для аўтара! 

Першы камень у фундамент маёй драматургiчнай дзейнасцi быў закладзены. I я з большым запалам узялася за справу. Неўзабаве з-пад пяра выйшла яшчэ некалькi п’ес. Асаблiвы поспех выпаў на долю «Мароза Iванавiча». Спачатку яго ставiлi ў Бабруйскiм, затым Гро­дзенскiм тэатры. А неўзабаве яна перасекла i межы рэспуб­лiкi. Яе ўбачылi гледачы латвiй­скага Рэзэкне, расiйскага Мiчу­рынска (дарэчы, на мiжрэгiя­нальным конкурсе пазалетась заняла першае месца), iншых гарадоў. 

— Ну i як лiчыце, ужо цалкам «ураслi» ў драматургiю? 

— Не ведаю што i сказаць, але мне хочацца тварыць, прыдумляць займальныя сюжэты, паказваць неардынарных герояў. Каб выклiкаць цiкавасць гледачоў, каб на мае творы iшлi. Я шмат чытаю класiкi, сучасных аўтараў. Чытаю i перачытваю. Вучуся на лепшых творах. I ўсё больш углядаюся ў свае, крытычна пераасэнсоўваю. Да «свяцiлаў» драматургii мне далёка, але буду заваёўваць iмя! 

 Нiна Львоўна, ну i традыцыйнае: над чым працуеце, якiмi навiнкамi парадуеце ў блiжэйшы час? 

— Па-ранейшаму мяне прыцягвае дiцячая тэматыка, напiсала больш за паўсотнi п’ес. Зусiм свежанькая — «Каралева Ксюха». Гэта як бы сучасная казка: дачка бiзнесмена, «крутога» таты, над якой «шэфствуе» гувернантка, па сутнасцi, застаецца адзiнокай. Цi ж так павiнна быць! 

Пра пастаноўку «Ксюхi» на сцэне ёсць папярэдняя дамоўленасць з кiраўнiцтвам Бабруйскага тэатра, ацанiў твор рэжысёр Сяргей Карбоўскi. Па­глядзiм, як далей будзе. Спа­дзяюся, усё вырашыцца добра. А калi твор — на сцэне, свята — у душы, весялей бярэшся за справу. 

Яшчэ працую над п’есай для дарослых пад назвай «Я не ўвайду ў твой лёс». Яна нечым нагадвае еўрыпiдаўскую «Медэю», але з гэткiм сучасным адценнем. Спяшацца выносiць на суд гледача не буду — пакуль не адтачу як след, не прапушчу праз душу i сэрца. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter