Тут наша месца на зямлі

СЁННЯ ў прасторным доме воранаўскага фермера Андрэя ДАРНЯКА адзначаюць дзень нараджэння малодшага сына Яраслава, што вучыцца на чацвёртым курсе Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта. Хутка сесія, трэба рыхтавацца, але ўсё ж гэтыя выхадныя Яраслаў правядзе ў родным доме, дзе прайшло яго дзяцінства. У гэтую глухую невялічкую вёсачку сям’я пераехала напачатку дзевяностых, калі бацьку тут выдзелілі першыя фермерскія гектары. Пясчаныя горкі ды балоцістая нізіна дасталіся Андрэю Дарняку. Гадамі гэтую няўдобіцу ніхто не абрабляў, і, як тады выказаўся Андрэй Канстанцінавіч, толькі зайцы скакалі па бугрыстых выспах. Нават не ўсюды на іх трава расла.

Сапраўдны фермер, як манах, павінен ад усяго адракціся і ведаць толькі сваю справу, лічыць Андрэй Дарняк з Воранаўскага раёна

СЁННЯ ў прасторным доме воранаўскага фермера Андрэя ДАРНЯКА адзначаюць дзень нараджэння малодшага сына Яраслава, што вучыцца на чацвёртым курсе Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта. Хутка сесія, трэба рыхтавацца, але ўсё ж гэтыя выхадныя Яраслаў правядзе ў родным доме, дзе прайшло яго дзяцінства. У гэтую глухую невялічкую вёсачку сям’я пераехала напачатку дзевяностых, калі бацьку тут выдзелілі першыя фермерскія гектары. Пясчаныя горкі ды балоцістая нізіна дасталіся Андрэю Дарняку. Гадамі гэтую няўдобіцу ніхто не абрабляў, і, як тады выказаўся Андрэй Канстанцінавіч, толькі зайцы скакалі па бугрыстых выспах. Нават не ўсюды на іх трава расла.

– АЛЕ І МАЕ прадзеды мелі не лепшыя надзелы. Да сёмага поту шчыравалі на такой зямлі, рукі надрывалі. Тады ж усё ўручную рабілася, механізмаў аніякіх не ведалі, — распавядае Андрэй Дарняк. — Мой дзядуля Сцяфан па мацярынскай лініі яшчэ пры панскай Польшчы збіраў грошы і набываў зямлю, у хлявах трымаў шмат жыўнасці. Сям’ю вялікую меў, і ўсе гаравалі на гэтай гаспадарцы. Але аніякага багацця так і не нажылі. Зямля не надта шчодрая на ўрадлівасць, клопату з ёй шмат было, а вынікі не цешылі. Немалы надзел у пасаг ад бацькоў атрымала мая маці, і разам з бацькам планавалі ўсё сумеснае жыццё гаспадарыць на ім, але пачалася масавая калектывізацыя, і яны ўступілі ў калгас, дзе потым і працавалі. Нядоўгім выдаўся век бацькі, а вось маці падбіраецца да стогадовага юбілею. Жыве ў сям’і малодшай сястры, пастаянна цікавіцца маімі фермерскімі справамі, перажывае за мяне.

Летнім часам Мелання Сцяфанаўна бывае на фермерскім падворку, радуецца прыемным пераменам. Яна добра памятае, як 25 гадоў таму бласлаўляла сына на гаспадаранне. Тады ён вучыў будучых механізатараў у прафтэхвучылішчы, фермерства на Беларусі толькі пачыналася. Загарэўся ідэяй і Андрэй Канстанцінавіч. Калегі адгаворвалі, кіраўніцтва вучылішча не хацела адпускаць высокапрафесіянальнага спецыяліста. Ды і мясцовыя  ўлады тады не надта станоўча ставіліся да гэтай справы. Але дарнякоўскі характар стойкі. Калі надумаў, так і павінна быць. У рэшце рэшт атрымаў дакументы на карыстанне зямлёй за невялічкай вёскай Маркаўшчызна, жыццё ў якой спынялася, ды і навокал пусцелі вёскі. А тыя жыхары, што засталіся, спачувалі рызыкоўнаму смельчаку.

ПАЧЫНАЮЧЫ фермер Дарняк адразу заўзята прыступіў да справы. Разам з жонкай Ірынай Чэславаўнай, якая працавала ў раённым аддзяленні  «Аграпрамбанка», дэталёва распрацавалі бізнес-план, дзе прадугледзелі ўсе  расходы на асноўныя сродкі сельгасвытворчасці. Падалі заяўку на атрыманне дзяржаўнага грашовага крэдыту. Набылі самы неабходны сельскагаспадарчы інвентар, першыя машыны і агрэгаты для апрацоўкі зямлі, жывёлу для развядзення ў фермерскай гаспадарцы, заклалі падмурак сямейнага тыпавога двухпавярховага дома.

Калі настаў час выходзіць у поле, Андрэй Дарняк сам сеў на трактар і пачаў рыхтаваць глебу пад сяўбу збожжавых і пасадку бульбы. Дужы ад прыроды, ён дзень у дзень без перапынку старанна апрацоўваў усё ворыва. Закупіў насенне і засеяў першыя фермерскія гектары. Пакуль з’явіліся ўсходы, Андрэй Канстанцінавіч займаўся ўзвядзеннем дома. Наняў будаўнікоў, тэхніку і даволі хутка белакаменны мур на два паверхі ўпрыгожыў  патрыярхальную вёску. Побач з жылым домам пачалі ўзводзіць гаспадарчыя пабудовы: хлявы для жывёлы, сховішча для сена, высокі навес для машын і агрэгатаў. Выкупіў некалькі пустуючых суседніх сялянскіх дамоў і навёў у іх парадак.

Гледзячы на такую дзейнасць фермера Дарняка, вяскоўцы сталі адчуваць, што на яго можна спадзявацца.

— І не думалі мы, што такі руплівы гаспадар з’явіцца ў нас, — з прыемнасцю адзначаў тады мясцовы пенсіянер Іосіф Хадыч, які раней тут узначальваў калгасную брыгаду. — Ад нашай брыгады засталася толькі  жывёлагадоўчая ферма, ды і то на ёй працуюць людзі з іншых вёсак. У нас тут  толькі пенсіянеры. Андрэй Канстанцінавіч з першага дня клапоціцца пра ўсіх. Каму сенам дапаможа,  каму дровамі на зіму запасціся. Амаль усім з першага года фермерства агароды апрацоўвае, бульбу аплужвае трактарам і ўбіраць дапамагае. Чалавечны ён гаспадар. І мы ў даўгу не застаемся, дапамагаем яму чым можам.

Асабліва ўвосень, калі трэба хутчэй убраць ураджай. Уся вёска шчыруе на фермерскім полі, бульбу, гародніну ўбіраюць, нават жыхары райцэнтра прыязджаюць. Вось толькі не было дзе захоўваць вырашчанае, і фермер вымушаны быў з восені па самых нізкіх цэнах прадаваць прадукцыю, каб маразы не захапілі. Калі з’явіліся першыя прыбыткі, вырашыў збудаваць сваё сховішча для агародніны. Вялікія грошы  пайшлі на гэту будоўлю, але стараўся ўсё рабіць на свае сродкі, без банкаўскіх крэдытаў. І вытрымаў. Ужо некалькі гадоў ёсць магчымасць  паступова рэалізоўваць сваю прадукцыю, што дае дадатковы прыбытак.

— Не пазнаць цяпер першыя мае сто гектараў зямлі, — з гонарам адзначае Андрэй Канстанцінавіч. — За два дзесяцігоддзі я іх так урабіў, акультурыў, што зямля адгукнулася, ураджаі год ад году растуць. Усё гэта стварае настрой, каб яшчэ больш старацца.

БЕЗУМОЎНА, старацца трэба. Усё ўмець і самому рабіць: зямлю араць, жывёлу даглядаць, і нават лячыць яе, калі спатрэбіцца. Любым агрэгатам ці сельгасмашынай кіраваць. Адолеў усё малады, моцны сялянскі сын Андрэй Дарняк, які так прагнуў стаць сапраўдным гаспадаром на зямлі. У той час з шасці тысяч фермерскіх гаспадарак Беларусі на нагах стаяла толькі трэцяя частка. Як ні цяжка было, але ўтрымаўся і воранаўскі фермер Дарняк. Гэта былі нялёгкія гады яго гартавання як гаспадара.

— Андрэй Канстанцінавіч, што дапамагло вам утрымацца?

— Напорыстасць у працы на сваёй гаспадарцы. Як у першыя гады, так і ўвесь час фермеру трэба вырашаць самыя розныя жыццёвыя праблемы, але жаданне працаваць на зямлі яшчэ большае, і ў выніку нешта абавязкова атрымаецца. Вельмі моцна мяне падтрымлівала сям’я. Я займаўся гаспадарчымі справамі, а  састарэлая маці жонкі штодзённа на кухні ўвіхалася. Яна абеды для маіх працаўнікоў пастаянна гатавала. Мужыкі дужыя, трэба было тры разы на дзень карміць. Я ўсіх наёмных рабочых заўжды  карміў бясплатна. Усе прадукты са сваёй гаспадаркі.  

— А ці былі моманты, калі хацелася ўсё кінуць?

— Ды яшчэ колькі было, асабліва напачатку. Розныя праверкі, прыдзіркі з-за дробязей. Было ўсё роўна, што ісці па хуткацечнай рацэ супраць плыні. А калі сыны асэнсавана мяне падтрымалі, то паварот такі ўжо стаў немагчымы. Сучасны свет дыктуе свае ўмовы — новыя тэхналогіі, без якіх не выжыць. Але пры ўсім гэтым быць фермерам, як таму манаху, ад усяго трэба адракціся і ведаць толькі сваю справу. Уставаць, калі яшчэ ўвесь свет спіць, і пазней за ўсіх дамоў вяртацца.

Праз некалькі гадоў фермерства Канстанцін Андрэевіч пашырыў сваю гаспадарку. Рашэннем Воранаўскага райвыканкама яму выдзелілі яшчэ амаль столькі ж  зямлі, што прылягае да яго палёў. Цяжкавата аднаму  ўсё ахапіць, таму Андрэй Канстанцінавіч перадаў частку зямлі старэйшаму сыну Віталіку, і справы пайшлі. Разам апрацоўвалі палі, даглядалі пасевы, планавалі справы  на будучае. Падрастаў малодшы сын Яраслаў, які нарадзіўся на гэтай ферме і з кожным сваім крокам жыў ёю. Усе фермерскія палі, навакольны луг крокамі абмерваў з бацькам. У той год, як нарадзіўся Ярык, каля іх новага дома на электрычным слупе збудавалі гняздо буслы. І дагэтуль кожную вясну вяртаецца сюды птушыная пара.

— Кажуць людзі, што гэтыя птушкі асаблівыя, ад Бога, — выказвае свае думкі гаспадыня падворка Ірына Чэславаўна. — Вельмі хочацца верыць, што яны нашаму Ярыку будуць спрыяць. Я кожны год з нецярпеннем чакаю іх прылёту. Недзе ў цёплых краях зараз зімуюць яны. А вернуцца і як звычайна заклакочуць, вясну прынясуць. Адзін год аж пяць буслянят вывелі, і ўсе выраслі. Той год быў вельмі спрыяльны для нашай гаспадаркі. Ураджай добры сабралі, удала  прадалі, трактар  «МТЗ-82» новы купілі. Няхай бы так і надалей было.

Яраслаў пасля заканчэння сярэдняй школы паступіў на зааінжынерны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага агратэхнічнага ўніверсітэта,  на чацвёртым курсе ўжо. Штогод усе летнія канікулы працуе ў фермерскай гаспадарцы. З малых гадоў ён з братам Віталікам асвоіў усе машыны і агрэгаты. Таму сена касіць, пасевы апрацоўваць, розныя грузы перавозіць — з гэтым яны паспяхова спраўляліся самі. Андрэю Канстанцінавічу добра запомнілася, як старэйшы сын Віталік гаварыў, што, пэўна, ад продкаў перайшло да іх вялікае жаданне мець сваю зямлю. Пасля школы ён закончыў медыцынскае вучылішча, але цяга да гаспадарання пераадолела, і ён пайшоў працаваць да бацькі.

— Калі я атрымаў першыя надзелы зямлі, у мяне было такое адчуванне, што я, нарэшце, знайшоў сваё месца ў жыцці, — гаворыць Андрэй Дарняк. — І сыноў імкнуўся выхоўваць так, каб ім праца была ў радасць. Са школьных гадоў камп’ютарнымі справамі ў нас займаецца Яраслаў. Бухгалтэрыю вядзе жонка, яна прафесіянал у гэтай справе. Ніколі мы не спазняліся з разлікамі па падатках, з наёмнымі рабочымі і партнёрамі па бізнесу. Ніякіх рэкламацый ні ад каго ніколі не мелі. Усё ішло так добра, так гладка. Планавалі побач з маім домам Віталіку дом збудаваць. Яго жонка Ала таксама дапамагала па гаспадарцы. Але страшэнны ўдар ледзь вытрымалі ўсе мы мінулым летам. Сярод белага дня, у не надта глыбокай нашай рачулцы на вачах у родных патануў Віталік. Неба стала чорным для мяне. Думаў, не перажыву. Ні за што не мог ўзяцца. Не памятаю, колькі часу хадзіў як прыглушаны. Старэнькая маці ўстрапянула мяне, сказала, што дзеля памяці сына і той справы, якую ён так любіў, павінен я мацаваць нашу фермерскую гаспадарку. Унучка ж падрастае, і пра яе лёс цяпер нам усім клапаціцца трэба.

З МАЛОДШЫМ сынам Яраславам завяршаў фермер летась сельскагаспадарчы год. Сабралі неблагі ўраджай збожжавых, бульбы, гародніны. Усё быццам паступова стала наладжвацца, балючая рана паціху зацягвацца. Але сёлета не мінула гаспадарку агульная праблема: афрыканская чума ў суседніх раёнах прымусіла знішчыць свінаферму, на якой было каля паўсотні галоў. Абрушыліся ўсе спадзяванні на выручку ад рэалізацыі прадукцыі свінагадоўлі. На рынку ў Лідзе, дзе на працягу многіх гадоў у Дарняка ўжо склалася сваё кола пакупнікоў, свежую свініну з яго фермы разбіралі ўмомант. Паўгода пустуе ўжо фермерскі свінарнік, нерэалізаванымі застаюцца планы па далейшаму развіццю гаспадаркі. А тут яшчэ новая праблема: не паступаюць грошы за раслінаводчую прадукцыю. Сума немалая — амаль трыста мільёнаў рублёў. Больш за сто мільёнаў не пералічвае Лідскі мелькамбінат за прададзенае зерне, і амаль столькі ж павінен Скідальскі цукровы камбінат за пастаўленыя цукровыя буракі. І яшчэ дробных неплацельшчыкаў амаль на сто мільёнаў. Усе абяцаюць пералічыць грошы. Але пакуль ні рубля ў гаспадарку не паступіла. Толькі абяцаннямі і адмахваюцца ўсе ад фермера.

— Гэта трэба вытрымаць, пастарацца неяк выйсці са складанага становішча, — працягвае Андрэй Канстанцінавіч. — Канец года, трэба падсумоўваць вынікі, плаціць падаткі. Вось зараз і мяркуем, якія плацяжы зрабіць у першую чаргу. Усю восень па некалькі разоў на тыдзень вазілі гародніну, бульбу, грэчку на мінскія рынкі, дзе вельмі хутка  ўсё прадавалі, бо высокай цаны не трымаліся. Выручаныя грошы накіроўвалі на самыя неабходныя плацяжы. Трэба ж рыхтавацца да будучай вясны. Запчасткі неабходна закупіць для тэхнікі, паліва назапасіць, неабходную колькасць мінеральных угнаенняў, каб вясной на палях паспець з усім  своечасова справіцца.

— Штодзень наша фермерская скарбонка папаўняецца хоць і не надта вялікай, але стабільнай сумай ад рэалізацыі гародніны, — дадае Ірына Чэславаўна. — Фасуем яе ў невялікія сеткі і самі выязджаем гандляваць. А трэба ж і тут яшчэ ўпраўляцца. Думала, хоць зімой крыху перадыхнем, але не атрымліваецца. Мо, усё неяк наладзіцца, праз год Яраслаў закончыць вучобу і вернецца дамоў, дзе ён ужо зараз паўнапраўны гаспадар.

— Яшчэ летась я перааформіў маю частку фермерскай гаспадаркі на сына. Цяпер я ў яго за кансультанта і памочніка, — адзначае Андрэй Канстанцінавіч. — Сын атрымае вышэйшую адукацыю і будзе працягваць маю справу. Дарэчы, не адзін ён вернецца сюды. Ужо мы знаёмы з яго Ірынай. Яна гарадская, нарадзілася і вырасла ў Гродне, але згодна памяняць асфальт на фермерскую зямлю. Ірына вучыцца на бухгалтара ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце, і яе веды спатрэбяцца ў нашай гаспадарцы. Закончаць вучобу, і адгуляем іх вяселле. Вось такімі клопатамі і жывем зараз.

ХАЙ ЖА не мінае шчасце фермерскі дом на ўскрайку воранаўскай вёскі Маркаўшчызна. Напэўна, гэта лёс — быць фермерам. Лёс сялянскага сына Андрэя Дарняка. Некалькі гадоў таму ён стаў членам сусветнага савета па харчаванні. Сам прынц Уэльскі ўручаў Андрэю Канстанцінавічу ў Турыне памятны знак гэтага савета. У пашане Дарняк і ў роднай Беларусі. Яго гаспадарка не адзін раз прызнавалася лепшай у рэспубліцы. Верыцца, што і малады фермер Яраслаў Дарняк прадоўжыць традыцыі свайго працавітага сялянскага роду, што бацькоўскі лёс назаўсёды стане і яго лёсам.

Уладзімір СУБАТ

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter