Тут словы паўстануць, як вежы. 4 верасня старажытны Камянец будзе вiтаць Дзень беларускай пiсьменнасцi

Чым адметны гэты куточак берасцейскай зямлi, пытаецеся? Найгалоўная, мабыць, яго выдатнасць — людзi i камянi. Спрадвек так павялося. Яшчэ з тых часоў, калi далёкiя нашы прашчуры камянi лiчылi жывымi iстотамi i думалi, што яны, як i людзi, здольныя жыць i размнажацца. А таму нiчога благога камяням не рабiлi ды нават абагаўлялi тыя, што вылучалiся сваёй велiзарнасцю.

Адзiн з такiх камянёў, сцвярджае легенда аб паходжаннi горада, ляжаў колiсь у межах сённяшняга Камянца. Людзi з навакольных вёсак прыходзiлi да яго аб нечым параiцца цi папрасiць — звычайна, калi не хапала хлеба. Тады звярталiся цiхенька: камень-камянец, дай мне на заўтра хлябец, цяжка стала жыць — дзяцей няма чым кармiць. I бохан-другi пад ранiцу на камянi з’яўляўся. Але аднойчы прыйшоў сюды злы знахар, якi не мог прымiрыцца з тым, што ўсiм камень дапамагае, акрамя яго, i мовiў: камень-камянiска, аддай сваё залацiска — яно ў цябе ляжыць, а мне будзе добра жыць. Абурыўся на гэта камень, дый правалiўся разам са знахарам, а ранiцай людзi знайшлi тут толькi калодзеж са сцюдзёнаю вадой...
Упершыню райцэнтр згадваецца ў Iпацьеўскiм летапiсе: “Сруби Берестье и за Берестьем сруби город... Каменец созждажь е в нем столп камен... подобен удивлению всем зрящим нань”. З 1276 года адлiчвае вяхi сваёй слаўнай гiсторыi Камянецкi столп, выдатны помнiк абарончага дойлiдства. Памятае i набегi тэўтонцаў, i баi польскiх ды лiтоўскiх ваяроў, i дзве айчынныя вайны. I доўга яшчэ будзе стаяць непарушным увасабленнем майстэрства рук, што яго стварылi.
Сама вежа акурат у першую вераснёўскую нядзелю расчынiць дзверы для наведвальнiкаў пасля працяглай рэканструкцыi i на ўсiх чатырох ярусах прапануе экспазiцыю, прысвечаную гiсторыi гэтага самабытнага краю. А плошча ля яе падножжа стане галоўнаю пляцоўкай свята беларускай духоўнасцi i сабярэ тысячы гасцей i ўдзельнiкаў з усёй краiны.

Сёння горад пакуль што нагадвае суцэльную будоўлю: абнаўляюцца фасады, рамантуюцца дахi, выкладваюцца прыгожай плiткай тратуары, асфальтуюцца дарогi, ставяцца новыя агароджы. Дарэчы, такiх арыгiнальных платоў вы нiдзе больш не ўбачыце — у добрую справу пусцiлi ўсё тыя ж камянi, якiя штогод багатым “ураджаем” з калгасных палеткаў збiраюць, мяркуюць нават на гэтым самабытным багаццi свой камянецкi бiзнес ладзiць.
Дарэчы, аб палетках. На пачатку тыдня хлебаробы раёна аднымi з першых у вобласцi завяршылi жнiво. Уклад у агульны берасцейскi каравай перавысiў 95 тысяч тон. Самы грунтоўны ў рэгiёне, нягледзячы на тое, што плошчы пад збожжам далёка не самыя вялiкiя i не самыя лепшыя. А тлумачыцца ўсё проста — спрадвек на Камянеччыне людзi сваёй працавiтасцю вызначалiся, якая выспявала ў талент.
Гэта тут арэ, сее i жне ўжо амаль паўвеку старшыня СВК “Савецкая Беларусь” двойчы Герой Сацыялiстычнай Працы Уладзiмiр Бядуля. Сюды, у родны “Белавежскi”, вярнуўся са сталiцы Юрый Мароз. Нядоўга ў абласным цэнтры затрымаўся былы эканамiст ААТ “Усход-Камянец” Андрэй Зялёнка — згадзiўся несцi нялёкую старшынёўскую ношу. I на сёлетнiм жнiве iх гаспадаркi лепшымi сталi, атрымаўшы на круг больш як па 40 цэнтнераў збажыны, чацвёртым да кампанii далучылася ААТ “Каленкавiчы”, якое ўзначалвьае Рыгор Клiмук.
Зрэшты, не толькi хлеб тут з натхненнем спрадвек стваралi. Камянеччына — радзiма вядомага асветнiка, публiцыста, палiтыка XVIII стагоддзя Мiхаiла Карповiча, гiсторыка i грамадскага дзеяча, першага прэзiдэнта Акадэмii навук Беларусi Усевалада Iгнатоўскага, драматурга Уладзiмiра Стэльмаха, паэта Васiля Жуковiча, крытыка i лiтаратуразнаўцы, дырэктара Iнстытута лiтаратуры iмя Янкi Купалы Уладзiмiра Гнiламёдава. Гэта ў тутэйшым асяродку Белавежскай пушчы складаў колiсь Мiкола Гусоўскi радкi легендарнай “Песнi пра зубра”. А сёння на сваёй маленькай радзiме шчыруе над чарговым зборнiкам прозы Святлана Курылёва, апявае гэты маляўнiчы край паэтычным радком рэдактар раённай газеты “Навiны Камянеччыны” Нiна Гарагляд. Доўжыць традыцыi духоўнасцi нацыянальнай культуры юнае пакаленне. Гадуе сабе славу на ўвесь свет зямля Камянецкая. I як тут не прыгадаць дзетак з танцавальнага гурта “Непаседы” Расненскага Дома культуры i яго салiстку Сашачку Шкурдода, мiнi-мiс свету пазамiнулага года! Гэта проста трэба бачыць, як цудоўна яны распавядаюць пра Беларусь так выдатна засвоенаю iмi моваю танца.
Так, рознымi мовамi “загучыць” вераснёўскi фэст у Камянцы. Таксама — ткацтва i кавальства, бандарства i ганчарства, пляценне i разьба. I над гэтым усiм шматгалоссем, як вежы, уздымуцца ў неабсяжную прастору мiлагучныя беларускiя словы.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter