
Вакол Заслаўя раскiнулiся палеткi, што належаць аддзяленню племптушказавода «Беларускi» ААТ «Першая мiнская птушкафабрыка». Тут вырошчваюць жыта i пшанiцу, ячмень i рапс. Большасць прадукцыi выкарыстоўваецца для кармлення жывёл, частка пакiдаецца на насенне. Збожжаток вiдаць здалёк дзякуючы чатыром агромнiстым бункерам, а дакладней сiласам, у якiх захоўваецца збожжа. Кожны з iх змяшчае да 2000 тон. Але перш чым яно трапiць туды, павiнна быць высушана да патрэбнай кандыцыi.
Куды нi глянь — на ўсёй вялiкай тэрыторыi збожжатока ўзвышаюцца горы i курганы збожжа. Яно толькi што прыехала з палеткаў, а цяпер чакае адпраўкi ў зернесушыльнi, якiх тут дзве. Сонца ў зенiце, вельмi горача i суха, бадзёры ветрык ганяе пыл i шалупiнне.
— Абследаванне збожжатока праводзiм абавязкова ў прысутнасцi кiраўнiцтва, — тлумачыць Аляксей Войцiк, першы намеснiк начальнiка Мiнскага РАНС. — У першую чаргу звяртаем увагу на супрацьпажарны рэжым, забяспечанасць першаснымi сродкамi пажаратушэння.

Чырвоны шчыт на невялiкай пабудове ў цэнтры двара вiдаць здалёк. На iм вiсяць сякера, рыдлёўка, багор, граблi, вядро з конусападобным дном, стаяць два вогнетушыцелi. Адзiн з iх Аляксею Уладзiмiравiчу не падабаецца: на iм разбiты манометр. Вогнетушыцель адразу ж замяняюць — рэзерв маецца. Правяраем таксама, цi ёсць пясок у спецыяльнай скрынi. Ён неабходны, каб хутка засыпаць пацёкi масла, гаручых вадкасцей. Тут жа тэхнiка працуе, усё можа быць…
Аляксей Войцiк экзаменуе аднаго з рабочых: той паказвае, як карыстацца вогнетушыцелем, расказвае, як можна тушыць электраўстаноўкi пад напружаннем.
На збожжатоках абавязкова павiнен быць запас вады. Зараз паглядзiм, у якiм стане рэзервуар, цi запоўнены ён вадой, цi ёсць магчымасць бесперашкодна пад’ехаць вялiзнай пажарнай машыне. Пакуль iдзём да рэзервуараў, ратавальнiк звяртае маю ўвагу на тэрыторыю: усюды павiнна быць чыста, i гэта не капрыз, а неабходнасць. Смецце, сухая трава ствараюць гаручае асяроддзе, якое спрыяе распаўсюджванню агню.
Што ж, супрацьпажарнае водазабеспячэнне тут не выклiкае нараканняў: два рэзервуары, кожны з якiх месцiць па 25 тон, запоўнены вадой да самай гарлавiны. Калi што, шукаць доўга не давядзецца: на плоце вялiкiмi лiтарамi напiсана ПР.
У складскiх будынках супрацоўнiкi МНС правяраюць стан электраправодкi, сочаць, каб там не выкарыстоўвалiся самаробныя электрапрыборы, а ўсе лямпачкi хавалiся ў плафоны.
Сапраўднае сэрца збожжатока — сушыльны комплекс. Тут нам трэба ацанiць стан электрычнага абсталявання:
— Кожны агрэгат павiнен мець ахоўны кажух. Правады неабходна добра замацаваць, каб яны не матляліся, iнакш можа пашкодзiцца iзаляцыя. Трэба штодня ачышчаць сушыльны комплекс ад пылу i шалупiння, якiя могуць стаць крынiцай распаўсюджвання агню.

Усе аўтаматычныя працэсы, у тым лiку загрузка сушыльнi збожжам, давядзенне да вызначанай тэмпературы, кантралююцца з аператарскай. Там Аляксей Войцiк заўважае, што корпус электрычнай разеткi разбiты на тры гнязды:
— Неабходна замянiць! У найкарацейшы тэрмiн!
Але ў цэлым вынiкамi агляду ён задаволены:
— Вiдаць, што тут адказна ставяцца да правiлаў пажарнай бяспекi. Выяўленыя парушэннi нязначныя i лiтаральна адразу ж лiквiдаваны. Цi не будзе пакарання? Не. Наша задача не пакараць, а папярэдзiць!
Дарэчы, само зерне гарыць не надта iнтэнсiўна. Iншая справа — сена i салома. Яны могуць успыхнуць нават самi па сабе, калi сцiрта дрэнна прасушана:
— Пры складзiраваннi грубых кармоў на полi ёсць шэраг патрабаванняў. Так, адлегласць ад сцiрты да лiнiй электраперадач павiнна заставацца не меншай за 15 метраў, ад дарогi — не меншай за 20, адна ад другой — як мiнiмум 30 метраў. Сцiрты абавязкова трэба абараць на адлегласцi 5 метраў, а ўзараная паласа не можа быць вузейшай за 4 метры. Складана? Магчыма, але гэтыя патрабаваннi прадыктаваны горкiм вопытам. Сцiрту саломы не так проста патушыць!
КАМПЕТЭНТНА
Сяргей ЛАПАНОВIЧ, начальнiк Мiнскага абласнога ўпраўлення МНС:

Хочацца папрасiць бацькоў кантраляваць вольны час сваiх дзяцей, не дапускаць iх гульняў у месцах складзiравання сена i саломы. Дзiцячае свавольства з агнём не раз станавiлася прычынай пажараў, падчас якiх у велiзарных колькасцях знiшчалiся вынікі працы земляробаў i наносiлася iстотная шкода гаспадаркам.
Яшчэ адной недарэчнай прычынай пажараў у месцах захоўвання ўраджаю з’яўляецца курэнне. Грамадзяне могуць нават i не даведацца, што менавiта iх недакурак, выкiнуты ў поле праз акно аўтамабiля ў пажаранебяспечны перыяд, стаў прычынай вялiкага агню.
З пачатку 2020 года, а ў большай ступенi ў час уборачнай, на тэрыторыi Мiнскай вобласцi зарэгiстраваны 41 пажар у месцах захавання грубых кармоў. 12 з iх адбылiся за апошнi тыдзень.
Да прыкладу: 13 жнiўня ўспыхнуў агонь на складзе грубых кармоў у вёсцы Вязынка Дзяржынскага раёна. У вынiку склад, а таксама 5 сцiртаў саломы (300 тон), размешчаных паблiзу будынка, згарэлi. На распаўсюджванню агню паўплывала адсутнасць супрацьпажарнага разрыву: адлегласць памiж сцiртамi была толькi 5 метраў, а не 30.
Усяго ў вобласцi 528 аб’ектаў нарыхтоўкi, перапрацоўкi i захавання грубых кармоў. Усе яны былi правераны перед пачаткам жнiва, зараз 187 з iх абследавана паўторна.
Падчас рэйдавых мерапрыемстваў выяўлена 55 фактаў неадпаведнасцi адлегласцей ад месцаў складзiравання да дарог, лiнiй электраперадачы, лясоў, будынкаў. У 31 выпадку адсутнiчалi першасныя сродкi пажаратушэння. 24 парушэннi звязаны з тым, што на аб’екты мелi доступ староннiя асобы.
У вобласцi знаходзiцца 2107 аб’ектаў, задзейнiчаных ва ўборцы ўраджаю: збожжатокаў, збожжасушыльных комплексаў, збожжаскладоў. Па вынiках праверак, манiторынгаў, рэйдаў да выканання прапанавана 1866 мерапрыемстваў. Сярод сур’ёзных парушэнняў — адсутнасць пажарнага водазабеспячэння i спраўнай пажарнай аўтаматыкi, а таксама вогнетушыцеляў.
nevmer@sb.by