Браты Аляксандр і Сяргей Шусцікавы — лепшы маладзёжны экіпаж на жніве ў Слаўгарадскім раёне

«Тут наша радзіма і наш дом»

З палёў краіны ўбраны апошнія каласкі, адшумелі нівы, адгулі камбайны. Час падводзіць вынікі, падлічваць ураджаі, планаваць новы сельгассезон. І вядома, добрым словам, каштоўным падарункам, грашовай прэміяй адзначыць тых, хто шчыраваў на ніве. У аграгарадку Ржаўка Слаўгарадскага раёна якраз і жывуць такія рупліўцы.

Найбольшымі намалотамі ў ААТ «Прывольны агра» славіцца тандэм братоў Шусцікавых. Унушальна выглядаюць іх вынікі і на фоне раённага спаборніцтва: хлопцы намалацілі больш за 1600 тон збожжа. Так, унёсак аднаго экіпажа ва ўсебеларускі 11-мільённы каравай можа падацца мізэрным, але гэта якраз той выпадак, калі вялікая магутная рака пачынаецца з соцень, а то і тысяч маленькіх ручайкоў. І калі чалавек на сваім месцы робіць важную і патрэбную справу, яна не можа быць незаўважнай.

Адкуль на стале з'яўляецца той самы каравай, браты ведаюць з дзяцінства. Першыя тоны намалацілі разам з бацькам:

— Калі былі падлеткамі, тата кожны сезон садзіўся за руль камбайна. З 15 гадоў з братам дапамагалі яму ў час жніва. Мне такі занятак прыйшоўся да душы. Таму, калі надарылася магчымасць, вырашыў паспрабаваць самастойна папрацаваць на камбайне, — расказвае Аляксандр.

Аляксандр старэйшы не толькі ў сям'і, але і ў экіпажы. Адчуваецца, што ў тандэме ён лідар. Нават у размове бярэ ініцыятыву ў свае рукі. Пасля школы ён скончыў дзяржаўны прафесійны політэхнічны ліцэй. Калі паўстала пытанне, дзе пачынаць працоўны шлях, доўга не думаў, дакладна ведаў, што звяжа сваю будучыню з вёскай. «Прывольны агра» прывабіў добрымі заробкамі і прафесійным калектывам.

— Як бы дзіўна гэта ні гучала з вуснаў маладога хлопца, але мне вельмі падабаецца працаваць у сельскай гаспадарцы. Па-за жнівом працую на трактары МТЗ-3022 з сеялкай. Таму для мяне год выглядае прыкладна так: пасеяў — убраў — пасеяў — давёў да ладу тэхніку і зноў сееш. Ні з чым не параўнаць тое захапленне, калі бачыш канкрэтны вынік сваёй дзейнасці, — адзначае Аляксандр. — Пачынаў у іншай гаспадарцы, але пасля перайшоў у «Прывольны агра». Тут радзіма, тут нам з жонкай выдзелілі дом. Усё склалася так, як трэба.

Калі сярэднюю спецыяльную адукацыю атрымаў і малодшы Сяргей, то вырашыў пайсці па братавым шляху і размеркаваўся ў гаспадарку токарам.

Аляксандр і Сяргей выраслі ў вёсцы, таму сядзець без справы не прывыклі. Атрымаўшы адабрэнне родных, вырашылі паспрабаваць сілы на жніве. Зараз, нягледзячы на малады ўзрост, яны ўжо вопытныя камбайнеры.

Аляксандр адзначае, што ўзяў брата ў памочнікі зусім не для таго, каб усе заробленыя грошы засталіся ў сям'і. Проста з дзяцінства яны заўсёды разам. Брату ён давярае, як самому сабе:

— На Сяргея магу пакласціся. Свае абавязкі ён ведае дакладна. Раніцай рыхтуе камбайн да выхаду ў поле, а пасля, калі трэба, дапамагае, а калі трэба — не перашкаджае. Па-свойску магу часам і прыкрыкнуць на яго, — жартуе Аляксандр. — Пакуль працуем, размаўляем пра жыццё. Я чалавек сямейны, а брата, бывае, пасля працоўнага дня адпускаю раней.

Сёлетнюю ўборачную Шусцікавы ацэньваюць станоўча:

— Гэта наша пятае жніво. Працуем на айчынным камбайне КЗС-1218, ён у нас ужо ветэран, дванаццаты сезон адбыў. Усё прайшло выдатна, не ўзнікала ніякіх праблем. Не было і сур'ёзных паломак. Таму ўдалося паказаць лепшы за ўсе гады вынік! Сваёй працай задаволены. Намалоты добрыя, а калі ёсць, што ўбіраць, і працуеш з ахвотай!
Высакакласную працу маладых камбайнераў адпаведна ацанілі ў гаспадарцы. Жніво доўжылася крыху больш за месяц. За гэты перыяд Аляксандр зарабіў 4300 рублёў, Сяргей як другі камбайнер атрымаў 3200. Для параўнання: сярэдні веснавы заробак старэйшага з братоў, які ў гэты час задзейнічаны на пасяўной, у паўтары разы меншы.
На пытанне, куды патраціць грошы, Аляксандр адказвае сціпла:

— Пакуль не ведаю. Напэўна, на паўсядзённыя выдаткі. Летні заробак — добрая падмога.

І гэта зразумела. У свае 25 гадоў малады чалавек паспеў абзавесціся сям'ёй. Жонка Валянціна таксама працуе ў гэтай жа гаспадарцы, даглядае цялят. Калісьці яна падтрымала рашэнне мужа жыць і працаваць у вёсцы. Сёння Шусцікавы ў аграгарадку ўюць сваё сямейнае гняздо, шчыруюць і гадуюць сына Максіма.

Сяргей пакуль уласную сям'ю не стварыў, жыве з бацькамі. Таму заробленыя грошы стануць добрым унёскам у сямейны бюджэт.

Як прадстаўнікі сучаснага маладога пакалення сельскіх жыхароў браты Шусцікавы падзяліліся сваімі думкамі, пра жыццё беларускай вёскі:

— Не падтрымліваем меркаванне, што ў вёсцы ўсё дрэнна. Нас не пужае слабая інфраструктура ці яшчэ нейкія праблемы. Ніколі не ўяўлялі свайго жыцця ў горадзе. Тут наша радзіма.

Аляксандр дадае — у вёсцы не бывае сумна:

— Тут непаўторная прырода! А ў вольны час, хоць у аграрыяў яго і няшмат, можна з'ездзіць у горад, пападарожнічаць або правесці час з дзіцём.

Такія разважанні даюць падставу паважаць маладых камбайнераў не толькі як адказных працаўнікоў, але і як асоб з уласнымі поглядамі на жыццё.

Сакрэт поспеху братоў Шусцікавых просты і даступны для кожнага: галоўнае ў любой прафесіі — добра рабіць сваю справу. Толькі так можна дабіцца высокіх вынікаў, зарабіць грошай і будаваць будучае, аб якім марыў.

КАМПЕТЭНТНА

Як адзначыў дырэктар ААТ «Прывольны агра» Аляксандр Кухараў, сёлетнюю ўборачную кампанію можна назваць пазітыўнай:

— У засекі засыпалі 4700 тон збожжа. Гэта не рэкорд для нас, але вынік нядрэнны. Валавы збор у параўнанні з мінулым годам павысіўся ў паўтара раза. Тэхніка ў нас не новая, камбайнам, якія былі зайдзейнічаны на ўборцы, больш за дзесяць гадоў. Нягледзячы на гэта, абышліся сваімі сіламі. Экіпаж Шусцікавых годна справіўся з пастаўленымі задачамі, па намалотах і якасці ўборкі хлопцы не ўступілі больш вопытным калегам. Можна сказаць, што за імі будучыня нашай гаспадаркі. Сёння ў вёсцы вельмі не хапае маладых, ініцыятыўных, адказных.

Алёна КУХАРАВА, студэнтка факультэта журналістыкі БДУ.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter